— Ну, дзе ён там? Мне тожа касіць трэба.
— Ды чакай ты! У Сібіры не накасіўся! — груба папракнуў яго Снайпер-Іван. — Заб’ем, тады і скосіш.
Яны і яшчэ пасядзелі моўчкі. Напружана ўзіраючыся ў ненавісны падворак, які працягваў мірна спаць. Пэўна, пасьля добрага гасьцяваньня ўвечары. А можа, і ўначы. Але пачынаўся дзень, і ягоныя турботы ўсё болей апаноўвалі людзей. За парканамі суседніх падворкаў замільгалі жаночыя хусткі — гаспадыні распачыналі ранішнюю дойку, выглядвалі на вуліцу, калі пачнуць выганяць на пасту. Дбайна абскубваючы падплоцьце, да мужчын паволі набліжалася памаўзьлівая Баранішына каза. За ёй паявіліся на вуліцы тры хлапчукі, — зь цікаўнасьці да таго, што тут мела адбыцца. Паселі непадалёк пад плотам, моўчкі пазіраючы на мужчын.
— Ну, што ён там так доўга! — занепакоіўся і Ляплеўскі. — Хіба дняваць будзе?
— А можа, ён агародамі? Струсіць — па вуліцы, — памеркаваў Саўчанка.
— Дагонім! I ногі паламаем.
— Ну-ну.
Яшчэ пасядзелі колькі часу. Нарэшце, Саўчанка ўстаў з канавы.
— Ды ну яго ў дупу! Пайду касіць…
— Дрэйфіш? — злосна прыжмурыў адзінае вока Снайпер-Іван.
Не адказаўшы, Саўчанка ўскінуў на плячо касавільна і спорна пакрочыў краем вуліцы. Астатнія яшчэ болей апанурыліся, ужо амаль безнадзейна азіраючы абгароджаную сядзібу Касатага. Сонца тым часам прыўзьнялося над вёскай, стала прыграваць астылую за ноч зямлю. Снайпер-Іван стомлена адкінуўся на локаць, вальней выцяг у канаву доўгія ногі ў шэрых, падсохлых ад начное расы гумавіках. Трохі паляжаўшы, успомніў:
— Ляплеўскі, а там не засталося?
Ляплеўскі, што сядзеў побач, ленавата павярнуў да яго лысаватую галаву.
— Адкуль…
— Ты не цямні. Павінна застацца. У бутэльцы. Дубчык, а ну зьбегай. А то знаеш, — галава расколваецца.
Дубчык паслухмяна ўстаў і моўчкі патэпаў вуліцай у другі канец вёскі, дзе нешта павінна было застацца. Снайпер-Іван трохі пасядзеў яшчэ, але ягоная галава ўсё болей хілілася на грудзі, чалавека агортвала стома, і ён пляцнуўся плячмі на траву.
— Дык што ж цяпер мы — удвох? — няпэўна запытаўся Ляплеўскі.
Снайпер-Іван не адказаў. Калупаючы травіной у зубах, Ляплеўскі зірнуў на яго зьверху і зразумеў: іхны завадатар спаў.
— Ну во — дачакаліся!
Ён, аднак, працягваў сачыць за падворкам насупраць, ды там нічога пакуль не мянялася. Памаўзьлівая каза, між тым, ужо наблізілася да іх па канаве, недаўменна ўзьняла ад травы галаву і ўставілася на двух мужыкоў, што заміналі ёй пасьвіцца на яе звыклым шляху. Ляплеўскі замахаў рукой «Пайшла прэч!», ды марна: каза й ня думала саступаць. Хлапчукі насупраць засьмяяліся, мабыць, ім стала цікава ўбычыць, як настаўнік будзе адганяць бадлівую казу. Ён хацеў устаць і, як мае быць, шугануць яе, ды раптам на падворку Касатага ўбачыў людзей. Ну, вядома, адзін у кухвайцы, згорблены і белагаловы, — то быў сам галоўны вясковы сексот, побач ягоная баба, а сьпінаю да вуліцы стаяў мажны плячысты мужчына ў чорным пінжаку, з партфэлем у руках. Яны разьвіталіся. Парукаўшыся, госьць лёгкім жэстам дакрануўся да сьветлага капелюша на галаве і, азірнуўшыся, пайшоў да вуліцы.
— Іван! Іван! — Ляплеўскі штурхануў у бок таварыша. — Ідзе! Ён ідзе!
Снайпер-Іван толькі прамармытаў нешта і вальней выпрастаўся ў канаве. Ад прыкрасьці Ляплеўскі вылаяўся, ня ведаючы, што рабіць. Вусаў ужо згледзеў іх тут, за дарогай, і Ляплеўскаму здалося, зараз паверне назад — можа, на агароды…
Аднак Вусаў не павярнуў на агароды, толькі на момант замарудзіў хаду, выходзячы з завулка, і зараз жа даволі ўпэўнена скіраваў упоперак, цераз дарогу. Несумненна, да іх. Ад нечаканасьці Ляплеўскі марудна падняўся на ногі, паспрабаваў зашпіліць пінжак, ды пальцы чамусьці не маглі намацаць гузік. Ён ня мог адарваць позірку ад рослае постаці чэкіста, яго цьвёрдага, рашучага твару, караценькага гальштука на грудзях і — асабліва — ад стракатых радкоў ягоных узнагародаў на левай грудзіне. «Як у маршала», — мільганула недарэчная думка ў разварушанай сьвядомасьці настаўніка.
— Здарова, вучыцель! — бадзёра павітаўся Вусаў. — На касьбу сабраліся?
— Ды не, знаеце, — штось выціснуў зь сябе Ляплеўскі.
— А то хто? — кіўнуў Вусаў на распластаную постаць Снайпера-Івана.
— Ды так. Сусед…
— Ну, а как жысьць?
— Ды нічога.
Вусаў узіраўся яму проста ў твар, і ў тым позірку не было ні варожасьці, ні насьцярогі, адна спакойная ўпэўненасьць бязгрэшнага праведніка. Зьбянтэжаны Ляплеўскі ня мог даўмецца, як яму паводзіць сябе. Снайпер-Іван ляжаў, бы нежывы, а што ён мог адзін? Ды й наогул, ці варта было што рабіць? Упэўненасьць чэкіста абяззбройвала, і Ляплеўскі толькі ўнутрана ўсьміхнуўся зь нядаўняй свае рашучасьці. А яны яшчэ турбаваліся, дурні, каб гэты чалавек куды ня зьбег агародамі. Нашто яму куды бегчы?
Читать дальше