— Ага, то ў Сібіры! — з зайздрасьцю вымавіў Снайпер-Іван. — А тут дзе прывяжаш? Свае ж і адвяжуць. Каторыя сексоты.
— Ня ўсе ж сексоты, — ціха зазначыў Ляплеўскі.
— Хапае. I ў нас таксама.
Ляплеўскі не запярэчыў, толькі прыслухаўся, каб зразумець, на што той намякае? Ляплеўскі заўсёды быў чуйны да нават малога намёку такога кшталту, бо за намёкам магла быць небясьпека ці яе блізкі сыгнал. Тое, што некалі пасобіла яму ў жыцьці, дало магчымасьць скончыць інстытут і нават уступіць у партыю, цяпер вельмі проста магло ўсё спляжыць. Настала іншая пара, пачалася новая палітыка, і невядома яшчэ, як там, наверсе, паставяцца да інстытуту сексотаў. Могуць тайна аддзячыць, а могуць і адкрыта спагнаць. У кожным разе было няпэўна і неспакойна. Нарабіў гэты дурань Хрушчоў вэрхалу ня толькі з кукурузай…
Спакваля зусім зьвечарэла. Густаваты прыцемак праглынуў ужо агарод і падворак, накрыў дрэвы і дахі. Усё навокал сьціхла, стаілася насустрач летняй кароткай начы. Толькі пад грушынай за хатай чулася стрыманая гамонка падпітых людзей, ды мільгалі ў змроку чырвоныя агеньчыкі цыгарэтаў. Адзін, выгнуўшы крутую дугу, зьнік у гародзе за плотам. Снайпер-Іван са злосным мацюгом вырашыў:
— Годзе піць! Мальцы мы ці засранцы! Гайда помсьціць!
— Яшчэ бутэлька засталася, — напомніў Ляплеўскі.
— Тады налівай! Але па апошняй. Вунь Дубчыку, а то ён мала выпіў.
— Ды выпіў я. Можа, годзе? — няпэўна азваўся Дубчык, аднак, пасоўваючыся бліжэй да стала.
— Выпі. I ты, сусед, выпі, — запрапанаваў Снайпер-Іван Саўчанку. — Там, брат, сіла спатрэбіцца.
— Ад гарэлкі сіла? — усумніўся Саўчанка.
— А ты думаеш — не? Выпіўшы заўжды дужэйшы за цьвярозага. Навука гаворыць, чытаў.
— Але ноччу нядобра. Нібы бандыты, — сказаў Ляплеўскі. Яму, пэўна, ня надта хацелася лезьці ў даволі сумнеўную справу, ды ён ня мог устаяць ад напору Снайпера-Івана.
— Нам, значыць, па начы нельга? Ага? А ім дык было лацьвей. Заўжды ноччу шчыравалі, каб сьведкаў не было. Я ж памятаю, мне ішоў пятнаццаты год. Прыехалі трох: гэты Вусаў і зь ім яшчэ два міліцыянты. Касаты — за панятога. Паднялі ўсіх апоўначы, толькі заснулі. Бацька якраз пастаўкі вазіў на станцыю, прыехаў азяблы, змораны, толькі чуні разуў, анучы ля грубкі разьвесіў. Уставай, ты арыштаваны. I вобыск. Усё перавярнулі, у дзежку з капустай шампалом шпыралі — контррэвалюцыю мацалі. Польскі шпіён! А я, панімаеш, ня дужа й спалохаўся, бо ведаю ж: не шпіён, мяне яны ня возьмуць. Чаму так думаў, дурань безгаловы? Вунь жа вас, Саўчанка, усіх пабралі, табе ж таксама было няшмат гадоў…
— Дык то ж у трыццаць трэцім, — азваўся з-за століка Саўчанка. — На ссылку ўсіх бралі: і старых, і малых.
— А я скуль ведаў: на ссылку ці на расстрэл? Сядзеў зь дзецьмі ў запеччы, каб вобыску не мяшаць, а бацьку яны ля парога з узьнятымі рукамі пад вінтоўкай трымалі. Бачу, гэты Вусаў выцягвае з куфэрка маю будзёнаўку з чырвонай зоркай. Скажу вам, неяк увосень бацька прывез з кірмашу, дужа яна мне падабалася, тая будзёнаўка з маленькімі такімі гузічкамі, таксама з зорачкамі. Я ж змалку да вайсковага прыхільнасьць меў, шкада, праз калецтва не давялося нават да сяржанта выслужыцца.
— Во чаму ты гімнасьцёрку ўпадабаў. Трэці год з плечаў не скідаеш, — ціха пасьміхнуўся Саўчанка.
— А што — паважаю. Але не пра тое гаворка. Надзеў раз тую будзёнаўку ў школу, ну мальцы й наляцелі: дай ды дай памераць. Адзін гузік і адарвалі. Бацька ўвечары пабачыў і адабраў, кажа: сьпярша аблавушку данасі. Крыўдна было, але, думаю, ладна. Ужо хутка дваццаць трэцяга лютага, дзень Чырвонай Арміі, ужо тады ён пра мяне ўспомніць. Выпрашу. Ды во — кукіш, а ня дзень арміі. Вусаў гэты маю будзёнаўку міліцыянту аддаў, кажа: не дамо польскаму шпіёну чырвонаармейскі ўбор кампрамэтаваць. Тая будзёнаўка мне затым два гады сьнілася.
— Таму ты і снайперам стаў? — спытаў Ляплеўскі.
— Не, снайперам не таму. Снайперам — гэта па слабасьці характару. У партызанку, як вока асколкам выбіла, ну трохі загаілася, а тут блякаду немцы распачалі. Загад: усіх інвалідаў у строй. Якраз снайпера нашага Біклагу забіла, вінтоўка з прыцэлам засталася. Каму яе аддаць? Усе адмаўляюцца: то не магу, то ня ўмею. Вядома, дрэйфяць, бо тут адвагі паболей трэба, чым з простым ружжом. Дык камандзір кажа: Івану Ярашэвічу, у яго адно вока спраўнае, а другога няма, то і прыплюшчваць ня трэба. Будзе біць нямецкіх захопнікаў. Во я і біў, як снайпер. Двух паліцаяў шлёпнуў і аднаго захопніка. Як цяпер памятаю: ранічкай на ўзьлеску вылез зь люку на танку, узіраецца ў дальні ўзьлесак зь бінокля. А я праз сто мэтраў пад кустом ляжу. Ну, я яму й гваздануў проста пад бінокаль, так і абвіс у люку.
Читать дальше