Дзея ў аповесці адбываецца ў грамадзе, для грамады, дыялогі гучаць для многіх слухачоў. Тут гутарка, спрэчка, узаемны абмен жартамі, рэплікамі, пакепліваннем адзін з аднаго. У апавядальнай плыні аповесці гэты голас грамады з'яўляецца вядучым, вызначальным.
Назва аповесці «Ніжнія Байдуны» дакладна перадае своеасаблівасць зместу твора. Пісьменнік, схільны да глыбокага псіхалагічнага і маральна-этычнага даследавання і асэнсавання чалавека, на гэты раз даследаваў вёску. Даследаванне адметнае. Хоць, праўда, само слова «даследаванне» сюды неяк быццам і не стасуецца. Хутчэй адчуванне такое, што пісьменнік узнаўляе жыццё. Прычым, узнаўляе яго арганічна знітаваным асобай самога аўтара, які, ведаючы, адчуваючы вёску знутры, глядзіць на яе з пэўнай дыстанцыі, бачыць яе ўсю, успрымае яе арганічна цэласна. Цэласнасць гэта зноў жа вельмі рухомая, зменлівая, рознакаляровая. Мастацкі свет «Ніжніх Байдуноў» — гэта жывы, рэальны, унутрана блізкі аўтару свет, аплоднены паэзіяй мастака. У сваю чаргу рэальны свет арганічна цэласны, пры ўсёй яго адкрытасці перад вялікім жыццём, складаецца як бы са светаў ягоных галоўных герояў, ягоных стваральнікаў. Перад чытачом праходзіць цэлы шэраг вельмі каларытных прадстаўнікоў гэтай паэтычнай краіны, назва якой Ніжнія Байдуны.
Усе яны непаўторныя ў сваёй чалавечай адметнасці, але адзіныя ў сваіх сацыяльных і нацыянальных вытоках і сутнасці. Дарэчы, сацыяльная і нацыянальная абумоўленасць байдунства адчуваецца надзвычай моцна. Само байдунства — не толькі жыццялюбства, весялосць, жарты (хоць гэтыя якасці найбольш вылучаюцца), але і шчырасць, спагадлівасць, дабрыня. Усе гэтыя якасці ў сваім арганічным адзінстве, як цэласнасць і адметнасць характару многіх, грамады, народжаны былі гісторыяй, складаным ХХ стагоддзем. Генетычна вытокі можна шукаць значна далей і глыбей, але менавіта ХХ стагоддзе ўсю сутнасць гісторыі, яе характар як бы сканцэнтравала, завастрыла і вылучыла асабліва выразна. У дадзеным выпадку гэта адносіцца да Ніжніх Байдуноў. А за імі — лёс народа, жыццё пры буржуазнай Польшчы, Вялікая Айчынная вайна, сучаснасць. Мінулае пісьменніка цікавіць толькі ў тым змесце і аб'ёме, у якім яно адбівалася ў свядомасці, псіхалогіі, мове ніжнебайдунцаў. Праўда, у асобных выпадках аўтар дае і пэўныя абагульненні, вытлумачэнні: «Калі разліць на стале трохі вады і, побач, трохі малака, каб гэтыя лужынкі сышліся, мяжу паміж вадой і малаком не правядзеш. Гэта я недзе прачытаў, у нечым разважанні пра этнаграфічныя межы.
У нас, беларусаў, яны размываюцца з пяці бакоў, на стыках з Польшчай, Летувой, Латвіяй, Расеяй і Ўкраінай. А ў сярэдзіне? У нашым заходнім кутку?»
Далей Брыль звяртаецца да гісторыі, звязанай з ягонымі роднымі: «Мая бабуля па маме з пятнаццаці год служыла ў маёнтку пакаёўкай і потым, усё жыццё, будучы праваслаўнай, малілася па каталіцкай кантычцы. Прывучыла да польскіх малітваў і дзеда. Тым больш, што дзеда, яшчэ маладога, паўстанцы восемсот шэсцьдзесят трэцяга года бралі ў абоз і потым ён „адбываў“ пакаянне пры нясвіжскім кляштары, можа, таму, што Ніжнія Байдуны ў паншчыну належалі Радзівілам». Бацька змоладу падаўся на чыгунку, «многа ездзіў па Эўрапейскай Расеі, Украіне, Малдавіі, Закаўказзі, сяк-так далучыўся да расейскай культуры, любоў да яе прышчапіўшы і нам…»
Далей пісьменнік гаворыць пра свой лёс і лёс аднагодкаў: «Ну, а калі ўжо гаварыць пра нас, тое пакаленне „заходнікаў“, чыё маленства і маладосць прыйшліся на міжваеннае дваццацігоддзе пад буржуазнай Польшчай, дык нас тады „размывала“ знутры і школа, і служба ў войску, і турма, і падаткова-шарварковыя сутыкненні з нялепшымі сынамі братняга народа…»
Гэта — як бы гістарычная канспектыўная лінія нацыянальнага «размывання» адной сям'і, якое адбывалася на месцы. Але не менш інтэнсіўна ішло яно і іншымі шляхамі, у адносінах да іншых людзей.
То быў лёс Ніжніх Байдуноў, лёс усяго краю. Лёс гэты адбіўся на народзе, на асобных яго прадстаўніках, сфармаваў іхнюю псіхалогію, жыццёвую філасофію, мову. Гаворка многіх ніжнебайдунцаў перасыпана словамі і выразамі, прынесенымі імі з шырокага свету, з паходаў у далёкія ці больш блізкія краіны.
Прыклады, ужытыя «з натуральнай і шчодрай свабодай» можна прыводзіць і прыводзіць. Ды справа не ў колькасці. За іх моўнай, псіхалагічнай натуральнасцю, побытавай нязмушанасцю выразна акрэсліваюцца сацыяльна-гістарычны змест, уся складанасць, шматбаковая гістарычная абумоўленасць прыватнага чалавечага лёсу, а за ім — лёсу народа. Але пісьменніка гэтая складанасць, драматычнасць чалавечага і народнага лёсу сама па сабе менш за ўсё цікавіць. Гэты драматызм, гэта складанасць успрыняты не непасрэдна, а як бы з пэўнай дыстанцыі, з пэўнай вышыні. Адсюль цэласнасць, арганічнасць мастакоўскага жыцце— і светаўстрымання, адсюль сіла жыццесцвярджальнага пафасу, жыццестваральнай энергіі. Адсюль і прыглушанасць драматызму. Перажыўшы Вялікую Айчынную вайну, народ мае маральнае права дазволіць сабе пасмяяцца над непрыемнасцямі і недарэчнасцямі ранейшымі і пазнейшымі, менш значнымі. Маральнае здароўе, жыццерадаснасць, вялікі запас жыццесцвярджальнай энергіі народжаны гістарычным жыццём народа.
Читать дальше