— Тады вы можаце не здымаць шапку, а вас, шаноўны пане, прашу зняць галаўны ўбор, — пераканаўча сказаў Піліп Піліпавіч.
— Я вам не шаноўны пан, — рэзка адказаў бландзін, але папаху зняў.
— Мы прыйшлі да вас, — зноў пачаў чорны з капой.
— Перш за ўсё — хто гэта мы?
— Мы — новае домакіраўніцтва нашага дома, — са стрыманай лютасцю загаварыў чорны. — Я — Швондзер, яна — Вяземская, ён — таварыш Пяструхін і Жароўкін. І вось мы…
— Гэта вас усялілі ў кватэру Фёдара Паўлавіча Шабліна?
— Нас, — адказаў Швондзер.
— Божа, прапаў Калабухаўскі дом! — адчайна ўсклікнуў Піліп Піліпавіч. — Што ж будзе цяпер з паравым ацяпленнем?
— Вы здзекуецеся, прафесар Прэабражэнскі?
— Чаго вы прыйшлі да мяне? Гаварыце хутчэй, я зараз іду абедаць.
— Мы, кіраўніцтва домам, — з нянавісцю загаварыў Швондзер, — прыйшлі да вас пасля агульнага сходу жыльцоў нашага дома, на якім было пастаўлена пытанне аб ушчыльненні кватэр у доме…
— Хто на кім стаяў? — крыкнуў Піліп Піліпавіч. — Гаварыце ясна і зразумела.
— Пытанне стаяла аб ушчыльненні.
— Хопіць! Я зразумеў! Вам вядома, што пастановай ад 12 гэтага жніўня мая кватэра вызвалена ад розных там ушчыльненняў і перасяленняў?
— Вядома, — адказаў Швондзер, — але агульны сход разгледзеў ваша пытанне і прыйшоў да вываду, што наогул і цалкам вы займаеце лішнюю плошчу. Зусім лішнюю. Вы адзін жывяце ў сямі пакоях.
— Я адзін жыву і працую ў сямі пакоях, — адказаў Піліп Піліпавіч, — і хацеў бы мець восьмы. Ён мне патрэбны на бібліятэку.
Чацвёра аслупянелі.
— Восьмы! Э-хэ-хэ, — прамовіў бландзін без папахі на галаве, — аднак гэта здорава.
— Гэта жахліва! — усклікнуў юнак, які аказаўся жанчынай.
— У мяне прыёмны пакой — заўважце — гэта і бібліятэка, і сталоўка, і мой кабінет — 3. Аглядальная — 4. Аперацыйная — 5. Мая спальня — 6 і пакой прыслугі — 7. Наогул, не хапае… Ды гэта не мае значэння. Мая кватэра недатыкальная, і канец гаворцы. Я магу ісці абедаць?
— Выбачайце, — сказаў чацвёрты, падобны на дужага жука.
— Выбачай, — перабіў яго Швондзер, — вось наконт сталоўкі і аглядальні мы і прыйшлі пагаварыць. Агульны сход просіць вас добраахвотна, у парадку працоўнай дысцыпліны, адмовіцца ад сталоўкі. Сталовак ні ў кога ў Маскве няма.
— Нават у Айседоры Дункан, — звонка крыкнула жанчына.
З Піліпам Піліпавічам нешта здарылася, пасля чаго ягоны твар пяшчотна наліўся чырванню, і ён не вымавіў і гуку, чакаў, што ж будзе далей.
— І ад аглядальні таксама, — працягваў Швондзер, — яе спакойна можна аб'яднаць з кабінетам.
— Угу, — нейкім дзіўным голасам сказаў Піліп Піліпавіч, — а дзе ж мне есці?
— У спальні, — хорам адказалі ўсе чацвёра.
Чырвань Піліпа Піліпавіча набыла шараватае адценне.
— У спальні есці, — загаварыў ён злёгку здушаным голасам, — у аглядальні чытаць, у прыёмным пакоі апранацца, аперыраваць у пакоі ў прыслугі, а ў сталоўцы аглядаць. Магчыма, што Айседора Дункан гэтак і робіць. Можа, яна ў кабінеце абедае, а трусоў рэжа ў ванне. Магчыма. Але я не Айседора Дункан! — раптоўна рыкнуў ён, і барвовасць яго стала жоўтага колеру. — Я буду абедаць у сталоўцы, аперыраваць у аперацыйнай! Перадайце гэта агульнаму сходу, і літасціва прашу вас заняцца сваімі справамі, а мне даць магчымасць есці там, дзе ядуць усе нармальныя людзі, гэта значыць у сталоўцы, а не ў прыхожай альбо ў дзіцячым пакоі.
— Тады, прафесар, улічваючы ваша ўпартае процідзеянне, — сказаў усхваляваны Швондзер, — мы пададзім на вас скаргу ў вышэйшыя інстанцыі.
— Ага, — прамовіў Піліп Піліпавіч, — гэтак, — і голас яго зрабіўся падазрона прыветным, — адну хвілінку папрашу вас пачакаць.
«Во гэта мужык, — з захапленнем думаў сабака, — увесь у мяне. Эх, і цімане ён іх зараз, эх, цімане. Не ведаю яшчэ як, але цапне… Бі іх! Гэтага цыбатага хватануць зараз вышэй халявы бота за падкаленнае сухажылле… р-р-р…»
Піліп Піліпавіч грукнуў, зняў тэлефонную трубку і сказаў у яе вось што:
— Калі ласка… ага… дзякуй вам… Пятра Аляксандравіча папрасіце, калі ласка. Прафесар Праабражэнскі. Пётр Аляксандравіч? Вельмі рады, што застаў вас. Дзякуй вам, здаровы. Пётр Аляксандравіч, ваша аперацыя адмяняецца. Што? Зусім адмяняецца. Гэтак, як і ўсе астатнія аперацыі. А вось чаму: я перастаю працаваць у Маскве і наогул у Расеі… Зараз да мяне прыйшло чацвёра, з іх адна жанчына, пераапранутая ў мужчыну, і двое з рэвальверамі, і тэрарызуюць мяне ў кватэры з мэтай адабраць яе.
— Дазвольце, прафесар, — пачаў Швондзер і змяніўся з твару.
Читать дальше