— Выбачайце… У мяне няма магчымасці паўтарыць усё, што яны гаварылі. Я не люблю паўтараць глупства. Дастаткова сказаць, што яны прапанавалі адмовіцца мне ад мае аглядальні, а інакш сказаць, прымушаюць мяне аперыраваць вас там, дзе я да гэтага часу рэзаў трусоў. У гэтакіх умовах я не тое што не магу, але і не маю права працаваць. Таму я спыняю дзейнасць, замыкаю кватэру і пераязджаю ў Сочы. Ключы магу перадаць Швондзеру. Няхай ён і аперыруе.
Чацвёра аслупянелі. Снег раставаў у іх на ботах.
— А што зробіш? Мне самому вельмі непрыемна… Як? Э, не, Пётр Аляксандравіч! Э, не. Больш я не згодны. Цярпенне маё лопнула. Гэта ўжо другі выпадак пасля жніўня. Як? Гм… Як хочаце. Хаця б. Але толькі адна ўмова: альбы кім, альбы калі, што хочаце, але каб гэта была такая папера, пры якой не толькі Швондзер, але і ніхто іншы не мог нават падысці да дзвярэй маёй кватэры. Канчатковая папера. Фактычная. Сапраўдная! Браня. Каб маё прозвішча нават і не ўспаміналася. Вядома. Для іх мяне не існуе болей. Так, так. Калі ласка. Кім? Ага… Ну, гэта іншая справа. Ага… Добра. Зараз перадаю трубку. Будзьце ласкавы, — змяіным голасам звярнуўся Піліп Піліпавіч да Швондзера, — зараз з вамі будуць гаварыць.
— Дазвольце, прафесар, — сказаў Швондзер і то ўспыхваў, то патухаў, — вы перакруцілі нашы словы.
— Папрашу вас не смець гэтак гаварыць.
Швондзер разгублена ўзяў трубку і прамовіў:
— Я слухаю. Ага… Старшыня дамкама… Мы ж дзейнічалі па правілах… Дык у прафесара і так выключнае становішча… Мы ведаем пра яго работу… Цэлых пяць пакояў хацелі пакінуць яму… Ну, добра… Калі так… добра…
Зусім чырвоны, ён павесіў трубку і павярнуўся.
«Як апляваў! Ну і мужык! — з захапленнем думаў сабака. — Што ж ён слова гэтакае ведае, ці што? Ну, цяпер можаце мяне біць як хочаце, але я адсюль нікуды не пайду».
Трое з адкрытымі ратамі глядзелі на апляванага Швондзера.
— Гэта ж проста ганьба! — нясмела прамовіў той.
— Калі б зараз была дыскусія, — пачала ўсхвалявана жанчына і загарэлася чырванню, — я даказала б Пятру Аляксандравічу…
— Выбачайце, вы не зараз, спадзяюся, збіраецеся пачаць гэтую дыскусію? — ветліва спытаўся Піліп Піліпавіч.
Вочы ў жанчыны ўспыхнулі.
— Я разумею вашу іронію, прафесар, мы зараз пойдзем… Толькі я як загадчык культаддзела дома…
— За-гад-чыца, — паправіў яе Піліп Піліпавіч.
— Хачу прапанаваць вам, — тут жанчына з-за пазухі дастала некалькі стракатых і мокрых ад снегу часопісаў, — узяць некалькі штук у карысць дзяцей Германіі. Паўрубля за штуку.
— Не, не вазьму, — коратка адказаў Піліп Піліпавіч, скоса паглядзеў на часопісы.
Шчырае здзіўленне адбілася на тварах, а жанчына пакрылася журавінавым налётам.
— Чаму вы адмаўляецеся?
— Не хачу.
— Вы не спачуваеце дзецям Германіі?
— Спачуваю.
— Шкадуеце паўрубля?
— Не.
— Дык чаму ж?
— Не хачу.
Памаўчалі.
— Ведаеце, прафесар, — загаварыла дзяўчына, цяжка ўздыхнула, — каб вы былі не эўрапейскае свяціла і каб за вас не заступаліся самым абуральным чынам (бландзін шмаргануў яе за куртку, але яна адмахнулася) асобы, якіх, я ўпэўнена, мы яшчэ адукуем, вас трэба было б расстраляць.
— А за што? — з цікаўнасцю спытаў Піліп Піліпавіч.
— Вы ненавіснік пралетарыяту! — з гонарам прамовіла жанчына.
— Ага, я не люблю пралетарыяту, — сумна згадзіўся Піліп Піліпавіч і націснуў на кнопку. Дзесьці зазвінела. Адчыніліся дзверы ў калідор.
— Зіна, — крыкнуў Піліп Піліпавіч, — падавай абедаць. Вы дазволіце, панства?
Чацвёра моўчкі выйшлі з кабінета, моўчкі прайшлі праз прыёмную, прыхожы пакой, і чуваць было, як за імі зачыніліся цяжка і зычна ўваходныя дзверы.
Сабака ўстаў на заднія лапы і зрабіў перад Піліпам Піліпавічам нейкі намаз.
На размаляваных райскімі кветкамі талерках з чорнай шырокай палоскай паўз край ляжала нарэзаная тонкімі скрылікамі сёмга, марынаваныя вугры. На цяжкай дошцы кавалак сыру са слязой, а ў срэбнай кадушачцы, абкладзенай снегам, — ікра. Між талерак некалькі тоненькіх кілішачкаў і тры крыштальныя графінчыкі з рознага колеру гарэлкай. Усе гэтыя прадметы памяшчаліся на маленькім мармуровым століку, які ўтульна прысуседзіўся да аграмаднага з разнога дубу буфета, што выпраменьваў букеты шклянога і срэбнага святла. Пасярод пакоя цяжкі, як грабніца, стол, засланы белым абрусам, а на ім два прыборы, сурвэткі, скручаныя, як папскія ціары, і тры цёмныя бутэлькі.
Зіна прынесла срэбнае накрытае блюда, у якім нешта бурчала. Пах ад блюда ішоў гэтакі, што рот сабакі адразу ж напоўніўся слінай. «Сады Семіраміды!» — падумаў ён і заляпаў хвастом па паркеце, як палкай.
Читать дальше