Аўтаматчыкі нарэшце зразумелі каманду і, знаходзячы праходы, знікалі ў весніцах, між дамоў, за будынкамі. Лемяшэнка натрапіў на расчыненыя вароты і ўбег у даволі шырокі заасфальтаваны двор, на якім размясцілася нейкая нізкая шэрая будыніна, відаць, гараж. Следам за сержантам убеглі сюды яго падначаленыя — Ахметаў, Натужны, Тарасаў, апошнім трухаў Бабіч.
— Лейтэнанта забіла, — кінуў ім сержант, выглядаючы які-небудзь праход. — Ля белага доміка.
У той час аднекуль зверху і зблізку прагрукацела чарга, і кулі, пакідаючы на асфальце свежыя ямкі і зрыкашэціўшы, імгненна разляталіся ў бакі. Лемяшэнка кінуўся пад сховань глухой бетоннай сцяны, што абгароджвала двор, за ім — астатнія, толькі Ахметаў спатыкнуўся, ухапіўся за біклагу ля пояса, з якой у два струмені нешта лілося.
— Сабакі! Куды ўцэлілі, гітлерчукі праклятыя…
— З кірхі, — сказаў Натужны, пазіраючы праз голле дрэў у бок шпіталя. Яго невясёлы, папсуты воспаю твар агарнуўся клопатам.
За гаражом знайшліся весніцы з завязанай дротам клямкай. Сержант выняў фінку і за два ўзмахі перарэзаў дрот. Яны штурхнулі старыя дзверы і апынуліся пад разложыстымі галіністымі вязамі старога парку, але тут жа пападалі. Лемяшэнка разануў з аўтамата, за ім ударылі чэргамі Ахметаў і Тарасаў — між чорных жылістых камлёў беглі ўрассыпную зялёныя паджарыстыя постаці ворагаў. Непадалёку за дрэвамі праглядваў шырокі прастор нейкай плошчы, і за ім высілася ўжо нічым не затуленая кірха. Там бегалі і стралялі немцы.
Неўзабаве, аднак, ворагі заўважылі іх, і першая кулямётная чарга пырснула жарствой з бетоннай сцяны, абцярушыла парэпаную кару вязаў. Трэба было бегчы далей, да плошчы і кірхі, уссеўшы на ворага, не злазіць з яго карка, не даць яму апамятацца, але іх было мала. Сержант паглядзеў у бакі — болей пакуль ніхто не прабраўся да гэтага парку: чортавы панадворкі і загарадзі сваімі лабірынтамі трымалі людзей.
Кулямёты смалілі па сцяне, па шыферным даху гаража. Байцы распласталіся на драбнюткай далікатнай веснавой траўцы і тыркалі кароткімі аўтаматнымі чэргамі. Натужны выпусціў з паўдыска і сціх — страляць не было куды, немцы пахаваліся ўжо ля кірхі, а іх агонь з кожнай хвілінай гусцеў.
Ахметаў, лежачы побач, толькі соп, злосна раздзімаючы тонкія ноздры, і паглядваў на сержанта. «Ну, а што далей?» — пытаў гэты яго позірк, і Лемяшэнка ведаў, што і іншыя таксама пазіралі на яго, чакалі яго каманды, але скамандаваць што-небудзь было не дужа проста.
— А Бабіч дзе?
Іх было чацвера з сержантам — злева Натужны, справа Ахметаў з Тарасавым, а Бабіч так і не выбег з двара. Сержант хацеў загадаць каму паглядзець, што здарылася з тым мешкаватым байцом, але ў той час злева між дрэў замільгалі постаці аўтаматчыкаў іхняга ўзвода — яны сыпанулі аднекуль даволі густа і згодна ўдарылі з аўтаматаў па плошчы. Лемяшэнка не падумаў нават, а болей адчуў, што час падавацца далей, да кірхі, і, махнуўшы рукой, каб звярнуць на сябе ўвагу тых, злева, ірвануўся наперад. Крокаў праз некалькі пад камлём вяза ён упаў, даў дзве кароткія чаргі. Нехта глуха чмякнуўся побач, сержант не ўбачыў яго, але па нечым няўлоўным адчуў, што гэта Натужны. Затым ён ускочыў і яшчэ сігануў некалькі шырокіх крокаў. Злева не сціхалі чэргі — гэта пасоўваліся ў глыб парку яго аўтаматчыкі.
«Хутчэй, хутчэй», — у такт зморанаму сэрцу стукала ў галаве думка. Не даць апамятацца, наскочыць, разагнаць, бо, калі немцы паспеюць агледзецца і ўбачаць, што аўтаматчыкаў не шмат, тады будзе бяда, тады яны тут завязнуць…
Яшчэ прабегшы некалькі паспешлівых крокаў, ён упаў на старанна падгрэбены, прапахлы прэласцю дол; вязы ўжо засталіся ззаду, побач сціпла жаўцелі першыя веснавыя кветкі. Парк скончыўся, далей за зялёнай драцяною сеткай раскінулася блішчастая ад сонца плошча, вымашчаная дробнымі квадратамі шызай брусчаткі. У канцы плошчы ля кірхі мітусіліся прыгнутыя постаці немцаў у касках.
«Дзе ж гэты Бабіч?» — чамусьці ўсё назаляла думка, хоць з’явіўся цяпер большы клопат: трэба было неяк атакаваць кірху цераз плошчу, а гэтая справа здавалася яму нялёгкай.
Аўтаматчыкі, не дужа зладжана страляючы, выбягалі з-за дрэў і залягалі пад агарожай. Далей бегчы не было як, і сержанта дужа занепакоіла, як выбрацца з гэтага аблытанага дротам парку. Урэшце яго быццам нешта асвятліла знутры — ён выхапіў з кішэні гранату і павярнуўся, каб крыкнуць іншым. Але што крычаць у гэтым грукаце! Адзінай магчымай камандай тут быў уласны прыклад, надзейны камандзірскі загад: рабі, як я. Лемяшэнка вырваў з запала чаку і шпурнуў гранату пад сетку агарожы.
Читать дальше