Дык вось чаму яго не аказалася ў штабе!
Зрэшты, усё было натуральна. Адбылася няўдача, і начальства пайшло ў батальён, каб ва ўсім разабрацца на месцы. Што ж, магчыма, так яно і лепш. Можа, маёр яшчэ і назіраў усё гэта пабоішча, доўга тлумачыць яму не прыйдзецца.
— Гутман! — гукнуў ён ардынарцу. — Бягом у дзевятую, узяць звесткі аб стратах!
Праз якую хвіліну ў траншэйцы зрабілася цесна ад мноства людзей. Камандзір палка прыбыў сюды з усёй сваёй світай: ад’ютантам, ардынарцам, намеснікам па палітчастцы маёрам Міненкам; сюды ж прыбег Маркін і двое правяраючых са штаба палка. Добра, што брызантны абстрэл спыніўся, і рэдкія разрывы грукалі цяпер у баку саўгаса, а то аднаго трапнага залпу было б дастаткова для ўсіх…
Валошын адхінуў да сцяны начхіма і таропка палез насустрач камандзіру палка.
— Таварыш маёр, атака не ўдалася, батальён адышоў на…
— Хто дазволіў? — рэзка перапыніў яго камандзір палка, гняўліва варухнуўшы брывамі.
— Не было сувязі. Нямецкая артылерыя…
— Хто вам дазволіў? — з яшчэ большаю злосцю крыкнуў камандзір палка, нерухомым позіркам уставіўшыся яму кудысьці пад грудзі.
У траншэі зрабілася дужа ціха. Прадчуваючы скандал, усе напружана разглядалі земляныя камякі на брустверы.
— Я ж вам тлумачу, — павысіў голас Валошын, сабраўшы ў адно ўсю сваю вытрымку, каб хоць знешне заставацца спакойным.
— Хто вам дазволіў адысці? — выразна адсякаючы кожнае слова, дабіваўся камандзір палка. — Вы атрымалі загад на атаку?
— Я атрымаў загад на атаку, але мне не хапіла часу разведаць вышыню, таварыш маёр. А там аказалася больш васьмі кулямётаў. Апроч таго, батальён папаў пад знішчальны агонь брызантных і страціў амаль трэць свайго складу…
— Я пытаюся, — цішэй і таму яшчэ болей зласліва паўтарыў сваё пытанне Гунько. — Я ў вас пытаюся, хто вам дазволіў адвесці батальён на зыходны рубеж?
Валошын змоўк. Ён ужо ведаў гэтую манеру многіх начальнікаў дапякаць падначаленых пытаннем і не даваць тым адказаць. Напэўна, і цяпер адказваць не мела сэнсу, ягоны адказ зусім не цікавіў камандзіра палка.
— Хто дазволіў адысці?
Апрануты ў новенькі белы паўшубак маёр Міненка, які стаяў за камандзірам палка, з нязменнай хітраватай усмешкай на дабрадушным твары з’едліва заўважыў:
— Можна падумаць, што ён першы дзень камандуе батальёнам. I не разумее, што перш, чым прыняць такое рашэнне, трэба параіцца.
Звыш сіл напружаны спакой камбата раптам разляцеўся ў шматкі.
— Я не першы дзень камандую батальёнам і ведаю, што трэба. Але аднаго ведання мала. Каб далажыць — трэба сувязь, а яе…
— А хто ж павінен клапаціцца пра сувязь? — з’едліва сказаў камандзір палка, зрабіўшы яўны промах у веданні нядаўна ўведзенага баявога статута, і камбат тут жа падхапіў гэты ягоны промах.
— У даным выпадку — ваш штаб, таварыш маёр. Паводле новага статута сувязь у часцях арганізуецца зверху ўніз і справа налева.
— Граматны! — ніколькі не сумеўшыся, сказаў камандзір палка да свайго намесніка, кіўнуўшы ў бок камбата. — Граматны! А чаму не ўзята вышыня?
— Я растлумачыў чаму. Не падавіўшы агнявых сродкаў, я не магу губіць людзей у бескарыснай атацы, — сказаў ён цвёрда і нават з некаторым выклікам, тут жа зразумеўшы, між іншым, што сам дапусціў прамашку — пра людзей лепш было змоўчаць. I сапраўды камандзір палка падхапіў з’едліва:
— Ага, шкадуеш людзей! Шкадлівы які! Міненка, ты чуеш, — кіунуў ён нампаліту. — Яму людзей шкада. На загад яму напляваць — яго адолела шкадаванне. Вы чулі? — звярнуўся маёр да ўсіх, хто быў у траншэі, але ўсе прыгнечана маўчалі.— Можа, ты яшчэ і сябе пашкадуеш?
— Мне сябе не шкада. Але байцоў — да. I дарма губіць батальён не стану, — з унутранай рашучасцю сказаў камбат, падумаўшы, што цяпер ужо ўсё роўна, што траціць яму няма ўжо чаго.
Але ён памыліўся. Ён яшчэ не ведаў, што яму нарыхтуе камандзір палка.
— Во як! — здзівіўся маёр. — Тады я цябе адхіляю. Я цябе адхіляю ад камандавання! — на цвёрдым абсівераным твары камандзіра палка з’явілася няўмольная рашучасць. — Ты зразумеў?
— Я зразумеў,— чамусь мала што разумеючы, адказаў Валошын і, каб не пахіснуцца ад раптоўнай і дзіўнай расслабленасці, прысланіўся да сцяны траншэі.
Камандзір палка са стоенай злосцю абвёў позіркам камандзіраў у траншэі.
— Лейтэнант Маркін!
— Я вас слухаю, — адклікнуўся зводдаль начальнік штаба.
— Камандуйце батальёнам!
— Ёсць! — не вельмі ўпэўнена адказаў Маркін.
— Навесці ў батальёне парадак і атакаваць вышыню. Да трынаццаці ноль-ноль далажыць аб узяцці. Ясна?
Читать дальше