— Ну, не кажы! Тут я не згодны. Талент — талентам, а і лёс не мінай. Ці там случай. Ён тожа, брат, многа значыць. Часам, што чорт з шапкі выме, тое і будзе. У цябе вунь двайня, а ў мяне во, бач, кульба. Дзерава! Думаеш, яна мала мяне памучыла? Ого! Двойчы рэзалі. Як пілуюць — не чутно, бо ўсыпляюць. Затое пасля — хоць на сцяну лезь. А Краўчонак вунь гойсае на дзвюх ды яшчэ з ордэнам. А разам, у адной роце, ваявалі.
— Гэта які Краўчонак? З Замошша?
— Ну а які ж! Ордэн Леніна атрымаў. За Кішынёў. А бывала, трусаваты быў. Яшчэ я падганяў усё. Зямляк жа.
— Ну, мусіць, гэта ты загібаеш. Каб трусаваты, не далі б.
— Не верыш? Яй-богу, не хлушу. Далі — было за што, гэта праўда. Але тут, браце, болей чорт ці выпадак паспрыяў. Я ж ведаю. На маіх вачах усё было.
— Гэты ці не ў Ясса-Кішынёўскую?
— Ну! Узводны паслаў трох — сяржанта Дзянісава, мяне і гэтага Краўчонка. Лінію зматвалі. Якраз цераз лес дарожка ішла. Лес, скажу табе, спрэс дубовы, мацнецкі лясок. Дубы аж да неба і падлесак ладны. Ідзем. Дзянісаў наперадзе, слаўны такі хлапец, сібірак, малады яшчэ, а геройскі, два ордэны меў, камандзірам быў лінейнага аддзялення. За ім я — кручу на шпульку, а шпулька старая, халера на яе, усё заядае, шасцяронка спрацаваная.
— Трафейная, мусіць?
— Не, шпулька свая, памятаю. А кабель, праўда, трафейны. Чырвоны. У наступленні яго процьма. Мы не вельмі і даражылі ім, калі дык і не зматвалі, адключыш апараты і далей. На новым месцы знойдзем і кабель.
— Во як! А мы, памятаю, у абароне на калючым дроце працавалі. Замест кабелю — калючкі ў траншэі і нічога — балакае начальства.
— Дык то ж у абароне. У абароне на ўсё ліміт: на харч, снарады, махорку нават. У наступленні ж наконт гэтага раздольна. I шнапсу трапляла нават. Дык лінію тую трэба б кінуць, і ўсё. Але Дзянісаў не даў. Загадана, кажа, значыць, трэба выканаць. Службіст быў. Ну ідзем і матаем. Краўчонак поўныя шпулькі нясе. Ужо, напэўна, вярсты са дзве знялі, у Краўчонка тры цэлых шпулькі, у мяне амаль поўная. I Краўчонак усё азіраецца, вядома ж, боязна ісці ззаду. А скажу табе, немчуры там поўна было. Абкружылі ж іх пад Кішынёвам…
— А, чуў. Лектар неяк казаў. Быццам пятнаццаць тысяч.
— Гэ, пятнаццаць! Дрэнна ён тады ведае, твой лектар. У цябе гарыць?.. Халера, някрэпкія сталі сігарэты, ды і не гараць. Падмочаныя, ці што?.. Пятнаццаць? Усе трыццаць. Ці нават пяцьдзесят. Яны, брат, як ваўкі, паразбягаліся, хто куды. Каторыя, праўда, у палон здаваліся, а каторыя — эсэсаўцы, власаўцы ці там начальства, — тыя ўсё на захад, напралом да сваіх. З гэтымі ў нас стычкі былі ого! Браце ты мой! Камандзіра брыгады там параніла. Ага, дык ідзем, значыць, і чуем, быццам за кустамі тожа хтосьці нібыта брыдзе. Прыслухаліся — сціхла, быццам і няма нікога. Толькі зноў рушылі, Дзянісаў як крыкне: «Хальт!» Я, знаеш, за шпулькай так і прысеў. А Краўчонак ужо ляжыць. I тут, бачым, у кустах як ірванецца — чалавек з пяць. Наўцёк. Я толькі спіну аднаго ўбачыў — блізка, во як да зруба. Шапка іхняя і шынель з чорным каўняром. Я шпульку ўбок і за аўтамат. А Дзянісаў: «Стой, — кажа. — Так возьмем». I чаргой па дубах — ажно кара пасыпалася. Верхам браў, значыць. I сам туды, у кусты. Я за ім. О, чакай, брыгадзір коціць. Фёдар! Фёд! Дык гэта наконт каня як?
— На калі?
— На заўтра ранічкай…
— Заўтра не будзе. Заўтра ветправерка. На яшчур.
— Во хай яе. Ну, можа, пад вечар?
— Кажу, заўтра нельга.
— Калі ж тады?
— Пройдзе праверка, пасля. Цяпер некалі.
— Ну канечне ж, некалі яму. Пагнаў у Стайнікі да Іллючонка чымергес піць. Не відно хіба. Да…
— Ну што ж… I выпіць трэба.
— Трэба! Хто кажа — не трэба? Гледзячы калі і як.
— Ну, ну. Дык Дзянісаў у кусты. А далей?
— Што далей? Далей — як пырсне чарга, дык мы вобзем. Чую, морда ўся мокрым заляпана. I пагоны, барада, рукі. Аж спалохаўся. Ды не баліць. Што за халера! А пасля бачу — ляжыць Дзянісаў, і мазгі на траве. Ты бачыў калі мазгі на траве?
— Не, не дай Бог…
— Не дай Бог! Я аж зледзянеў. I бачу, пабеглі трое. За дубы. Я прылажыўся, як даў — адзін вобзем. Адзін — прама, адзін — убок. Ну, ускочыў, кажу Краўчонку: «Лапай таго!» — што ўбок, значыць. А сам за пярэднім. Як прыпушчу. Чорт, адкуль толькі спрыту набраў. Хаця маладзейшы ж быў. I два скакуны меў, не тое што цяпер. Як урэзаў — гляджу, даганяю. Ладны такі фрыцуга, цыбаты, у камбінзоне. Ён па мне з-за дуба пук-пук — кулі ля вуха. А і я за дуб. Камель — во! Ніякая куля не возьме. Ён пукне — ды за наступны. А я — за ягоны. Так і гулялі ў даганялку. I я, ведаеш, правільна разлічыў. Думаю, страляй, страляй, — у мяне болей патронаў. Я цябе прыцісну…
Читать дальше