— Ну што… Толькі гэта даўняя гісторыя. Калі, можа, часу мала, дык на другі раз.
— Часу хопіць. Кажыце.
— Шумак, значыць. Прозвішчаў пазнейшых колькі з галавы вылецела, а гэтага памятаю, як зараз. На першы погляд такі свойскі хлопец, у казарме быў суседам маім па ложку. Так, увогуле, нішто жылі. Праўда, аднойчы здарылася адна замінка, трохі мяне насцярожыла. Ну але, думаў, драбяза. Справа ў тым, што ў яго вадзіліся грошы, з дому падсылалі. Ну і часам у гарадскім звальненні ён штоколечы купляў з шамоўкі. Ведама ж, маладыя былі, апетыт воўчы. Раз неяк прынёс каўбасы з паўкіло і пернікаў. Яшчэ мяне частаваў. А тумбачка ў нас агульная, толькі ягоная палічка верхняя, а мая ніжняя…
— Як у бальніцы.
— Во-во. Увогуле ў казарме забаранялася трымаць харч. Ну але клалі. І вось увечары ён прынёс, значыць, а назаўтра ранічкай старшына надумаў праверку тумбачак. Роту выстраілі на сярэдзіне казармы, старшына, дзяжурны, днявальны і пайшлі шураваць. Я гэта стаю спакойна, ведаю — у мяне ўсё ў парадку. І раптам старшына камандуе: чырвонаармеец Ласкутнікаў, выйсці са строю. Выходжу, і старшына мне ў нос кавалак каўбасы. Аказваецца, ляжала на маёй палічцы. Пераклаў, значыць, мой сябрук. Паспеў! Хлопцы рагочуць, а мне загад: з’есці перад строем увесь кавалак. Каўбаса тлустая, як цяпер памятаю, кракаўская, старшына па строгасці — брытва, а я — чырвонаармеец першага года службы. Уяўляеш сітуацыю? Нічога не зробіш — даўлюся і ем. А ён стаіць насупраць, Шумак мой, і са святым выглядам пазірае старшыне ў вочы.
— Падонак!
— Я таксама было падумаў, але звальваць на яго не стаў — усё роўна ж камусьці адказваць. Хай, думаю, на гэты раз буду я. Пасля пагаварылі — бажыцца, не клаў на маю паліцу, не ведае сам, як яна там апынулася.
— Ну, у нас у інстытуце з такога б хутка дурноту выбілі. У нас на гэты конт мараль жалезная была.
— Гэта яшчэ не ўсё. Гэта драбяза. Далей сталася горш. Аднойчы, перад самай вайной ужо, заступілі мы ў гарнізонны нарад. Каравул невялічкі, на ўскраіне, тры ці чатыры пасты. Начальнікам свой хлопец, сяржант з аддзялённых. Паблажку, вядома, зрабіў: каб не вадзіць усю ноч сюды — туды, вырашыў мяняць пасты не праз дзве гадзіны, а праз чатыры. Зручна. Адстоіш, затое пасля выспішся.
— Хіба чатыры гадзіны стаяць лепей, чым дзве?
— Уяві сабе — лепей! Улетку так салдаты любяць.
— Ну не ведаю. Не служыў.
— Дарэчы, дарма гэта. Наўрад ці добра, калі цяпер некаторыя міма салдатчыны ў жыццё ўваходзяць. Вайна — гадасць, вядома, а салдацкая служба на два-тры гады — не зашкодзіць. Характар ставіць, калектывізм выхоўвае. Дае адчуць, што такое воля і як яе шанаваць трэба. Во! Дык, значыць, стаім у каравуле, чакаем правяраючых. Тады, перад вайной, наконт гэтага строга было. Разоў тры на ночы праверка — і свае з часці, і са штаба. Але наш каравул дальні, за горадам. Дрывяны склад, на яго звычайна рэдка з праверкай хадзілі. Затое калі ўжо прыходзілі, дык самыя заядлыя, службісты! Так і ў той раз здарылася. Толькі пасты змянілі — з’яўляецца. Каравул — у ружжо, вядома, усіх выстраівалі, давай капаць усё да дробязі. І адразу скандал — у Шумака патронаў няма. І падсумка. Стаіць у страі з вінтоўкай, а патронаў няма. Што за ліха! Пытаецца старшы лейтэнант, дзе патроны? Кажа, не ведаю, клаўся адпачываць — былі, а ўстаў — няма. Давай усім каравулам шарыць на нарах, пад нарамі, у калідоры, у двары — няма патронаў. Чэпэ!
— Чэпэ. Ды цішай вы! Чаго штурхаецеся?
— А што пасталі слупамі? Выпіў — матай далей! Дай другім выпіць.
— У вас не запыталі, калі матаць.
— Заткнісь!
— Я табе заткнуся!
— Лёня, ды кінь ты! Бачыш, яны са стадыёна, раз’ятраныя, як быкі. Давай пойдзем адсюль.
— Можа, яшчэ па куфлю?
— Не, хопіць.
— Ну ладна. Тады матаем.
— Во, тут і сонца паказалася. Харашо!
— Давайце на той бок пярэйдзем. Там люду менш.
— Давай. Не бяжы толькі. Што ты так ірвеш — з месца ў кар’ер.
— Во, тут штурхаць хоць не будуць. Цярпець не магу ў натоўпе. Ну дык а далей?..
— Ну што далей… Пачалі нас цягаць. Двох, што не спалі ў той час, на «губу» пасадзілі. Начальніка каравула таксама. І свае асабісты цягалі, і з арміі прыязджалі. Пасля падазрэнне легла на аднаго хлопца з Заходняй. Зямлі ў яго бацькі замнога аказалася. Праўда, бацька не раскулачаны, але па некаторых паказчыках амаль што кулак. Ну раз такая справа, за гэтага Андрукевіча і ўзяліся — класавы ж падыход, не проста так. А Шумака выпусцілі. І было гэта якраз за тыдзень да той праклятай нядзелі, дваццаць другога чэрвеня. Ну і вось сядзіць наш Андрукевіч. А скажу табе, неблагі такі хлопец быў, толькі маўчун. Так увогуле старанны ў службе, увішны, а на палітзанятках ні гугу. Сем разоў яму пералічаць склад Палітбюро, а ён паўтарыць разу не можа. Стаіць толькі ды пакутуе. І глядзіць у падлогу. Так, пэўна, і на следстве. А там жа трэба языкастаму быць, інакш пагарыш за хвіліну. Ну і гарэў Андрукевіч. Напісалі, што краў патроны з нейкаю пэўнай мэтай. Мэту толькі вось ніяк не маглі высветліць.
Читать дальше