— Ну, ты доўга там?
Сувязіст, аднак, падняў да камбата занепакоены твар, зацепаў добрымі вачмі.
— Няма сувязі. Перабіла, напэўна…
— На лінію марш! Жыва!
Чарнаручанка нешта ўмольна кінуў да Гутмана, піхнуў за спіну карабін і, падхапіўшы провад, пабег да балота.
Валошын нядоўга чакаў, усё ўслухоўваючыся ў суцэльны няўрымслівы грукат, з неразумнай упартасцю імкнучыся ўчуць у ім хоць што-небудзь суцяшальнае для батальёна, але нічога ўчуць не мог. Цяпер ужо ўвесь агонь ішоў з боку немцаў, нашы ў ланцугу не стралялі, змоўкла артылерыя, і затаіліся ДШК за балотам, мусіць, падаўленыя гэтым гагатлівым шквалам куль і асколкаў, што абрынуліся на батальён. Разрывы брызантных у небе бязлітасна трэскаліся над раёнам дзевятай, адкуль праз якіх чвэрць гадзіны замест старшага лейтэнанта Кізевіча прыбег краем хмызняку жвавы баец у ватоўцы. Камбат памятаў яго ў твар, але прозвішча цяпер успомніць не мог. Кашляючы ад удушлівай трацілавай гаркаты, што асядала ў балоце, баец выцягнуўся поруч з Валошыным.
— Во запіска ад камроты.
Ён падаў пакамечаны ў бруднай жмені шкумат паперы, на якім без подпісу было накідана рукой Кізевіча: «Наступаць не магу, залёг у балоце. Выбіваюць брызантныя. Фланкіруючыя кулямёты з вышыні „Малой“ не даюць ступіць кроку. Прашу дазволу адысці».
«Час ад часу ўсё не лягчэй, — падумаў Валошын. — Не хапіла брызантных, дык яшчэ і фланкіруючыя».
Прабегшы вачмі запіску, камбат пракрычаў байцу:
— Страты вялікія?
— Га?
— Страты, кажу, вялікія?
— Пэўна, чалавек дваццаць. Вунь як лупасіць зверху. А з фланга кулямёты. Старшы лейтэнант усё лаецца…
Праз хвіліну прыбег і распластаўся побач выкліканы фланга восьмай камандзір узвода Яршоў, спакойны з выгляду чалавек у зялёным бушлаце і запэцканых ватных штанах.
— Якія страты? — запытаў камбат.
— У роце не падлічваў,— аціраючы спатнелы твар, сказаў Яршоў.— Напэўна, чалавек восем. Пагорачак ратуе.
Пагорачак ратаваў восьмую, гэта пэўна, інакш бы яны тут не ляжалі. А вось у дзевятай пагорачка не аказалася, і таму ёй даводзіцца кепска.
Ззаду, няспрытна валюхаючы, да камбата падпоўз ветэрынар і, папраўляючы на галаве шапку, прасіпеў сарваным голасам:
— Што здарылася, камбат? Чаму не паднімаюцца ў атаку?
Камбат паглядзеў на яго абыякавым позіркам — у грымоцці і трэскаце бою ён выразна пачуў кулямётныя чэргі па той бок балота, якія білі па флангу Кізевіча, і з непрыяззю падумаў пра ягоных разведчыкаў. А заадно і пра палкавых, на якіх ноччу з такой упэўненасцю спасылаўся маёр Гунько. Панаразведвалі, называецца. На яго галаву.
— Чаму не паднімаеце роты ў атаку? — настойліва сіпеў ля вуха маёр, усё не выпускаючы з рук невядома для якой патрэбы выняты з кабуры наган, ствол якога быў шчыльна забіты зямлёй.
— Прачысціце зброю, — холадна сказаў Валошын. — А то разарве ствол.
Ветэрынар, спахапіўшыся, пачаў выбіваць са ствала зямлю, а Валошын з яшчэ большай, чым раней, злосцю падумаў, што такія вось уедлівыя правяральшчыкі — куды большае зло, чым тыя, хто, слаба разумеючы ў справе, не вельмі і рвуцца ў яе, трымаючыся бліжэй да зямлянкі, дзе трохі бяспечней, чымся ў гэтым пекле.
Ён чакаў лейтэнанта Самохіна, якога ўсё не было, і ён пачаў сумнявацца, ці перададзены яму яго выклік, ці не застаўся дзе на дарозе пасыльны. Сувязі таксама не было. Гутман трымаў ля вуха тэлефонную трубку і ўсё дзьмуў у яе, але лінія, відаць, маўчала.
Калі з хмызняку ззаду з’явіўся лейтэнант Круглоў са споўзшай набок спражкай дзягі і без ценю звычайнага дабрадушша на ўзрушаным твары, камбат зразумеў, што становішча дзевятай на самай справе крытычнае. Камсорг размашыста рухнуў злева ад яго, выцер рукавом потны ў пыле і гары твар.
— Камбат, ратуйце дзевятую! Праз паўгадзіны ўсю выб’е.
— Кізевіч жывы?
— Жывы пакуль што. Але страты вялікія. Галоўнае — гэта шрапнель. Ды і кулямёты справа. Спярша трэба браць тую вышыню, за балотам. Інакш дрэнь справа, задарма пакладзеце людзей, — нервова загаварыў камсорг.
Камбат, падумаўшы, азірнуўся на Гутмана.
— Як сувязь?
Гутман замест адказу развёў рукамі.
— Ракетніцу! — патрабаваў камбат.
Ён выхапіў з рук ардынарца ракетніцу, лежачы, паварушыў у кішэні, выняў белы з чырвонай галоўкай патрон.
— Што ж, будзем лічыць, фокус не ўдаўся. Фокуснічкі!..
I, падняўшы руку, паслаў у дымнае ад выбухаў неба імклівы агеньчык чырвонай ракеты.
Роты па-пластунску і перабежкамі пачалі адыход за балота.
Читать дальше