— Ну?
— Пайшлі пешкі. Столькі ў духаце праседзелі. А тут благадаць якая!
— Ага, надвор’е наладзілася.
— Усё ўрэшце наладжваецца. «Стреммтся обрестм равновесме», — як пішуць у кніжках. Ды яно і зразумела. Без раўнавагі нішто не можа існаваць у гармоніі. Натуральны стан рэчаў — раўнавага. Ты гэта, гляджу, хмурышся. 3-за Лагуна? Угадаў?
— Ды што ўгадваць, Іван Нічыпаравіч, справа не ў тым… Чаму ён пра гэта раней не сказаў? Чаму са мной у аддзеле не пагутарыў? А тут раптам — «Мой абавязакІ», «Трэба прама сказацьІ»… Дэмагог пракляты!
— Ён не дэмагог, Лёня. Проста ён сабешнік. Ягоны прынцып — мяне не чапай і я не зачаплю. А ўжо калі зачапілі, дык будзе выкручвацца. Усімі сродкамі. Элементарныя прынцыпы маралі тады ляцяць у тартарары. Абы апраўдацца.
— Але ж пры чым тут — «палажа руку на сэрца», «невзірая на ліца», «мой долг рукавадзіцеля»? Ён жа мне дагэтуль ніводнай заўвагі не зрабіў.
— Бо ты яго не чапаў.
— Ведаеш, Леанід, можа, мне і не трэба гаварыць табе, але ладна. Усё роўна дажывеш і ты да нашых гадоў. Пэўна, і загадчыкам яшчэ пабудзеш.
— Дзе ўжо мне ў загадчыкі!
— А што! 3 часам абламаешся, абатрэшся, падабрэеш. Злосці ўбавіцца. Патлусцееш, паважнееш. А так жа ты вокунь. Калючка!
— Не дужа каго ўколеш. Таўстаскурыя ўсе сталі.
— Ну не кажы. Колеш! Вось і Лагуна ўкалоў. Зрэшты, гэта, браце, каштоўная якасць — ваша яршыстасць. Калі б усе з маладосці аберагалі яе да старасці, да высокіх пасад, было б цудоўна. Але ж дзе там! Вунь вазьмі Цімафеева. Я ж ведаю яго яшчэ з камсамола. Ужо нашто быў калючы — колькі начальству крыві перапсаваў. Ды і самому несалодка было. Але ўвогуле правільна. Крыштальнае сумленне меў хлопец. Працавіты быў да самаадданасці. А цяпер? Дапяўся да высокай пасады — дача, машына, кватэра з пяці пакояў. І што? Нічога. Выступае заўжды па паперцы, з начальствам у дружбе, каньячком балуецца. Лагода! Куды тая яршыстасць падзелася?
— Ну, Лагун яршыстым ніколі і не быў. Ціхоня.
— Лагун? Лагун, браце, іншага сорту рыбіна. Перш за ўсё ён дурань. Старанны, добрасумленны, цягавіты дурань. Есць такі тып дурня. Усё робіць з празмернай нават стараннасцю, з такой адмысловай правільнасцю, што, па сутнасці, шкодзіць таму, што робіць. Бо ў кожную справу трэба ўкласці сябе. Самому ў яе верыць. Быць перакананым у яе неабходнасці. Адухатварыць яе чалавечнасцю. У яго ж усё выходзіць дужа старанна, але бяздушна. І таму фармальна правільна, а на справе дык нават шкодна. Так, так, не глядзі з гэткім недаверам.
— Ды я нічога. Проста…
— Звычайная рэч! Казёншчына ў адносінах між людзьмі ніколі не здольна з’яднаць. Наадварот, раз’ядноўвае. Праўда, аб тым ва універсітэтах не вучаць.
— Не вучаць. Гэта… Іван Нічыпаравіч, можа, зойдзем? Па куфлю свежанькага?
— Свежанькага? Ну зойдзем, калі свежанькага. Хоць я, прызнацца, піва не дужа… Вінца каб. Сухога, балгарскага. Харошыя ў іх сухія.
— Ды ну яго, віно… Толькі перавод грошай. Калі ўжо піць, дык няма лепш за «Маскоўскую». Класічнае пітво.
— Гэта каму як. Я таксама некалі гэтак жа думаў. Але гады.
— Не, не!.. Іван Нічыпаравіч! Гэта ўжо я. Мая ініцыятыва, так што схавайце вашыя. Дзевушка, два піва! Та-ак! Трымайце. Во сюды, да сценкі, каб не замінаць дужа.
— А! Хораша. Свежае, праўда.
— Харошае. Дык вы кажаце, Лагун дурань? Можа, і праўда, набрахаў, а цяпер і сам перажывае.
— Ну гэта не! Праз цябе ён перажываць не будзе. І злавацца на цябе таксама не будзе. Але калі цябе будуць, не дай Бог, звальняць, ён і пальцам не варухне. У тым жа і справа, што кранае яго толькі тое, што яго асабіста датычыцца. Астатняе яму — да лямпачкі.
— Ну але ж гэта свінства!
— Лёня, ведаеш што? На, закуры і паслухай. Я табе раскажу адну гісторыю. 3 вайны яшчэ. Ты ж, мабыць, вайну слаба і помніш? 3 якога года?
— Я? 3 трыццаць восьмага.
— Ну вось. Калі табе напаўзло чатыры гады, я ўжо быў чырвонаармейцам. Якраз перад самай вайной. Служыў на Украіне, пад Драгобычам. І быў у нас ва ўзводзе, як цяпер памятаю, такі хлапец па прозвішчу Шумак…
— Лёня, прывет!
— 3дароў.
— П’янствуем, значыць?
— П’ем піва. Давай да нас.
— Не, хлопцы вунь. Кампанія.
— Што, са стадыёна?
— Ну. Тры-ноль у нашу торбу. Макавеенка малайчына! Галавой пад самую штангу.
— Галавой?
— Ну. На апошняй мінуце. Клас!
— А Сідоранка?
— Сідоранка трыбуха. Хіба ён што можа! Гнаць яго трэба даўно. Колька, Колька, хвілінку. Ну, мужыкі, прашу прабачэння, там свае…
— Давай. Дык прадаўжайце, Іван Нічыпаравіч.
Читать дальше