— Ясна! — упалым голасам выціснуў Маркін, і Валошын адхіснуўся ад сценкі.
— Якім гэта чынам ён яе возьме да трынаццаці? — бесцырымонна ўмяшаўся ён ужо не ў сваю справу. — Вунь на суседняй немцы. Яны б’юць батальёну ў фланг і спіну. Спярша трэба ўзяць вышыню «Малую».
Камандзір палка змераў яго амаль ненавісным поглядам.
— Якім чынам узяць вышыню? Магу параіць. Выстраіць батальён і сказаць: бачыце вышыню? Там будзе абед. У абед туды прыязджае кухня. I возьмуць!
— Таварыш камандзір палка! — пачуўся рашучы голас з дальняга канца траншэі.
Усе са здзіўленнем павярнулі галовы ў бок незнаёмага маёра, які, дзіўна заварушыўшы плячыма пад запэцканым паўшубкам, сказаў:
— Таварыш камандзір палка. Адну хвілінку… Я не згодны!
«Цікава, з чым ён не згодны, гэты конскі доктар?» — міжвольна падумаў Валошын. Аднак ветэрынар, астматычна сапучы грудзямі, ужо праціскаўся па траншэі бліжэй да камандзіра палка.
— Я не згодны са зняццем камандзіра батальёна.
— Вы? — здзівіўся Гунько. — Хто вы такі?
— Я ўпаўнаважаны штадыва, маёр ветэрынарнай службы Казькоў.
«Во як?» — зусім ужо недаўменна падумаў Валошын, які зусім не разлічваў на чыю-небудзь абарону, і цяпер заступніцтва гэтага ветэрынара з’явілася ўсё ж прыемным для яго суцяшэннем.
— Ну і што? — холадна кінуў камандзір палка. — Ну і што, што вы ўпаўнаважаны? Камандзір батальёна не забяспечыў выканання баявой задачы, вось я яго і адхіляю ад пасады. Дарэчы, з ведама камандзіра дывізіі.
— Вы памыляецеся! — рэзка сказаў маёр. — Я быў у батальёне і бачыў усё сваімі вачамі. Камандзір батальёна дзейнічаў правільна.
— Многа вы разумееце! — сказаў камандзір палка. — Тут я гаспадар, і я прымаю рашэнні. Вось са сваім намеснікам. Маркін!
— Я, таварыш маёр!
— Выклікайце камандзіраў падраздзяленняў, стаўце задачу!
— Ёсць выклікаць камандзіраў падраздзяленняў! — як рэха, адгукнуўся Маркін, і гэты яго паслухмяны адказ, нібы вядро сцюдзёнай вады, вярнуў да Валошына адчуванне няўхільнай рэальнасці.
У адно імгненне і з усёй выразнасцю ён зразумеў, што вось зараз ці, можа, праз некалькі хвілін стараннасцю гэтага паслухмянага Маркіна будзе канчаткова пагублены яго батальён. I каб не дапусціць гэтага, ён ухапіўся за апошні свой аргумент, іншых довадаў у яго не засталося.
— А снарады для батарэі нам выдзелены? Батарэя сядзіць без снарадаў, хто падавіць іх кулямёты? — злосна загаварыў ён, з адкрытай варожасцю гледзячы ў вочы камандзіру палка.
— Снарады я вам не раджу! — сказаў той. — Няхай іх лепш пашукае ў сябе камандзір батарэі.
— Батарэя — не снарадны завод, — цвёрда сказаў ззаду Іваноў.— Усё, што было, я ўжо выпусціў.
— Так ужо і ўсё?
— Да апошняга снарада. Можаце праверыць. Настала пакутная паўза. Камандзір палка заклапочана паглядзеў у бакі, але тут жа хутка ўспомніў:
— Раз няма снарадаў, то — па-пластунску! Па-пластунску зблізіцца з праціўнікам і гранатамі закідаць траншэю. Зразумелі?
— Так точна! — з гатоўнасцю, хоць і без жаднага ўздыму паўтарыў Маркін.
— Гранаты ў байцоў ёсць?
— Ёсць.
— Таварыш кампалка, — зноў заварушыўся ў траншэі ветэрынарны маёр. — Пад такім агнём немагчыма нават і папластунску. Я бачыў…
— Мне напляваць, што вы бачылі! — ускіпеў Гунько. — Вы не для таго прысланы ў полк, каб перашкаджаць выкананню баявой задачы.
— Я прысланы кантраляваць яе выкананне, — раззлаваўся і ветэрынар. — I я буду дакладваць камандзіру дывізіі. Вы няправільна ставіце задачу…
— Не вам мяне вучыць, таварыш маёр ветслужбы! Маркін! Усіх у ланцуг! Камандзір батарэі, загадваю: ні на крок не адставаць ад камандзіра батальёна. Кулямёты… Дзе кулямёты ДШК?
— Тут. На сваіх пазіцыях, — азірнуўся Маркін.
— Кулямёты — упярод! Усяму батальёну паўзком упярод! Панялі? Толькі ўпярод!
— Паняў, таварыш маёр, — адказаў зводдаль Маркін, і да Валошына ўсё з большай выразнасцю даходзіў фатальны сэнс, што адбывалася цяпер у гэтай траншэі.
Уявіўшы сабе, які цяжар кладзецца на былога яго начштаба, ён непрыемна паморшчыўся — наўрад ці з ім Маркін справіцца. Але цяпер гэта яго не датычыла, ён перастаў быць камандзірам батальёна і ні за што больш не адказваў. Ён быў тут чалавек старонні.
— Дазвольце, я далажу камандзіру дывізіі,— не сунімаўся ветэрынар. — Я прашу не пачынаць атакі да майго даклада камдзіву.
— Гэта не ваша справа, — сказаў камандзір палка і запытаў, на паўабарота павярнуўшыся да Валошына. — Камандзіры рот усе на месцы?
Читать дальше