— Ге, не дужа іх лёгка было прыціскаць. Мы раз пад Аўгустовам акружылі чалавек сто, дык біліся да апошняга. Толькі параненых некалькі засталося. Астатнія — трупы.
— Ну… Не, я правільна скумекаў. Сышліся мы за адзін дуб. Значыць, дагнаў я яго. Ён па адзін бок, я — па другі. Тут ужо ўцякаць яму — не з рукі, баіцца, адбяжыць — я і тыркну ў спіну. Дык ён хаваецца. Я аўтамат напярод і бокам за ім. Ён бокам ад мяне. я ў другі бок — ён таксама. Як дзеці. Цяпер дык аж смешна. Тады — не да смеху, праўда, было. Злосць мяне разабрала, ашалеў проста. За Дзянісава — такі хлапец!.. I вось якраз падляцеў — прама на яго парабел. Чую — трэсь, курок, значыць, а стрэлу няма. Асечка, ці што? Ці, можа, патроны ўсе?
— Асечка. Калі патроны канчаюцца, тады гэты парабел іх затвор паднімае. Тарчком так.
— Можа, і асечка, ага. Падскочыў я ды як трахну яго прыкладам, ён і паляцеў спотырча. Я зверху. Згрэб яго рукі, аўтамат мой не ведаю, куды і дзяваўся. Але і ён, гадзіна, дужы, рукасты фрыц, не які там пархацік. Пісталет у яго выпаў, ну, думаю, цяпер ты мой, галубчык. I тут трохі здзівіла мяне, помню, рукамі ён не за мяне, а нешта за сябе хапнуўся. Так, глядзь я гэта, а ў яго на двух пальцах ужо колца з чакой. Выдзернуў, значыць. а ў другой граната.
— Ого!
— Я ўвесь ахалонуў, аж воласы дыбам. Але неяк паспеў, згрэб ягоную лапу з гранатай. Як цяпер памятаю — зялёненькая такая, круглая, бы гусінае яечка, з паскай пасярэдзіне. а ў канцы — вядома, узрывальнік. Знаеш жа — планку адпусціць, пстрыкне і — капут абодвум. Кішкі на сучча… Дай тваіх паспрабаваць, балгарскіх, гэтыя нягеглыя нешта. Сігарэт і тых людскіх прывезці не можа. Гандлярка наша.
— Мусіць жа, сама не курыць?
— Сама-та не. Дык мужык курыць. Магла б пацікавіцца. А то ж без курава — якая жызнь!
— Не дужа яны тым цікавяцца.
— Ось і бяда. Ім абы выручка і каб клопату менш. Хаця магло і на базе не быць. I такое мажліва. Ну. Дык, значыць, сапім мы абодва і выкручваемся, як вужы. I ўсё ж я ашчаперыў яго лапу і дзяржу, аж жылы мае трашчаць. А ён і так, і гэтак — морда ўся ў поце, вочы на лоб, зуб сталёвы ў роце бліскае — болей мне з таго зуб гэты запомніўся — белы, як лыжка, бліскучы. I, мусіць, не ўтрываў я, здаў недзе. Ён і пхнуў гранату абоч, якраз ля майго калена ў траву. Я, ужо халадзеючы, неяк злаўчыўся, нагой яе як шпоркну ад сябе. Чую, хляснула — узрывальнік, значыць, я на другі бок за яго, а тут як грохне — дымам, зямлёй заваліла, боль… Не дакумекаеш ужо, што і балела. Проста боль, хоць зараві — я і ачумеў. Самлеў. Нічога не помню.
— Во і ў нас гэтак было. На Пулкаўскім. Наш аддзялённы Яфімкін першы ўварваўся ў дзот, схапіў кулямёт іхні… I давай…
— Ты чакай… Ачнуўся, чую — смярдзіць калёным, падняў галаву — млосна і ванітаваць хочацца. Ляжым мы крыж-накрыж — ён, праўда, на мне — і недзе рыззё тлее. А пада мной мокра — кроў яго і мая — усё ў адной лужыне. Неяк сапхнуў яго — камбінзон у шматы, ўся спіна, знаеш, нібы ваўкі яе рвалі. Але і я — не дай Бог! Крануўся — чую, хана! Нага нежывая, косць тырчыць, ад бота — кірзовыя ласкуты. Давай крычаць. Разы два вякнуў і зноў самлеў.
— Ну! Ведама ж, калі крыві столькі. I яшчэ вады хочацца, ага?
— Во праўда. Смага — гарэла ўсё.
— Гэта ад крыві. Кроў выходзіць — піць хочацца. Знаю… I з Яфімкіным так было, ледзь уратавалі. Ну, прадставілі яго да Героя, а нас — каго да Айчыннай, каго да адвагі…
— Усё ж пашэнціла. Пачулі сапёры. Унялі кроў, вывалаклі мяне на дарогу. У таго фрыца дакументы забралі. Прывязлі ў вёску, дзе штаб наш. А Краўчонак ужо сядзіць на прызбе, чакае палкоўніка да залівае хлопцам, як немца лавіў. Аказваецца, і ягоны фрыц тут жа, у хаце. Як мы разбегліся ў лесе, Краўчонак з ім дужа не цацкаўся — куляй цюкнуў у плячо, той і задраў руку ўгору. Ну, Краўчонак і выгнаў яго на дарогу. Падбеглі байцы — глядзяць, што за звер. А немчык стары такі, з адышкай, даволі плюгаваты — словам, нікчэмны фрыцок. Адно толькі пагоны нешта дужа кручоныя. Павялі ў штаб, а там як убачылі, як набеглі, — аказаўся генералам, крыж такі меў з дубовымі лісцямі. Ну яго, канешне, на самалёт і — у штаб фронту. Да самаго камандуючага. А мой фрыц, калі раскумекалі ў дакументах, быў ягоны шафёр. Каб на цябе халера! Ну, вядома, праз месяц Краўчонку — ордэн Леніна, сяржанта прысвоілі. Во як! А я ўжо на тым і скончыў — сем месяцаў у шпіталі — адзінаццаць ран, не жартачкі. Нагу адцяпалі па калена. Во як!
— А мы гэта свае мядалькі праз тыдзень і палучылі. А Яфімкін, бедалак, прыходзіць са шпіталю, няма нічога. Кажуць — на Героя не пацягнуў. Так і застаўся без нічога.
Читать дальше