Я ляжаў на снезе пад плотам за перакуленай скрыняй параконнай нямецкай фурманкі і, узрушаны яшчэ не астыглай радасцю ад даволі лёгкага поспеху, адчуваў сябе амаль шчаслівым. Час ад часу пазіраючы з-за абсыпанай снегам скрынкі на поле і слухаючы грукат недалёкага бою, я стараўся заўважыць у ім хоць якую-небудзь прыкмету таго, што немцы адступаюць, але нічога заўважыць не мог. Тады з’явілася меркаванне, што, можа, так яшчэ і лепш; трымацца тут, на гэтым мыску, увогуле было няцяжка, і ў той жа час гэта быў мысок, які глыбока ўразаўся ў абарону ворага, што само па сабе красамоўна сведчыла аб пэўнай выключнасці нашай пазіцыі. Мінаў час, у нас паранейшаму было зацішна, і розныя фарсістыя прыдумкі ўсё настойлівей пачалі займаць маё ўяўленне.
Я ўжо бачыў, як на КП заўжды раззлаваны боем камандзір палка, маючы на ўвазе хутар, кажа зараз начальніку штаба; «Малайчына гэты аўтаматчык, іш урэзаўся куды!» або, можа, нават пакрыквае ў тэлефонную трубку на нашага суседа камбата-тры: «Што там топчашся? Вунь аўтаматчыкі хутар узялі. На іх раўняйся!». Зрэшты, я быў бы рады, калі б ён нават не сказаў, а хоць бы падумаў пра мяне што-небудзь накшталт: «Малайчына младшой! Не з труслівага дзесятка!».
Смелы я або трус — аб тым мне, дарэчы, яшчэ самому было невядома. Па прычыне зусім нядоўгае мае франтавой выслугі, выпадку як след праверыць сябе на гэтым пакуль не здаралася. Яшчэ два дні назад кожны візг міны над галавой вымушаў мяне сціскацца ўсім целам на снезе, не вельмі ўжо хутка я зразумеў, што міны ўсё ж ідуць міма, і неяк неўпрыкмет для сябе стаў прывыкаць. Ды і сорамна было памкамузвода сяржанта Хазяінава, шыракатварага нетаропкага чалавека, удвая старэйшага за мяне, які на кожны мой так старанна хаваны ў сябе спалох нібы незнарок кідаў:
— Нічога! Міма…
Я і сам ведаў, што міма, і, каб загладзіць няёмкасць, спазнела, без яўнай патрэбы вытыркаўся з прыдарожнай канавы, у якой мы ляжалі ад раніцы, чакаючы сігналу на атаку. Але што я мог зрабіць, калі маё цела само, незалежна ад мае волі, так бессаромна рэагавала на кожны выбух. Яго хоць і чакаюць, аднак заўсёды ён застае цябе знянацку. А гэта, нават не пазіраючы ў мой бок, заўважаў сяржант Хазяінаў.
— Нічога. Абы да ночы…
Ён і тут, здаецца, адгадваў мае думкі і, пасмоктваючы з рукава махорачную самакрутку, таксама прыслухоўваўся да грымотнай таўкатні ззаду. Апрануты ён быў у новы яшчэ камсастаўскі паўшубак з выдраным клокам на левай лапатцы, на нагах яго сядзелі валёнкі, рукавіц ён, здаецца, не насіў, грэючы рукі цыгаркай. Падобна на тое, што яму было цёпла. Я ж у сваім «на рыбіным футры» шынелку пачынаў ужо зябнуць на снезе і, разы два павярнуўшыся, прыглядаўся да пабудоваў — загрузлай у снезе хаціны ды скасабочаных хлеўчукоў са снегавымі шапкамі на стрэхах. Жыхароў там, мусіць, не было, хутар выглядаў сіратліва пакінутым, і ўсё ж там, здавалася, было цяплей, чым на ветраным прыбоі пад яго сценамі. Хазяінаў адразу зрэагаваў на гэты мой міжвольны клопат, зірнуў з-за скрынкі і, згледзеўшы байца, што бліжэй за іншых ляжаў у ланцугу, паціху паклікаў:
— Маханькоў! Чуеш — паглядзі там…
Як ні дзіўна, Маханькоў зразумеў, з гатоўнасцю ўвішнага салдата хуценька падхапіўся і, спрытна перабіраючы локцямі, папоўз цераз двор да ганка.
— Уначы абагрэемся. Не можа быць, — нібы каб суцешыць мяне ды і сябе таксама, сказаў Хазяінаў і смачна засмактаў цыгарку.
Ноч нам была патрэбна, я адчуваў гэта, ноччу мы маглі тут прасядзець, а раніцай… Зрэшты, мае думкі не ішлі далей ночы, ранак быў незвычайна далёкім і зусім няпэўным — ці мала што магло здарыцца яшчэ да світання.
Тым часам памалу змяркалася, цямнела нізкае шэрае, як вата з фуфаек, неба. За снежным полем удалечыні ўжо ледзьве праглядвалі дахі сяла, дым ад пажараў у тым баку зусім змяшаўся са змрокам і стаў нябачным у небе. Толькі слупы ля дарогі на фоне снежнае шэрасці яшчэ прыкметны былі ў прыцемках амаль да сяла. Міны над хутарам, здаецца, сталі візжаць трохі радзей. Мяркуючы па тым, як пацішэла страляніна ззаду, можна было здагадацца, што бой к ночы канчаўся, так і не даўшы палку патрэбнага поспеху. Напэўна, сапраўды нам выпадала тут каратаць ноч, напалову абкружанымі.
Ну што ж, мне ад таго чамусьці не было дужа боязна. Хаця мы і апынуліся амаль што ў мяшку, але затое адарваліся ад начальства, якое за тры дні наступлення проста заганяла ўзвод аўтаматчыкаў. (Нават Хазяінаў стаў бурчэць і лаяцца.) Увогуле пакуль што атрымлівалася паводле выслоўя: няма ліха без дабра.
Читать дальше