Ларывон зірнуў на яго, нібы здзівіўся. У армію? Пасля задумаўся і ля^гаў доўга. Сын і Зося з дачкой усё стаялі побач і чамусьці, бы якога прысуду, чакалі, што скажа стары.
— Ну, што ж — ідзі… Усе мы хадзілі. Можа, ты шчаслівейшы… Зробіш, што нам не прыйшлося… Дажывеш — мір пабачыш… Эх, мір, мір! — гаротна выдыхнуў Ларывон і зноў замоўк, нерухомым поглядам уставіўшыся ў закураную нябеленую столь. Пасля ціха, але рашуча пацвердзіў:
— Ідзі, сын!
Ён склаў на грудзях рудыя, схуднелыя рукі, самі заплюшчыліся яго пагаслыя вочы, і стары заціх у забыцці — сухі, касмылявы, сівы, з трыма георгіеўскімі крыжамі на запалых грудзях.
Грышка боязна паглядзеў на бацьку, зірнуў на Зосю з малою, уздыхнуў і пачаў збірацца ў сваю вялікую, нязнаную дарогу.
1959 г.
Ён упаў на забаранаваную мякаць агароднай зямлі, не дабегшы якіх дзесяці крокаў да пасечанага асколкамі белага доміка з разбураным чарапічным дахам — іхняга ўчарашняга арыенціра тры.
Перад тым ён, ірвучы гімнасцёрку, прадраўся праз калючы гушчар жывой загарадзі, у якой з самага ранку гэтага пагоднага красавіцкага дня гулі, варушыліся пчолы, і, акінуўшы хуткім позіркам рэдкі ланцужок постацей, што па свежа апрацаваных агародах беглі да ўскраінных домікаў, замахаў рукамі і праз стрэлы і выбухі крыкнуў:
— Прыняць улева, на кірху!!!
Пасля прыгнуўся, неяк баднуў галавой у зухавата прыткнутай пілотцы і, выпусціўшы пісталет, тыцнуўся тварам у цёплую мякаць зямлі.
Сержант Лемяшэнка ў той час, размахваючы аўтаматам, зморана трухаў уздоўж калючай, дбайна падстрыжанай зялёнай сцяны і ледзьве не наскочыў на свайго нечакана распластанага ўзводнага. Спярша ён здзівіўся, што той гэтак недарэчна спатыкнуўся, нейкая няяснасць кораценька мільганула ў свядомасці, але затым усё стала на сваё месца. Лейтэнант назаўжды застыў, убіўшыся русавалосай галавой у пульхную зямлю, падкурчыўшы пад сябе калена левай нагі, выцягнуўшы правую, і некалькі пчол патрывожана мітусіліся над яго нерухомай прапацелай спіною.
Лемяшэнка не спыніўся, толькі нервова перасмыкнуў вуснамі і, пераняўшы каманду, закрычаў праз грукат бою:
— Узвод, прыняць лявей! На кірху! Гэй, на кірху!!!
Узвода, аднак, ён не бачыў — два дзесяткі аўтаматчыкаў ужо дасягнулі агарожаў, садкоў, будынкаў і прапалі ў грукаце бою, які ўваходзіў у самую сілу. Справа ад сержанта, на суседнім панадворку, мільгануў за шчыкетнікам шэры твар кулямётчыка Натужнага, недзе за ім паказаўся і знік малады бялявы Тарасаў. Астатніх байцоў яго аддзялення таксама не было відаць, але па тым, як час ад часу патрэсквалі іх аўтаматы, Лемяшэнка адчуваў, што яны недзе побач.
Трымаючы напагатове свой ППШ, сержант абабег домік, запыленымі ботамі трушчачы шкло і паскіданую з даха чарапіцу. У ім усё тлеў невыразны, так і не праяснены смутак аб забітым узводным, у якога, бы эстафету, падхапіў ён чарговы клопат — павярнуць узвод фронтам да кірхі. Лемяшэнка не дужа разумеў, навошта гэта было, але апошні загад камандзіра набыў ужо сілу і вёў яго новым кірункам.
Ад доміка па вузенькай дарожцы, выкладзенай бетоннымі пліткамі, ён дабег да весніц. За шчыкетнай загарадкай цягнуўся нешырокі завулак. Сержант зірнуў у адзін бок, у другі. Дзе-кольвечы сюды выбягалі з панадворкаў байцы і таксама азіраліся. Вунь і яго Ахметаў — выскачыў ля трансфарматарнай будкі, азірнуўся і, згледзеўшы аддзялённага, сярэдзінай вуліцы пашыбаваў да яго. Недзе між садкоў, шэрых катэджаў і домікаў з лютым крэктам разарвалася міна, побач на крутым даху, збітая асколкамі, зрушылася і пасыпалася ўніз чарапіца.
— Улева давай! На кірху!!! — крыкнуў сержант і сам пабег па — над драцяной агарожай, шукаючы дзе якога праходу. Наперадзе з-за курчавай зеляніны недалёкіх дрэў сінім шпілем тырчала ў неба кірха — новы арыенцір іхняга наступлення.
Тым часам у завулак адзін за адным высыпалі аўтаматчыкі; з’явіўся ззаду нізенькі, камлюкаваты, з крывымі ў абмотках нагамі кулямётчык Натужны, за ім — навічок масквіч Тарасаў, які з самага ранку не адставаў ад спрактыкаванага старога байца; з нейкага двара лез цераз загарадзь маруда Бабіч у перакручанай на галаве зімовай шапцы. «Не мог знайсці якога праходу, торба», — вылаяўся ў думках сержант, убачыўшы, як той спачатку перакінуў цераз плот свой аўтамат, а пасля нязграбна пераваліў на вуліцу няўклюднае медзведзяватае цела.
— Сюды, сюды давай! — махнуў ён, злуючы ад таго, што Бабіч, падняўшы аўтамат, пачаў атрэпваць свае запэцканыя калені. — Хутчэй!
Читать дальше