«Сляды на зямлі! Як гэта важна — сляды на зямлі!»— думала яна, адчуваючы нейкі незразумелы яшчэ, але дарагі ёй след у сваёй душы, які пакінуў і пайшоў, не азірнуўшыся, той белабрысы працавіты хлопец з ёю выдуманым імем — Лёнька.
1959 г.
Шмат год у добрым суседстве жылі гэтыя людзі, жылі ціха і мірна, збіраліся калі ў святы, выпівалі па чарцы, спявалі і весяліліся. I ніколі іх узаемаадносіны не даходзілі да прыкрасці або сваркі. Бадай усе жыхары зялёнай ускраіннай вулічкі лічылі, што няма ў цэлым свеце лепшых дружбакоў, чым гэтыя дзве бяздзетныя паважаныя сям’і.
I раптам уся іх шматгадовая дружба імгненна паляцела ў тартарары.
У той цёплы вясенні адвячорак сядзелі яны ў двары свайго двухкватэрнага, пафарбаванага охрай доміка і, як заўсёды ў такі час, гулялі ў даміно. Яны — гэта пенсіянер Круглоў — здаровы і даволі яшчэ маладжавы дзядзька з голенай галавой і манерамі былога вайскоўца, яго жонка — Кацярына Кірылаўна, вельмі ж дзябёлая і рашучая з выгляду кабета, іх суседзі — ён і яна Аўсейчыкавы, — надзіва худыя, быццам высахлыя людзі, якія болей за ўсё на свеце клапаціліся пра свайго Банціка — вельмі рухавага, дабрадушнага і касмылявага сабачку. Гэты Банцік увесь час круціўся ў двары, прабаваў злавіць матыля, цёрся пад сталом аб гаспадарскія ногі, а пасля знік, і занятыя гульнёй Аўсейчыкавы, відаць, адразу таго не заўважылі.
Каб затым усё было зразумела, трэба зазначыць, што быў у гэтым двары і яшчэ адзін сабака, даўні прыжывалец Кругловых, якога гаспадар у пагодныя вечары асабіста вадзіў на прагулку. 3 выгляду ён нагадваў здаравеннага таўстамордага ваўкадава, з лянівым і змрочным характарам. Круглоў прыдбаў яго недзе ў Германіі і вельмі ганарыўся ягоным чыстакроўным паходжаннем.
I вось у такі час, калі гулякі, поўныя ўзаемнай павагі і лагоднае чуласці, умеру грукатліва дагульвалі свайго казла, аднекуль з-за хлеўчука з віскам і вуркатам, сашчапіўшыся ў клубок, выкацілася гэтая сабачая пара. Ніколі дагэтуль не было выпадку, каб яны пагрызліся, і таму гаспадары ад спалоху і здзіўлення ажно жахнуліся. Аўсейчыкаў імгненна кінуўся да гэтага мітуслівага клубка вызваляць Банціка, які страшэнна якатаў; грозна крыкнуў нешта на сабак Круглоў, але нішто не падзейнічала. Сабакі, як ашалелыя, перакаціліся цераз двор і грызлі адзін аднаго ў крапіве пад плотам. Тады Кацярына Кірылаўна, раптам праявіўшы незвычайны для яе таўшчэзнага цела спрыт, ускочыла з лаўкі і падхапіла з прызбы поўную вады палівачку. Сабакі ў апошні раз віскнулі, калі на іх пляснуў шырокі сцюдзёны струмень, і разбегліся ў розныя бакі. Банцік, зрэшты, не дужа ўцякаў — выйшаў на сярэдзіну двара і атрахваўся, і тут аказалася, што яму перапала больш і яго пакудлачаная намокшая шэрсць агідна тырчыць ва ўсе бакі. Абодва Аўсейчыкавы кінуліся да яго, пачалі лашчыць, і Аўсейчыкава жонка неспадзявана пасцюдзянелымі вачыма зірнула на суседку.
— Аднак нельга ж так. Дашчэнту мокры! — дзіўна дрыготкім голасам вымавіла яна.
— А каб на іх воўка, ашалелі, ці што, — казала Кацярына Кірылаўна, няёмка месцячыся на вузкай дашчэчцы лаўкі.
— Дык гэта ж усё ваш. А аблілі вы нашага, — не магла стрымаць крыўды Аўсейчыкава. Кацярына Кірылаўна здзіўлена ўскінула бровы.
— Дык ён жа Джульбарса за карак ірваў. Так учапіўся, што…
— Ага, ірванеш вашага Джульбарса. Чакайце! Такая ваўкадавіна!
— Ну годзе вам. Давайце гуляць, — басавіта прыпыніў непрыемную размову Круглоў.
Аўсейчыкава ўзнялася, не зводзячы позірку з мокрага Банціка, і тады аказалася, што той у дадатак да ўсяго яшчэ і кульгае.
— Ну, глядзіце, глядзіце, што нарабіў гэты ваўкадаў. Бядняжка! I яго яшчэ вадой абліваюць.
Тут ужо адбыўся перапалох. Аўсейчыкаў, укленчыўшы перад сабакам, пачаў аглядаць яго. Круглоў таксама падышоў да іх, адна Кацярына Кірылаўна нешта адчула і заставалася на месцы.
— Кроў? Нага пракушана, — панылым голасам канстатаваў Аўсейчыкаў. — Я ж казаў, Кузьма Іванавіч, трэба на прывязі трымаць. Цяпер палюбуйцеся, што нарабіў гэты дварняга.
— Хто? Наш Джульбарс — дварняга?! — жахнулася за сталом Кацярына Кірылаўна. — Гэта ваш — шаўка. Так яму і трэба.
— Хопіць! — строга крыкнуў на жонку Круглоў і павярнуўся да суседа. — Парода Джульбарса хай вас не датычыцца. А калі ваш сабака паддаецца, дык яго і прывязвайце.
Аўсейчыкаў з нянавісцю паглядзеў на пенсіянера, а яго жонка аж затрэслася нібы ў ліхаманцы.
— Ты нам не ўказ! — адпусціўшы ўсе павады стрыманасці, завірашчэла яна. — Гэта вам не армія! Мы тут пятнаццаць год жывем, і ніхто нашага сабачку раз не ўкусіў. А як вы прыехалі, яму жыцця не стала. Хамы вы!
Читать дальше