Чароўная свежасць першых гадзін ранку лілася ў вокны рэшткамі застаялай начной прахалоды, роснай духмянасцю кветак з гародчыку, светлай вольнасцю шырокага пагоднага неба. Расхінуўшы гардзіны, Галя яшчэ раз агледзела завулак — над катлом, развяваючы наўкола гаркоту, ужо курыўся шызы дымок, а рабочы адышоў у бок і выціраў рукавом твар. Гэта быў стары сухенькі чалавек з пільнымі вузенькімі вачыма і маленькай галавою, накрытай захапанаю кепкай-аладкай. Якіх паўхвіліны ён думаў аб чымсьці, зазірнуў у кацёл і сказаў маладому;
— Ну хопіць, ядрона рэпа.
Малады — невялічкі, ладна збіты крапак — паслухмяна апусціў шлягу і стаў, зморана аддыхваючыся, пабліскваючы матавымі загарэлымі да рудога лапаткамі. Калі хлопец павярнуўся тварам да вокан, Галя аж войкнула ад здзіўлення — такі ён быў белы — і вочы, і зубы, а валасы і бровы, бы заінелыя, аж свіцеліся на загарэлым смяшлівым твары. «Гэ, дзед Архіп і Лёнька», — чамусьці мільганула ў Галінай галаве, і яна засмяялася, нібы падгледзела што — патаемнае і сарамлівае. Адразу ёй стала чамусьці дурасліва і добра, знікла санлявасць і былая кароткая прыкрасць. Дзяўчына крутнулася ад акна і з зухаватай жвавасцю пачала прыбірацца. Двума ўдарамі Яна падбіла падушкі, страсла з коўдры заспанае кацяня, са спрытнай нядбайнасцю захінула пасцель. Пасля з гэткай жа лёгкай рухавасцю памылася, апранула паркалёвую, у сіні гарошак сукенку і, закідваючы перад люстэркам галаву, некалькімі ўзмахамі грэбеня прычасала кароткія валасы. «Усё», — сказала яна сабе і з налёту крутнулася на круглым фартэпіянным зэдліку.
Трэба было іграць надакучлівыя гамы.
Пальцы прызвычаена, самі сабой бегалі па клавішах, піяніна неахвотна выціскала скупыя разрозненыя гукі, а Галя неўзабаве адчула, што ёй карціць другое — паглядзець у акно. Нейкі час яна стрымлівалася, прымушала сябе да музыкі, але ўрэшце зноў расхінула гардзіны і аддалася цікаўнасці.
Лёнька ўжо болей не стукаў той аглушальнаю шлягай, а разам з Архіпам цяпер займаўся новаю справай. Стоячы па абодвух баках катла, яны даўжэзнымі лапатамі нешта мяшалі ў ім. Гэта, відаць, было вельмі цяжка. Стары, падобны на жука ў сваёй зашмальцаванай чорнай вопратцы, неяк памаладому зухавата арудаваў лапатай. Напружваючыся з усяе сілы, ён уладарна падгінаў дзержанок пад сябе, пераварочваў у катле смалістую масу, крактаў ад напружання і задавальнення і паддзяваў зноў. Малады з другога боку, мабыць з яшчэ большай заядласцю, рабіў тое ж самае, намагаючы болей рукамі. На яго загарэлай спіне ад вялікай натугі цвёрдымі жаўлакамі варушыліся мускулы.
— Прысмылела, прыкіпела, надаела — павярнісь! — прыпяваў стары, і Лёнька аж ззяючы бліскучым ад поту тварам, радасна варочаў дымнае чорнае месіва.
Міжвольна паддаючыся чароўнай сіле іх цяжкай працы, Галя ўжо забылася на свае абавязкі — ёй было хораша і забаўна тут, з вышыні другога паверха, назіраць за гэтымі пашчырасці працавітымі вясёлымі людзьмі. Яна ўжо здагадалася, што яны вараць асфальт для вуліцы, і ў дзяўчыны разам з цікавасцю да іх справы з’явілася яшчэ і ўдзячнасць за клопаты, якія мелі дачыненне і да яе.
Над завулкам паволі ўзнімалася сонца, вузелі цені пад сценамі, школа насупраць ужо ярка зіхацела шматаконным фасадам. Вуліца поўнілася гарачынёй, пыльнай сухменню і гарачым смалістым смуродам асфальту. З двароў да незвычайнага відовішча пазбягаліся малыя на чале са сваім заўсягдашнім завадатарам Генькам, унукам школьнага дворніка. Гэты пяцігадовы карапуз у вялікай вайсковай фуражцы з чорнай аколышкай адчуваў сябе ў працы, як рыба ў вадзе, і цяпер круціўся пад самымі нагамі Архіпа і Лёнькі, гатовы, здаецца, улезці з цікаўнасці ў самы кацёл.
Галя зусім ужо згубіла ахвоту да свайго занятку, ёй таксама хацелася туды, да дымлівага вогнішча, але яна сарамяжліва стрымлівала сябе. «Во, каб пайсці ў смалакуры, — гарэзна падумалася дзяўчыне. — Прыедуць — скажу маме: паступіла ў рабочыя. Бывай музыка. Ні табе гамаў, ні практыкаванняў… Ось будзе перапалох!»
Ад такое свавольнае думкі яна засмяялася і адышла ад акна. У глыбіні душы ўзнікла і тлела нейкае невыразнае жаданне, цьмяная незадаволенасць нечым, імкненне кудысьці да лепшага. Новыя пачуцці неслі неспакой, шчымлівую заклапочанасць, але ці было тое смуткам ці цьмянай радасцю, дзяўчына не ведала.
На фартэпіяна чакалі яе два дні разгорнутыя практыкаванні, ды Галя ўжо забылася на гамы, яе душэўная ўзрушанасць прасіла чагосьці іншага — вольнага і шырокага. Бяздумная і далёкая, яна кранула клавішы — пальцы самі сабой натрапілі на дзівосныя такты любімага пракоф’еўскага «Вальса». Яна навучылася яго іграць даўно, яшчэ да музычнай школы, гэта быў яе любімы «твор для сябе», аднолькава блізкі ёй і ў гора, і ў радасць. Свежая, як ранак, мелодыя, поўная лірызму і летуценнасці, закружыла яе і панесла на сваіх бяздумна-салодкіх хвалях…
Читать дальше