— Дык пайграеш, га? — чуўся за агародчыкам хлапечы голас, але яна ўжо не паказвалася ў акне. Прытаіўшыся за занавескай, Галя моўчкі сачыла за імі,— як яны курылі, нешта ўпаўголаса перагаворваліся аб сваіх справах, потым старэйшы ўзняўся, і яны пайшлі да катла. Лёнька азірнуўся на акно, і тады яна, засмуткаваўшы невядома чаго, уздыхнула.
…З паўдня Архіп і Лёнька пачалі асфальтаваць тратуары. На вузкай палосцы ля плота Архіп разгарнуў прывезены самазвалам пясок, а Лёнька, зухавата падхапіўшы жалезную тачку, пачаў вазіць дымны смярдзючы асфальт. Гэта было, пэўна, нялёгка: на грудзях і руках хлопца напружваліся мускулы, спіна макрэла ад поту, але сам ён заставаўся паранейшаму вёрткі, вясёлы, нібы прыемней за гэту работу нічога не ведаў у жыцці. Варта было паглядзець, як ён, вывернуўшы пры плоце дымную кучу асфальту, бягом гнаў перад сабой тачку, поўнячы вуліцу шумам і грукатам, як спрытна варочаў у катле вялікай лапатай і з якой зачараванасцю бегала за ім галапузая басаногая блазнота, каб пераканацца, што гэтая праца для хлопца была прыемнай і звыклай.
Галя шырока расхінула гардзіны, каб бачыць увесь завулак, і то сядзела на падаконніку, то бязмэтна тупала ля акна. Яна ўжо не іграла болей, прыціхла, бы злоўленае мышаня, увесь час адчуваючы насцярожаную хлопцаву ўвагу да акна. Пасля яна старанней прыбрала ў пакоі, перагарнула свае ноты, якія цяпер чамусьці набылі новы, куды больш аначны сэнс.
Тым часам завулак мяняў аблічча.
Архіп хутка разгортваў лапатай рыхлыя кучкі асфальту, затым кароценькай дошчачкай спрытна разгладжваў яго па зямлі. Уздоўж плота марудна, але няспынна расладаўжэла свежая, чорная і не астылая яшчэ пад спякотным сонцам палоса тратуара. Хлапчукі з дворнікавым завадатарам у вайсковай фуражцы ўсё штурхаліся ля Архіпа, ледзь не наступаючы яму на рукі, а ён не сварыўся, толькі нешта жартаваў з імі і сачыў, каб тыя не ступалі на мяккі яшчэ асфальт. Галя зайздросціла ім, гэтым падшывальцам, яна таксама хацела быць там, паспрабаваць самае тае нялёгкай і важнае працы, але пасля размовы з хлопцам сарамлівасць утрымлівала яе. Каб не губляць марна часу, яна ўзяла падручнік, прыладзілася на падаконніку і так, не адрываючыся ад падзей у завулку, спасцігала недацэненае раней мастацтва музыкі.
Архіп і Лёнька працавалі заўзята — смылілі ў завулку дымам, палілі кацёл вялікім і малым агнём, слалі і слалі пры плоце чорную стужку асфальту.
…Надвячоркам, калі спякотнае сонца ў бясхмарным небе кранулася даху школы, усё было скончана. Пад катлом засталася шэрая грудка попелу, Лёнька сабраў у кучу ўвесь іх закураны інструмент, выцер аб штаны страшэнна запэцканыя далоні. Архіп узяў з-пад плота несамавіты свой пінжачок, яны закурылі напаследак, і Лёнька ўзняў голаў да яе акна.
— Ну, дзякуй за музыку. Вучыся — на канцэрт слухаць прыйдзем, — гукнуў ён, заўсміхаўся і памахаў рукою. Твар яго быў ужо зусім чорны, абсмылены, а зубы, вочы і віхры валасоў таму здаваліся яшчэ святлейшыя.
Яна зразумела, што гэта развітанне, і дзяўчыне стала чагосьці нясцерпна шкада. Не адказваючы юнаку, Галя кінулася ў дзверы, па парэнчах ссунулася ўніз, ускочыла ў агародчык і пачала таропка рваць свае ўсё лета гадаваныя вяргіні. Яна рвала кветкі з лісцем, са сцябламі і галінамі — нарвала цэлы ахапак, спяшаючыся і баючыся спазніцца, адчуваючы, што мінаецца зараз нешта незвычайнае, непаўторнае і вельмі важнае.
Праз якую хвіліну, калі дзяўчына выскачыла з агародчыка, тыя двое людзей зморанай хадою працаўнікоў выходзілі з завулка на вуліцу. Яны ішлі няспешна — Архіп у накінутай на плечы світцы, Лёнька ў аблезлай майцы, туга напятай на яго дужай спіне. Асфальціроўшчыкі нават не азірнуліся назад, дзе з апушчаным букетам ярка-чырвоных вяргіняў разгублена стаяла дзяўчына і ляжаў аздоблены і ўпарадкаваны іх працай завулак. Бы дзве закапцелыя парныя лыжы, пралеглі абапал дарогі зманлівыя, чысценькія, блішчастыя тратуары.
А завулак працягваў жыць сваім прывычным жыццём. Па зацвярдзелым ужо асфальце насілася басаногая вулічная драбнота — Колі, Васі, Пеці, Ігарочкі, Людкі, Ленкі і, як заўсёды, наперадзе ўсіх — дворнікаў Генька ў насунутай на пераноссе фуражцы.
— След, след, глядзі след! — закрычаў ён, раптам спатыкнуўшыся на ўскрайку чорнае паласы. — След застаўся, глядзі! Во!
Да яго навыперадкі, падаючы і разбіваючы з лёту насы, кінуліся малыя, а Галя задуменна стаяла, пазіраючы на іх мітусню і не могучы пераадолець у сабе невыразную салодкую журботу.
Читать дальше