Фактычна нічога такога асабліва новага Паўлюк не сказаў — мо не варта было і глуміць столькі гарэлкі. Але Гвардыян заўсёды мяркуе наперад. Ад яго не пяройдзе: стары п'янюга яшчэ будзе ў прыгодзе — хай ведае братаву ласку. Цяперашнім светам з кожным трэба мець сякую-такую палітыку.
Прыйшоўшы да гэтае лагічнае высновы, Гвардыян адышоўся ад шафкі і паволі пасунуўся ў чыстую палавіну хаты: тут ён можа спачыць душой і аб усім падумаць.
У чыстай палавіне сабраны ўвесь бляск Гвардыянавага багацця і культуры. Увесь гэты пакой пазастаўлены мэбляй розных гатункаў і рознае вартасці, сярод якой ёсць і самотныя адзінкі сапраўды шыкоўных, дарагіх гарнітураў і ўбогія прадстаўнікі мясцовага саматужнага майстэрства. Усё стаіць у дасканалым парадку, які дужа цешыць гаспадара і якім гаспадар дужа ганарыцца. Крэслы ўсе выстаўлены шнурам паўз сцяну — перш маленькія, потым большыя, яшчэ большыя і г. д. Шафы таксама плячо ў плячо прыхінуліся да другое сцяны, але адной не хапіла месца, дык яна стала бокам, пакрыўджана адвярнуўшыся ад сваіх суседак. У двух процілежных кутах стаіць па вялізным трумо, а ў трэцім куту, што супроць абразоў,— наймілейшая Гвардыянава рэч — шырокае і глыбокае спрунжынавае крэсла. На гэтым троне любіў часам пасядзець Цімафей Міронавіч, аддаўшыся глыбокаму адчуванню сваіх шматгадовых здабыткаў, станавіта размешчаных перад яго вачыма. Тут ён на самоце абмяркоўваў свае мудроныя гаспадарчыя справы, тут жа ўдаваўся ён і ў самадавольнае філасафаванне на тэму аб тым, што вось не кожны чалавек патрапіць жыццё сабе чыста наладзіць, што не кожнаму чалавеку дадзена на гэта сіла і здольнасць.
У гэтае старасвецкае крэсла асцярожна спусціў цяпер Гвардыян сваё недалужнае цела і, цяжка ўздыхнуўшы, стаў думаць свае непакойныя думы.
Усё, аб чым сёння казаў Паўлюк, ён ужо ведаў раней, але з гэтага ведання малую меў сабе ўцеху; ён ані нічога не разумеў. «Што ім трэба? Якая ў іх праўдзівая мэта?»
Гвардыян за сваё багатае і дабром і ліхам жыццё прызвычаіўся ў кожным дзеянні людзей пад знадворным яго выяўленнем знаходзіць просты матэрыяльны сэнс, які часамі быў зусім розны ад тых мэт, што паказвалі людзі, і які заўседы — ён ужо добра ў гэтым пераканаўся — круціўся недалёка ад таго, самага любага ўсім, як і яму, Гвардыяну, рубля. I цяпер ён, адкінуўшы ўсякія там палітычныя гутаркі ды агітацыі, стараўся знайсці просты матэрыяльны эквівалент небяспекі, што насоўваецца на яго грознай навалай.
Можа, будзе абрэзка зямлі? Можа, прыйдзецца заплаціць нейкі асаблівы падатак?
I, каб напужаць сябе, каб загадзя прывучыць сябе да страшнай магчымасці, ён бярэ найбольшае:
— Няўжо цэлую тысячу?
Ён шырока расплюшчвае вочы і стараецца самога сябе падманіць, што сапраўды яму страшна, што горшага ўжо быць не можа. Але дармо! Нейкі ліхамысны нутраны голас падказвае, што гэта не страх, а ўцеха, што ідзе нешта куды вялікшае і страшнейшае. I ў тым, што цёмнае яно, невядомае, — самая турбота Цімафею Міронавічу Гвардыяну.
Па мястэчку — Гвардыян ведае — часта памінаюць ягонае імя. У Малаха, дзе кватаруе таварыш рабочы з горада, — Паўлюк казаў — маюць яго ўжо за першага ворага. А тут яшчэ круціцца — сыскаўся са свету — гэты зладзюга Шыбянок. Што ён мае да яго? Чаго ён гару верне на бязвіннага чалавека? За што ён меціцца яму?
Гвардыян, праўда, ведае добра, за што меціцца яму «зладзюга Шыбянок», ён не забыўся яшчэ, што гэта з яго лёгкай рукі пайшоў той — голы як бізун — у невядомы свет шукаць невядомае долі. Дый баіцца ён гэтага чорнага чалавека горш, як агню, але ніколі сам сабе не прызнаецца ў гэтым і свой страх хавае за ўтульную заслону фармальнае законнасці.
— Я нічога супроць законаў Савецкае ўлады не рабіў. Я ні ў кога не ўкраў і нікога не абрабаваў. Я сам жыў і дзяржаве даваў. А што наймаў, дык на гэта таксама быў закон ад дзяржавы. Дзе ж мне, век служачаму чалавеку, ды яшчэ, будучы, сямейна-бяздзетнаму, з усёй гаспадаркай самому ўправіцца!
I ў Гвардыянаву свядомасць адзін па адным плывуць самыя пэўныя, самыя рашучыя аргументы, якія даводзяць поўную ягоную лаяльнасць. Ён паступова смялее, і непакой яго змяняецца на абурэнне.
— Што я мяшаў яму катораму абжывацца? Што я яму катораму свет завязаў? Гэтак не то што Шыбянок, а і родны брат гатоў сказаць, што я разарыў яго, гаспадаркі рашыў?
Праўда, братава Паўлюкова гаспадарка, як і таго, Шыбянка, таксама ў ягоныя рукі перайшла, але ж ён сплаціў яму ў добрай згодзе па закону і мае права цяпер з шляхетным абурэннем сустрэць усякую з яго боку прэтэнзію.
Читать дальше