— Сюды іх, — драпежна скамандаваў Піліп Піліпавіч. — Доктар Барменталь, прашу вас, пакіньце ікру. І калі хочаце пачуць добрую параду, то наліце не ангельскай, а звычайнай расейскай гарэлкі.
Прыгажун-укушаны — ён быў ужо без халата, у прыстойным чорным касцюме — сцепануў шырокімі плячыма, ветліва ўхмыльнуўся і наліў празрыстай.
— Нова-блаславёная? — пацікавіўся ён.
— Бог з вамі, галубок, — адазваўся гаспадар. — Гэта спірт. Дар'я Пятроўна сама цудоўна робіць гарэлку.
— Не скажыце, Піліп Піліпавіч, усе сцвярджаюць, што даволі прыстойная — 30 градусаў.
— А гарэлка павінна быць 40 градусаў, а не 30, гэта па-першае, — павучальна перабіў Піліп Піліпавіч, — а па-другое — бог ведае чаго яны туды там налілі. Вы можаце сказаць — што ім стукне ў мазгі?
— Усё, што хочаш, — упэўнена сказаў укушаны.
— І я гэтак думаю, — дадаў Піліп Піліпавіч і ўкінуў адным камячком тое, што было ў кілішку, сабе ў горла, — …мм… доктар Барменталь, малю вас, імгненна гэтую штучку, і калі вы скажаце, што гэта… я ваш закляты вораг на ўсё жыццё. «Ад Севільі да Грэнады…»
Сам ён пры гэтых словах падчапіў на шырокі срэбны відэлец нешта падобнае на маленькі чорны хлябок. Укушаны зрабіў тое ж самае. Вочы ў Піліпа Піліпавіча засвяціліся.
— Гэта дрэнна? — спытаўся ён і не пераставаў жаваць. — Дрэнна? Вы адкажыце, шаноўны доктар.
— Гэта непараўнальна, — шчыра адказаў укушаны.
— Яшчэ б не… Заўважце, Іван Арнольдавіч, халоднай стравай і супам закусваюць толькі не дарэзаныя бальшавікамі паны. Чалавек, які хоць крышку паважае сябе, закусвае цёплай стравай. А з маскоўскай гарачай стравы — гэта найлепшая. Калісьці яе цудоўна гатавалі ў Славянскім базары. На, трымай!
— Сабаку ў сталоўцы падкормліваеце, а потым яго адсюль махалам не выпраш.
— Нічога. Прагаладаўся, бедалага. — Піліп Піліпавіч на кончыку відэльца падаў сабаку страву, якую той схапіў спрытна, як фокуснік, і відэлец з грукатам упаў у паласкальніцу.
Потым над талеркамі падымалася пахучая ракамі пара; сабака сядзеў у цяні з выглядам вартавога пры парахавым складзе. А Піліп Піліпавіч заклаў хвост пругкай сурвэткі за каўнер, прапаведаваў:
— Ежа, Іван Арнольдавіч, справа хітрая. Есці трэба ўмець, а ўявіце сабе — большасць людзей наогул не ўмеюць есці. Трэба не толькі ведаць, што можна з'есці, але калі і як. (Піліп Піліпавіч шматзначна патрос лыжкай у паветры.) І пра што ў гэты час гаварыць. Так-с. Калі вы клапоціцеся, каб пераварвалася страва, мая добрая парада — не гаварыце ў час абеду пра бальшавізм і пра медыцыну. І — барані божа — не чытайце ў час абеду савецкіх газет.
— Гм… Дык іншых жа няма.
— Вось ніякіх і не чытайце. Вы знаеце, я правёў 30 назіранняў у сябе ў клініцы. І што ж вы думаеце? Пацыенты, якія не чытаюць газет, адчуваюць сябе цудоўна. А тыя, каго я знарок прымушаў чытаць «Правду», — пачыналі худзець.
— Гм… — зацікаўлена адазваўся ўкушаны. Ён ужо пачырванеў ад віна і ад супу.
— Мала гэтага. Паніжаныя каленныя рэфлексы, дрэнны апетыт, адчуванне прыгнечанасці.
— Вось д'ябал…
— Да-с. Між іншым, што гэта я? Сам жа загаварыў пра медыцыну.
Піліп Піліпавіч адкінуўся, пазваніў, у вішнёвай парцьеры паказалася Зіна. Сабаку перапаў белы і тоўсты кавалак асятрыны, якая яму не спадабалася, а за ім кавалак акрываўленага ростбіфа. Пасля таго, як з'еў яго, сабака адчуў, што хоча спаць і болей не можа глядзець ні на якую ежу. «Дзіўнае адчуванне, — думаў ён, заплюшчваючы ацяжэлыя павекі, — вочы мае не бачылі б ніякай стравы болей. А курыць пасля абеду — гэта глупства».
Сталоўка напоўнілася непрыемным сінім дымам. Сабака драмаў, паклаўшы галаву на пярэднія лапы.
— Сен-Жульен — прыстойнае віно, — чуў скрозь сон сабака, — але ж яго цяпер нідзе няма.
Глухі, ацішаны столлю і дыванамі харал чуўся аднекуль зверху і збоку.
Піліп Піліпавіч пазваніў, і прыйшла Зіна.
— Зінуля, што гэта абазначае?
— Зноў агульны сход сабралі, Піліп Піліпавіч, — адказала Зіна.
— Зноў! — горка ўсклікнуў Піліп Піліпавіч. — Ну цяпер, значыць, пайшло, прапаў Калабухаўскі дом. Давядзецца пераязджаць, але куды — вось пытанне. Усё пойдзе як па пісанаму. Спачатку кожны вечар спевы, потым у адхожых замерзнуць трубы, потым лопне кацёл паравога ацяплення і гэтак далей. Капцы Калабухаву.
— Пакутуе Піліп Піліпавіч, — заўважыла Зіна з усмешкай і панесла гару талерак.
— Ды як жа не пакутаваць? — закрычаў Піліп Піліпавіч. — Гэта ж які дом быў — зразумейце вы!
— Вы занадта скептычна глядзіце на рэчы, Піліп Піліпавіч, — запярэчыў прыгажун-укушаны, — яны цяпер крута перамяніліся.
Читать дальше