Марына Паўлаўна ў такт гаворцы яго з ласкава-іранічнай усмешкай ківала галавой.
— Я ўсё гэта ведаю. Дзіўны ты, Сеня! Ці ж аб гэтым клопат? Ці ж гэта мучыць мяне? Помніш, мы ўжо гаварылі... Я не зайздрошчу... Але — ты чужы стаў нейкі... быццам няма цябе зусім... ці мяне няма... Ты ніколі не скажаш ні слова мне, не пагаворыш са мной, не параішся...
Карызна разумеў, што яна кажа чыстую праўду. Але што ж ён зробіць? Ён не можа перамагчы ў сабе таго пачуцця не то сораму, не то прыкрае няёмкасці, якое заўсёды абуджаецца ў ім, калі ён спрабуе зноў завязаць з ёй былую блізкасць. Можа, гэта — часовае, можа, яно потым мінецца. Можа, яна і сама вінавата, што сваёй падазронасцю, сваёй вечнай настарожанасцю перагараджае яму да сябе дарогу. З цятам часу гэта напэўна сатрэцца, і іхнія адносіны стануць зусім нармальныя. Вось сёння яны ўжо гавораць усё адкрыта, не саромяцца адно аднаго і вераць адно аднаму.
Марына Паўлаўна з той жа ласкава-іранічнай усмешкай слухала ягоныя тлумачэнні. А як скончыў, ціха і проста запытала:
— Сеня! Чаму ты ўжо не канчаеш?
Карызна сумеўся.
— Што не канчаю?
— Усё... Мы не звязаны, Сеня, нічым. Нашто нам адно аднаму замінаць?
Карызна дасадліва зморшчыўся:
— Я не маю ў гэтым патрэбы. Я не ведаю, чаго ты хочаш. Я гаварыў усё адкрыта сёння, дык і ты кажы...
I Марына Паўлаўна сказала. Яна не мела на ўвазе гэтага гаварыць — прынамсі, ніколі не думала, што так скажа. Але, мабыць, жыло гэта доўга ў нутры ў яе і настойна шукала выйсця, бо цяпер, як прыйшла магчымасць сказаць, яна ўжо не мела сілы стрымацца.
— Я не хочу, Сеня, каб было так далей. Я не хочу, каб ты жыў так... надвая... Або яна — або я...
Вось і ўсё... Цяпер ужо кончана ўсё — яна сама закрыла дарогу далейшым шчырым размовам. Вось ён няўцямна паціснуў плячмі, устаў, пачаў хадзіць па пакоі. Ён ужо зноў — чужы, ад яго ўжо больш не пачуеш жаднага слова.
Нашто яна сказала гэтае наіўнае дзяцінае глупства? Бач ты, як у драме ўсё роўна. Трагічная гераіня... Першая палюбоўніца... «Або я — або яна!..»
Ён, вядомая рэч, не чакаў ад яе гэткае дурасці, ён цяпер пагарджае ёй.
Усё копчана. Вось ён ужо безуважна пазірае ў акно, ён ужо думае пра другое. Ясная справа: ён падыходзіць да стала і заклапочана выбірае нейкія паперкі — гэта ўдае, што некуды трэба ісці яму з пільнымі справамі. Як заўсёды, зараз напусціць на твар сярдзіта-дзелавую, злосна-рашучую міну, пройдзецца яшчэ разы са два па пакоі размашыста-цвёрдымі крокамі, схопіць партфель і грукне дзвярмі... Марына Паўлаўна ведае, куды ён пойдзе.
Але ён не сказаў нічога? Ён мусіць сказаць яшчэ нейкае слова?
I Карызна гаворыць, на момант суняўшыся ў дзвярах і не абарачваючыся:
— Напішы ліст дачцэ — нешта нічога ад яе не чуваць...
Марына Паўлаўна доўга сядзіць нерухома, упяўшы некуды ў нявідную кропку свае блеклыя, бясцветныя вочы. I ў пустэчы гэтых вачэй яшчэ глыбей правальваюцца ўсе захаваныя думкі яе і адчуванні.
Але вось раптам па яе твары ледзь прыметна разліваецца палахліва-радаснае здзіўленне — яна ўспомніла апошнія Карызнавы словы.
Чаму ён менавіта цяпер памянуў пра дачку? Што хацеў ён сказаць гэтым напамінаннем?
Марына Паўлаўна асцярожна ўсміхаецца, і гэтая ўсмешка доўга астаецца ў яе на твары. Яна падыходзіць да Карызнавага стала, бярэ адтуль фатаграфію ў стракатай чарапашкавай асадцы і доўга-доўга ўзіраецца ў прыгожы вясёлы твар маладой дзяўчыны. З вачэй у яе бягуць дзве дробныя жвавыя слязінкі. Яна глыбока ўздыхае і, становячы на месца доччыну фатаграфію, заспакоена шэпча:
— Добра ўсё-ткі, што я так сказала...
7
Выслухаўшы блытаныя Паўлюковы паведамленні, Цімафей Міронавіч Гвардыян моўчкі падышоў да кутавой шафкі, дастаў адтуль адпалавіненую паўлітроўку, выліў рэшту гарэлкі ў вялікую чайную шклянку і падаў брату.
— На, выпі.
Паўлюк ішоў да гарэлкі паволі, сцеражліва, як па кладцы, і ўжо з паўдарогі выцягнуў наперад сваю непрыгожую хваравіта-чырвоную руку. Узяўшы шклянку, ён з момант трымаў яе ў нейкім зачарованым аслупяненні і тады ўжо пачаў хапліва піць, гулка чоўкаючы рухавым горлам. Выпіўшы, страшэнна скрывіўся і моўчкі пайшоў да дзвярэй, упарта не спускаючы з твару свае крывое міны, у якой сабраліся ў агідны скрутак — і пякучая горкасць гарэлкі, і пагарда да самога сябе, і нянавісць да брата, і глыбокае ўсеагульнае расчараванне.
Гвардыян глядзеў яму ўслед роўным застылым поглядам, і на жорсткім пергамінавым твары ў яго не мігнула ні спагады, ні асуджэння, ні нават пагарды. Як зачыніліся за Паўлюком дзверы, ён так жа застыла паглядзеў на пустую пляшку, пакруціў яе ў руцэ і паставіў у шафу.
Читать дальше