Карызнава захапленне, энергія яго і парыванне не толькі не згасалі з цягам дзён, а распаляліся з большай сілай. Пасля першага сходу ў мястэчку ён пабыў бадай ува ўсіх вёсках свайго сельсавета і канчаткова пераканаўся, што пад знадворным нездаволеннем, недавер'ем, боязню, пад бабскімі істэрычнымі крыкамі і сцеражліва-разважным маўчаннем мужыкоў хаваецца ўсё-ткі глыбокая гатоўнасць да нейкае рашучае, яшчэ неасазнанае змены жыцця, поўнага дзікіх супярэчнасцей і несуладдзя. Трэба выявіць гэту гатоўнасць, памагчы асазнаць яе і даць ёй належны кірунак.
Так, Зелянюк праўду казаў: перш-наперш — разварушыць. Гэта — галоўнае.
I Сымон Карызна, упэўнены ў немінучай удачы, даў сабе слова намагчыся ўсімі сіламі і калектывізаваць свой сельсавет раней ад усіх у раёне.
Трэба пачынаць з Сіўца. За Сіўцом пойдуць іншыя вёскі. Але пакуль што тут справа яшчэ не рушыла з месца — усё асталося застыўшы на тым пункце, да якога прывёў першы, па Зеленюковаму вельмі ўдалы, сход. Але тут нешта робіць сам Зелянюк. Гэта добра — браць знізу, спакваля раскалупваць каржаватую глебу сялянскай псіхікі. Добра і тое, што ён узяў на рэмус камсамольцаў, прыцягнуў іх да гэтае напружанае штодзённае прапагандысцкае работы. Яны сапраўды «разварушваюць», і вынікі гэтага «разварушэння» ўжо добра відаць: невялічкі, але дружны бядняцка-серадняцкі актыў гатоў выступіць першым баявым атрадам у змаганні за калектывізацыю мястэчка. А тады – шырокае арганізаванае наступленне, масавая агітацыя, масавае «разварушэнне», уздым энтузіязму – і поўнае завяршэнне ўсяе работы.
Адным словам — усё ідзе як мае быць.
Як і заўсёды, зладнасць у працы настройвае Карызну на зладнасць і ў асабістым жыцці. На свае сямейныя справы пачынае глядзець з пагадлівай спакойнасцю. Фактычна, аб чым жа тут справа? Ці ёсць які сэнс і прычына да тых згрызот і душэўнага мітушэння, што апанавалі былі яго апошнімі часамі?
Праўда, жонкі свае, Марыны Паўлаўны, ён не кахае. Ён ужо дасканала праверыў свае цяперашнія адносіны, свае пачуцці да яе і зрабіў гэтую рашучую канчатковую выснову. Але ці ж гэта сталася толькі цяпер? Ці не мінула ўжо колькі год з таго часу, як згасла ў ім цікавасць да яе як да жанчыны і іхняе сужыццё абярнулася ў простае — праўда, нуднаватае троху, бледнае таварышаванне? Ні ён, ні яна не наракалі — мабыць, лічылі гэта за няўхільны закон усёмагутнага часу (яму ж ужо без малага сорак гадоў!), і абое моцна трымаліся за рэштку свае шлюбнае сувязі, што ўвасаблялася ў іхняй адзінай дачцэ, якую любілі яны бязмежна. Нават пасля таго, як выправілі дачку ў Мінск на вучобу, адсутнасць яе, пастаянныя думкі і турботы аб ёй яшчэ больш былі зблізілі іх.
Ці вінаваты ён перад Марынай Паўлаўнай?
Ён, мабыць, кахае Веру Засуліч. Жонка ведае гэта — яна за дзевятнаццаць год супольнага жыцця навучылася адгадваць усе яго перажыванні. Але ж ён сам абмяжоўвае сваё пачуццё, хавае яго нават ад самое Веры. Нават Вера — ён упэўнены гэтым — нічога не ведае. Што ён часта ходзіць да яе? Ён ходзіць як да таварыша ў рабоце, ён і гаворыць з ёй больш аб розных справах — яна ўмее разумець яго і нават памагае яму разважыць тыя ці іншыя — выключна дзелавыя — сумненні.
Чым жа ён вінаваты? За што ж Марына Паўлаўна злуе на яго? А яна злуе, ён добра бачыць, ды і яна надта гэтага не хавае. Не іначай — тут нейкае непаразуменне.
I Сымон Карызна бярэцца за ліквідацыю гэтага непаразумення.
Ён прычакаў зручнага моманту і неяк раз, як былі абое ў добрым гуморы, запытаў яе:
— Марына! Ці не думала ты калі-небудзь, што ў нас з табой нейкая недарэчнасць выходзіць. Не так мы жывём адно з адным... дрэнна жывём... га?
Марына Паўлаўна адгукнулася на гэта з гарачай гатоўнасцю.
— Сеня! Нам жа даўно трэба было пагаварыць пра гэта. I я чакала ўсё, я не важылася першая пачаць.
Яе паспешная гатоўнасць і тое, што яна яго раптам назвала «Сеня» (гэтага не было ўжо даўно), троху ахаладзіла Карызну, але раз пачаў, дык трэба канчаць.
— Ты ўсё злуеш на мяне, Марына. Заўсёды нейкая нездаволеная, чураешся мяне.
Марына Паўлаўна ціха ўсміхнулася.
— Ці ж гэта я?
I ў ціхім асцярожным дакоры яе чулася глыбокая пакорная адданасць жанчыны, якая гатова ўсё дараваць. Карызна не ведаў, як далей павесці гаворку, і яна памагла яму.
— Ты ўсё гавары, Сеня, аб усім. Нам няма чаго саромецца адно аднаго. I я ведаю ўсё...
Карызна настаражыўся.
— Гэта ты пра Веру? Ну, я буду зусім адкрыта... Вера мне падабаецца, я часта хаджу да яе, мы гутарым, абмяркоўваем нашыя справы...
Читать дальше