— Стой, с-скаціна, — крычаў пан, падскокваў у халаце, адзетым у адзін рукаў, і хапаў сабаку за ногі. — Зіна, трымай яго за шкірку, мярзотніка!
— Ба… Бацюшкі, вось дык сабака!
Яшчэ больш адчыніліся дзверы, і ўварвалася яшчэ адна асоба мужчынскага полу ў халаце. Па бітым шкле яна кінулася не да сабакі, а да шафы, адчыніла яе, і ўвесь пакой напоўніў салодкі і рвотны пах. Потым асоба прыціснула сабаку зверху жыватом, у гэты час сабака з задавальненнем цімануў яе вышэй шнуркоў на чаравіку. Асоба вохнула, але не разгубілася. Прытарная вадкасць перацяла сабаку дыханне, у галаве ў яго закружылася, потым ногі адваліліся, і ён паехаў некуды крыва ўбок. «Дзякуй, вядома, — падумаў ён, падаючы проста на вострае шкло. — Бывай, Масква! Не ўбачыць мне болей Чычкіна і пралетарыяў і кракаўскай кілбасы. Іду ў рай за сабачыя пакуты. Браткі жывадзёры, за што ж вы мяне?»
І тут ён зусім паваліўся на бок і здох.
Калі ён прачнуўся, у яго лёгенька кружылася галава і крышку падварочвала ў жываце, а бока быццам і не было, бок прыемна маўчаў. Сабака расплюшчыў левае млявае вока і крайком яго ўбачыў, што ўвесь ён туга забінтаваны ўпоперак бакоў і жывата. «Усё ж адмастачылі, суччыны дзеці, — падумаў млява, — але спрытна, трэба аддаць ім належнае».
— «Ад Севільі да Грэнады… у ціхім прыцемку начэй», — запяваў над ім слабенькі і фальшывы голас.
Сабака здзівіўся, зусім расплюшчыў вочы і ў двух кроках ад сябе ўбачыў мужчынскую нагу на белай табурэтцы. Калашына і падштанікі, а голая галёнка вымазана засохлай крывёй і ёдам.
«Святыя ўгоднікі! — падумаў сабака. — Гэта, выходзіць, яго я куснуў. Мая работа. Ну, зараз будзе лупцаваць!»
— «Р-раздаюцца серэнады, раздаецца звон мячоў!» Ты чаму, валацуга, доктара ўкусіў! Га? Нашто шкло разбіў? Га?
— У-у-у, — жаласліва заскуголіў сабака.
— Ну ладна, апамятаўся і ляжы, балван.
— Як гэта вам удалося, Піліп Піліпавіч, заманіць гэтакага нервовага сабаку? — спытаўся прыемны голас, і трыковая калашына падштанікаў спаўзла ўніз. Запахла тытунём, і ў шафе зазвінелі шклянкі.
— Ласкаю-с. Адзіны сродак, які магчымы ў дачыненні да жывых істот. Тэрорам нічога з жывёлінай не зробіш, на якой бы ступеньцы развіцця яна ні стаяла. Гэта я сцвярджаю і буду сцвярджаць. Яны марна думаюць, што тэрор ім дапаможа. Не-с, не-с, не дапаможа, які б ён ні быў, белы, чырвоны і нават карычневы! Тэрор ушчэнт паралізуе нервовую сістэму. Зіна! Я купіў гэтаму абармоту кракаўскай кілбасы на рубель і сорак капеек. Накармі яго, калі ласка, як перастане выварочваць.
Затрашчалі шкельцы пад венікам, і жаночы голас какетліва прамовіў:
— Кракаўскай! Божа, ды яму абрэзкаў трэба было купіць на дзве грыўні ў мясной. Кракаўскую кілбасу я сама лепш з'ем.
— Толькі паспрабуй! Я табе з'ем! Гэта атрута не на чалавечы страўнік. Дарослая дзяўчына, а, як дзіця, цягнеш у рот усякую брыдоту. Не смець! Папярэджваю: ні я, ні доктар Барменталь не будзем цябе лячыць, калі схопіць жывот… «Усіх, хто скажа, што другая тут зраўняецца з табой…»
Мякенькія дробныя званочкі ў гэты час сыпаліся па ўсёй кватэры, а здалёк з прыхожай час ад часу чуліся галасы. Звінеў тэлефон. Зіна знікла.
Піліп Піліпавіч кінуў недакурак папяросы ў вядро, зашпіліў халат, перад люстэркам на сцяне разгладзіў пушыстыя вусы і паклікаў сабаку:
— Фіць, фіць. Ну, нічога. Пайшлі сустракаць.
Сабака стаў на слабыя ногі, пахістаўся і падрыжаў, але хутка ачомаўся і пайшоў услед за белай палой Піліпа Піліпавіча, якая махалася ад хуткай хады. Зноў сабака прайшоў па вузкім калідоры, але цяпер угледзеў, што ён асветлены ярка зверху. Адчыніліся лакіраваныя дзверы, і ён зайшоў у кабінет Піліпа Піліпавіча, і той асляпіў сабаку сваім багаццем. Найперш ён увесь патанаў у святле: гарэла пад ляпной столлю, гарэла на стале, гарэла на сцяне, у шкле шафаў. Святло залівала безліч прадметаў, і самай цікавай аказалася вялізная сава, якая сядзела на галіне.
— Кладзіся, — загадаў Піліп Піліпавіч.
Супрацьлеглыя разныя дзверы адчыніліся, увайшоў той, пакусаны, які пры яркім святле аказаўся прыгожым, маладым, з вострай бародкай, падаў аркуш паперы і сказаў:
— Былы…
І адразу бясшумна знік, а Піліп Піліпавіч расхінуў полы халата, сеў за вялізны пісьмовы стол і адразу ж зрабіўся надзвычай важны і салідны.
«Не, гэта не лячэбніца, я некуды ў іншае месца трапіў, — спалохана падумаў сабака і прылёг на дывановы ўзор ля цяжкай скураной канапы, — а пра саву гэта мы высветлім…»
Дзверы мякка адчыніліся, і зайшоў нехта, які гэтак уразіў сабаку, што ён аж цяўкнуў, праўда, зусім нясмела…
Читать дальше