За адно можна было толькі ручацца: у кватэры ў той вечар панавала адна жахлівая цішыня.
Канец аповесці
Ноч у ноч праз дзесяць дзён пасля бітвы ў аглядальні ў кватэры прафесара Праабражэнскага, якая ў Абухавым завулку, ударыў кароткі званок.
— Крымінальная міліцыя і следчы. Адчыніце.
Забегалі крокі, загрукалі, пачалі ўваходзіць, і ў бліскучай ад святла прыёмнай з нанава зашклёнымі шафамі апынулася маса народу. Двое ў міліцэйскай форме, адзін у чорным паліце, з партфелем, зласлівы і белы з твару старшыня Швондзер, юнак-жанчына, швейцар Фёдар, Зіна, Дар'я Пятроўна і напалову адзеты Барменталь, які сарамліва прыкрываў горла без гальштука.
Дзверы з кабінета выпусцілі Піліпа Піліпавіча. Ён выйшаў у знакамітым блакітным халаце, і тут усе маглі пераканацца, што Піліп Піліпавіч намнога палепшаў з выгляду за апошні тыдзень. Той ранейшы, уладарны і энергічны Піліп Піліпавіч, поўны ўсведамлення гонару за самога сябе, выйшаў да начных гасцей і папрасіў прабачэння, што ён у халаце.
— Не бянтэжцеся, прафесар, — няўпэўнена адказаў чалавек у цывільным, потым ён замяўся і загаварыў: — Даволі непрыемна. У нас ёсць ордэр на ператрус у вашай кватэры і, — чалавек коса зірнуў на вусы Піліпа Піліпавіча і дагаварыў, — і арышт у залежнасці ад выніку.
Піліп Піліпавіч прыжмурыўся і спытаўся:
— А згодна якога абвінавачвання, дазвольце запытацца? І хто абвінавачвае?
Чалавек пачухаў шчаку і пачаў вычытваць па паперцы з партфеля:
— Па абвінавачванні Праабражэнскага, Барменталя, Зінаіды Бунінай і Дар'і Івановай у забойстве загадчыка пададдзела ачысткі МКГ Паліграфа Паліграфавіча Шарыкава.
Зінін плач заглушыў ягоныя апошнія словы. Адбыўся рух.
— Нічога я не разумею, — адказаў Піліп Піліпавіч, па-каралеўску перасмыкнуў плячыма, — якога гэта Шарыкава? Ах, вінаваты, гэтага майго сабаку, якога я аперыраваў?
— Даруйце, доктар, не сабаку, а калі ён быў ужо чалавекам. Вось у чым справа.
— Вы маеце на ўвазе, што ён умеў гаварыць? — спытаўся Піліп Піліпавіч. — Але гэта не абазначае, што ён стаў чалавекам. Ды гэта не істотна. Шарык існуе і зараз, і яго ніхто не забіваў.
— Прафесар, — здзіўлена загаварыў чорны чалавек і падняў бровы, — тады вам яго трэба паказаць. Дзесяты дзень, як знік, а звесткі, прабачце, нядобрыя.
— Доктар Барменталь, зрабіце ласку, пакажыце Шарыка следчым, — загадаў Піліп Піліпавіч і ўзяў ордэр.
Доктар Барменталь крыва ўсміхнуўся і выйшаў прэч.
Калі ён вярнуўся і свіснуў, следам за ім з кабінета выскачыў дзіўны сабака. Мясцінамі на ім вырасла шэрсць. Выйшаў ён, як вучоны цыркач, на задніх лапах, потым стаў на ўсе чатыры, агледзеўся. Мёртвая цішыня запанавала ў прыёмнай. Жахлівы з выгляду сабака з чырвоным шрамам на лбе зноў стаў на заднія лапы, усміхнуўся і сеў у крэсла.
Другі міліцыянер раптам размашыста перахрысціўся, адступіў назад і адразу адтаптаў Зіне абедзве нагі.
Чалавек у чорным з адкрытым ротам прамовіў:
— Як жа гэта, дазвольце… Ён служыў у ачыстцы…
— Я яго туды не прызначаў, — адказаў Піліп Піліпавіч, — яму пан Швондзер даў рэкамендацыю, калі я не памыляюся.
— Я нічога не разумею, — разгублена сказаў чорны і звярнуўся да першага міліцыянера. — Гэта ён?
— Ён, — амаль нячутна адказаў міліцыянер. — Форменна ён.
— Ён самы, — пачуўся голас Фёдара, — толькі, сволач, зноў аброс.
— Ён жа гаварыў… кхе… кхе…
— І зараз яшчэ гаворыць, толькі ўсё меней і меней, таму карыстайцеся выпадкам, а то хутка ён зусім замоўкне.
— Але чаму? — пацікавіўся чорны чалавек.
Піліп Піліпавіч паціснуў плячыма.
— Навука не ведае яшчэ спосабу ператвараць звяроў у людзей. Вось я паспрабаваў, але няўдала, як бачыце. Пагаварыў і пачаў вяртацца да свайго спрадвечнага стану. Атавізм.
— Непрыстойнымі словамі не выражацца, — раптам гыркнуў сабака з крэсла і ўстаў.
Чорны чалавек раптоўна пабялеў, упусціў партфель і пачаў падаць, міліцыянер падхапіў яго збоку, а Фёдар ззаду. Адбылася валтузня, і сярод яе выразна пачуліся тры фразы:
Піліпа Піліпавіча: — Валяр'янку. Гэта страта прытомнасці.
Доктара Барменталя: — Швондзера я ўласнаручна выкіну з лесвіцы, калі ён яшчэ раз з'явіцца ў кватэры прафесара Праабражэнскага.
І Швондзерава: — Прашу запісаць гэтыя словы ў пратакол.
* * *
Шэрыя гармонікі труб грэлі. Шторы засланілі густую прачысцінскую ноч з яе адзінокай зоркай. Найвышэйшае стварэнне, вялікі сабачы бог сядзеў у крэсле, а сабака Шарык ляжаў на дыване ля скураной канапы. Ад сакавіцкага туману сабаку раніцай мучыў боль у галаве, які расцякаўся кругам па галаўному шву. Але ад цяпла пад вечар боль праходзіў. І зараз рабілася лягчэй, лягчэй, і думкі ў галаве ў сабакі цяклі прыемныя і цёплыя.
Читать дальше