— Герой! — няпэўна сказаў Ляплеўскі.
— А ты думаў! Мэдаль «За адвагу» ня кожнаму давалі.
— Ну, і камандуй. А мы за табой.
— Лады, мальцы! Тады яшчэ па каліву, і завязалі. А то… Ня знаю, які ён цяпер, а тады ладны бугай быў.
— Ня думай, не зьмізарнеў. Такія не мізарнеюць, — сказаў Саўчанка.
Яны і яшчэ выпілі — на гэты раз моўчкі, ужо агорнутыя новым клопатам, які абрынуў на іх гэты няўрымсьлівы Снайпер. Пасьля Ляплеўскі ненадоўга адлучыўся да плоту і зноў вярнуўся да століка. Іншым разам пара было ўжо і разыходзіцца, усё ж купальская ноч караценькая, ды нейкая сіла трымала іх разам, як змоўшчыкаў небясьпечнае справы, якая немаведама яшчэ чым скончыцца. I яны ўсе сядзелі за столікам, на якім цьмяна шарэла газэта зь дзьвюма парожнімі шклянкамі. Саўчанка нялоўка неяк саўгануў локцем і скінуў кудысь кавалак хлеба, які тут жа палез шукаць у траве. I доўга ня мог знайсьці, пакуль Дубчык не намацаў яго зводдаль на сьцежцы.
— I каб усе разам! Каб ніхто не сачкануў, — папярэджваў Снайпер-Іван.
— А чым мы яго? — прастадушна запытаўся Дубчьж.
— А хто чым. Бяры кол або камень. Нажа няма?
— Нажа няма, — сказаў Ляплеўскі бязь ценю гумару.
— Дык прынясі! Ужо ж у хаце нож ёсьць?
— Не, няма.
— Ну і хазяйства! Нават нажа ня маюць. А калі зарэзаць каго?
Дубчык аж дробненька засьмяяўся ад таго Іванавага досьціпу, а можа, успомніўшы, што і ў яго не было нажа. Можа, гады чатыры, як зламаўся бацькаў саморобны, выкуты ў местачковай кузьні, з драўлянымі тронкамі. У сваёй бабыльскай гаспадарцы Дубчык абыходзіўся сякерай, праўда, таксама старой і заржаўленай, зь нязручнай і кароткай расхістанай ручкай. Яшчэ ягоны бацька, калгасны вартаўнік, зьбіраўся яе паправіць, маці ўсё лаяла яго за няздатны інструмэнт, ды так і не сабраўся да арышту. Тупаючы марознай зімой ля калгаснага сьвірану, ён усё сьпяваў прыпеўкі — недзе пачутыя, а таксама ўласнага сачыненьня, часам бязглуздыя, а часам з пэўным дужа надзённым сэнсам. I хтосьці яго ўчуў. Ці адмыслова падслухаў. Як арыштавалі ўначы, дык гэты Вусаў, мабыць, не стрымаўшыся, працытаваў адну, якая на ўсё жыцьцё ўрэзалася ў памяць падлетка-сына: «У калгасе добра жыць, хто на могілках ляжыць». Бацька тады аж заўсьміхаўся з радасьці ад увагі да ягонай творчасьці. Тады наўрад ці ён прадбачыў, што і сам хутка ляжа на нейкіх могілках, і паўміраюць малымі ягоныя тры дачушкі, састарыцца сынок, а тая сякера-інвалід з раструшчаным тронкам усё будзе служыць. Несьмяротная сякера.
— Я гэта — па тапор зьбегаю, — ціха прапанаваў Дубчык.
— Давай, толькі хутка. А, ядры яго зьвер, — няўжо сьвітае?
— Аднак сьвітае, — пагадзіўся Саўчанка. — А ў мяне ў Кутах яшчэ пайка ня скошаная…
— Скосіш, пасьпееш! Ат, матары яго, давай разьлівай, дап’ем, і годзе, — раптам вырашыў Снайпер-Іван. — А то… Сумленьне не дазваляе.
— Не дазваляе. Сумленьне — яно тонкая рэч, — пагадзіўся Ляплеўскі, ужо бразгаючы бутэлькай аб пустую шклянку.
— Мне годзе, — сказаў Саўчанка.
— Годзе, дык годзе, — ахвотна пагадзіўся разьлівака.
— Нам болей дастанецца. Ага, вучыцель? — падхапіў Снайпер.
— Я ўжо пас!
— Што так? Ці брата не шкада? Я ж твайго Сяргея во як учора помню. Граматны мужык быў.
— Да, граматны.
— I дужа парцейны. Тожа ў калгас заганяў, — сказаў Саўчанка.
— Што ж, такая палітыка была.
— Ну, і яго загналі. Каб ня крыўдна было, — зноў зь нейкім намёкам сказаў Саўчанка.
— Каму ня крыўдна? — зьдзівіўся Ляплеўскі.
Усё ж яны добра выпілі, і думкі ў іхных галовах роіліся густа, блыталіся словы, што ня ў лад з думкамі ішлі зь языка.
— А ўсім — і камуністам, і беспартыйным, — няпэўна тлумачыў Саўчанка.
— Мой брат быў чэсны бальшавік, — пачынаў злаваць Ляплеўскі. — Гэта яго энкавэдэшнікі згубілі.
— Ён тут дваццаць чалавек згубіў, — удакладніў Снайпер-Іван, маючы на ўвазе Вусава. — I яшчэ мае нахабства сюды прыяжджаць на госьці. Ці ня ведае, што ўсіх рэабілітавалі?
— А, можа, ён мяркуе, што рэабілітавалі няправільна. Інакш гэта ж — брак у рабоце, — сказаў Саўчанка.
— Мы яму пакажам брак! Я яму самалічна чарапок раскрою! — лютаваў Снайпер-Іван, ускочыўшы з-за стала. Але ўпаў, зачапіўшыся гумавікамі за траву, зноў з натугай ускараскаўся на ногі. У той час з пашарэлага падворку сунуўся Дубчык зь сякерай у руках, якую ў яго адразу выхапіў Снайпер.
— Во гэтай сякерай галаву зьнясу!
Наглядна дэманструючы астатнім, як ён зробіць гэта, Снайпер-Іван шырока замахнуўся ў паветры, і сякера, зьляцеўшы з тронка, недзе тупа шпокнулася ў гародзе.
Читать дальше