— На паліто згодзяцца, — адказаў Шарыкаў, — з іх вавёрак будуць рабіць на рабочы крэдыт.
Пасля ў кватэры запанавала цішыня, і панавала яна двое сутак. Паліграф Паліграфавіч раніцай ехаў на машыне, з'яўляўся вечарам, ціха вячэраў з Піліпам Піліпавічам і Барменталем.
І хаця Шарыкаў і Барменталь спалі ў адным пакоі — у прыёмным — яны не размаўлялі, таму Барменталь засумаваў першы.
Дні праз два ў кватэры з'явілася худзенькая з падмаляванымі вачыма паненка ў крэмавых панчохах і вельмі збянтэжылася, калі ўгледзела ўсю гэту раскошу ў кватэры. У вынашаным паліто яна ішла ўслед за Шарыкавым. У прыхожым пакоі сустрэлася з прафесарам.
Той аслупянеў, утаропіўся позіркам, прыжмурыўся і спытаўся:
— Дазвольце даведацца?
— Я з ёй распісваюся. Гэта наша машыністка, жыць будзе са мной. Барменталя трэба будзе перасяліць з прыёмнага пакоя. У яго свая кватэра ёсць, — зусім непрыязна і злосна растлумачыў Шарыкаў.
Піліп Піліпавіч падумаў, пакуль глядзеў на пачырванелую паненку, і ветліва запрасіў яе:
— Я вас папрашу на хвілінку да мяне ў кабінет.
— Я з ёй пайду, — хутка і падазрона прамовіў Шарыкаў.
І тут імгненна, быццам з-пад зямлі, вынырнуў Барменталь.
— Прабачце, прафесар пагаворыць з паняй, а мы з вамі пабудзем тут.
— Я не хачу, — злосна адазваўся Шарыкаў і паспрабаваў пайсці ўслед за Піліпам Піліпавічам і паненкай, якая палала ад сораму.
— Не, даруйце, — Барменталь узяў Шарыкава за руку, і яны пайшлі ў аглядальню.
Хвілін пяць у кабінеце было ціха, потым адтуль пачуўся плач дзяўчыны.
Піліп Піліпавіч стаяў ля стала, а паненка плакала ў брудную карункавую хусцінку.
— Ён, нягоднік, сказаў, што паранены ў баях, — плакала наўзрыд паненка.
— Хлусіць, — няўмольна адказаў Піліп Піліпавіч. Ён паківаў галавой і працягваў: — Мне шчыра шкада вас, але ж нельга вось гэтак з першым сустрэчным… толькі з-за службовага становішча… Дзіцятка, гэта ж дрэнна… Вось што… — Ён адчыніў шуфляду пісьмовага стала, дастаў тры паперкі па тры чырвонцы.
— Я атручуся, — плакала паненка, — у сталоўцы саланіна кожны дзень… і пагражае… гаворыць, што ён чырвоны камандзір… са мною, гаворыць, будзеш жыць у раскошнай кватэры… кожны дзень ананасы… псіхіка, кажа, у мяне добрая, толькі катоў ненавіджу. Ён у мяне пярсцёнак узяў на памяць…
— Ну, ну, ну, псіхіка добрая… «От Севильи до Гренады», — мармытаў Піліп Піліпавіч, — трэба пацярпець — вы яшчэ зусім маладая…
— Няўжо ў гэтай самай падваротні?
— Ну, бярыце грошы, калі пазычаюць, — крыкнуў Піліп Піліпавіч.
Потым дзверы адчыніліся, і Барменталь па загаду Піліпа Піліпавіча прывёў Шарыкава. Вочы ў таго бегалі і валасы натапырыліся, як шчотка.
— Нягоднік, — сказала паненка і паблісквала заплаканымі размазанымі вачыма і паласатым напудраным носам.
— Адкуль у вас шрам на лбе, растлумачце гэтай паненцы, — ласкава спытаў Піліп Піліпавіч.
Шарыкаў сыграў нахабна.
— Я на калчакоўскім фронце паранены, — брахнуў ён.
Паненка ўстала і выйшла з плачам.
— Перастаньце, — крыкнуў услед Піліп Піліпавіч, — пачакайце, пярсцёнак давайце, — сказаў ён Шарыкаву.
Той пакорліва зняў з пальца дзьмуты пярсцёнак з ізумрудам.
— Ну, ладна, — раптам злосна сказаў ён, — папомніш ты ў мяне. Заўтра я табе ўстрою скарачэнне штатаў.
— Не бойцеся яго, — крыкнуў услед Барменталь, — я не дам яму нічога зрабіць. — Ён завярнуўся і гэтак паглядзеў на Шарыкава, што той адступіўся і ўдарыўся патыліцай аб шафу.
— Як яе прозвішча? — спытаўся ў яго Барменталь. — Прозвішча! — раўнуў ён і зрабіўся дзікі і страшны.
— Васняцова, — адказаў Шарыкаў, і вочы яго шукалі, куды б схавацца.
— Кожны дзень, — узяўшыся за лацканы Шарыкавай курткі, сказаў Барменталь, — буду даведвацца пра чыстку — ці не скараціў грамадзянку Васняцову. І калі даведаюся, што вы скарацілі, я вас… уласнымі рукамі тут жа і прыстрэлю. Беражыцеся, Шарыкаў, па-расейску вам гавару.
Шарыкаў не адрываўся, глядзеў на барменталеўскі нос.
— У нас у саміх наганы знойдуцца… — прамармытаў Паліграф вяла і раптоўна пырснуў у дзверы.
— Сцеражыся! — пачуўся наўздагон барменталеўскі крык.
Усю ноч і палову наступнага дня вісела, як хмара перад навальніцай, цішыня. Усе маўчалі. Але на наступны дзень, калі Паліграф Паліграфавіч, якога зранку кальнула нядобрае прадчуванне, насуплены паехаў на работу, прафесар Праабражэнскі зусім не ў прызначаны час прыняў аднаго са сваіх пацыентаў, тоўстага і высокага ростам чалавека ў вайсковай форме. Той настойліва дабіваўся спаткання і дабіўся. Ён зайшоў у кабінет і ветліва грукнуў абцасамі.
Читать дальше