Гэта значыць, што Аўгінька пойдзе з ім аж да млына. Гэта ж не мешп як гоняў з пяцёра!
Ідзе Віктар наўмысля марудна, ледзь пераступаючы нагамі, каб як даўжэй працягнуць дарогу. Вось Сівалапы асталіся ззаду, іх захінула старая разгатая вярба, абвешаная сівымі пасмамі шэрані. У Віктара сэрца пачынае біцца яшчэ мацней, чымся дагэтуль, і ў грудзях узмываецца дужа салодкая і дужа пякучая хваля. Ён клапатліва азірае дарогу — ці не відаць там каго? — і, упэўніўшыся, што ніхто іх не бачыць, неўзаметку, на хаду абнімае адной рукой Аўгіньку і пяшчотна туліць яе да сябе. Яна не вырываецца, і ў гэтай любай пакорлівасці яе самая радасць Віктару. Ён мацней прыціскае яе, і яму здаецца, што праз халодную паверхню кажушка да яго рукі даходзіць мяккая цеплыня яе ўтульна схаванага цела. Гэта, мабыць, яшчэ больш распаляе Віктарава пачуццё, і, мабыць, ён яшчэ мацней сціскае Аўгіньку ў сваіх абнімках, бо яна раптам хапае яго за руку і шэпча з ласкавым дакорам:
— Віця! Што ты?
Але рукі ягонае не адрывае, а толькі ціха, нясмела сціскае яе сваімі сагрэтымі ў рукаўках пальцамі.
Так падыходзяць яны пад самы млын. Тут яшчэ стаяць некалькі хвілін, і на развітанне Віктар абавязкова запрашае яе прыйсці ўвечары ў нардом. Яна зазвычай адмаўляецца, і Віктар ідзе ад яе з адчуваннем свае глыбокай віны, што не можа, не здольны ўвесці яе ў грамадскае жыццё мястэчка, ліквідаваць яе культурную і палітычную адсталасць.
Аўгінька ж кідае ўслед яму спакойны ласкавы погляд і паспешна варочаецца дахаты, добра ведаючы, што малыя знойдуцца і без яе.
Так бывае ў іх бадай штодня, і, як заўсёды ў маладых каханкаў, такая аднастайная паўторнасць не толькі не дакучае ім, а, наадварот, падкрэслівае цёплую інтымнасць іхніх мімалётных сустрэч.
...Сёння Віктар падышоў чамусьці асабліва смелы і нават, як здалося Аўгіньцы, троху паважны. Спачатку ўсё ішло як належыць: прывіталіся, пагаварылі пра малых, і ўжо Аўгінька гатова была ўспомніць пра каўзель, як раптам Віктар запытаў у яе:
— Аўгінька, ці ў хаце твой бацька? Я маю да яго інтэрас.
Ого! Віктар мае інтэрас да яе бацькі! Віктар гатоў пайсці ў іхнюю хату! Ці не воўк за гарой здох, што гэткае прыспела? Дасюль жа ён ніякім чынам туды не залучаў: баяўся, саромеўся ці мо так меў якую прычыну.
Бацька, вядома, у хаце — дзе ён будзе яшчэ?
— Калі хочаш, зайдзі — тата там.
З дзелавым выразам на твары, а ўнутры з радасным здзіўленнем ідзе следам за ім, уваходзіць у хату і, астаўшыся ля парога, моўчкі, зацяўшы дух, сочыць за тым, што будзе дзеецца.
Віктар зважна сядае на лаўку і заводзіць гаворку.
— Як, дзядзька Малах, падскокваеце?
— От, як той пень гнілы, не раўнуючы. Гэта вам, маладым, скокі-падскокі...
— Мусіць, у калгас ужо запісаліся, дзядзька Малах?
— Пэўна што. Яшчэ з восені торбы нарыхтаваў.
I, каб загладзіць свой непрыязны жарт, зараз жа дадае:
— Дзе ж той калгас? Яшчэ ніякага ў нас калгаса няма. Яшчэ і гутаркі сур'ёзнае не было.
— А мы, дзядзька Малах, без гутаркі яго арганізуем. Ураз, па-бальшавіцку.
Малах замест адказу ўздыхае працяжным чатырохпавярховым уздыхам:
— Эх-хе-хе-хе-е-е...
Зрабіўшы належны ўступ, Віктар падходзіць да справы.
— Як вы з дрыўмі, дзядзька Малах?
Малах ажыўляецца:
— Кепска, браточак мой даражэнькі! Лічаныя паленцы ўжо асталіся.
—Тую палавіну не паліце?
— Які яе чорт будзе паліць? Ці нам гэтае мала?
Віктар яшчэ з хвіліну маўчыць і нарэшце пытае:
— Ці не пусцілі б вы ў яе хлопца аднаго на які месяц ці два? Дроў мы неяк прыдбаем.
Малах троху думае, але больш дзеля прыліку. Чаму ж не пусціць чалавека ў пустую хату, а злашча калі ён з дрыўмі?
— Хто яго... Так ад людзей мы не ўцякаем, хай бы жыў сабе... Адно клопату троху. А хто ён, гэты твой хлопец?
— З горада што... Брыгадзір.
Малаху гэта зусім даўпадобы. Хто ж адмовіцца пусціць да сябе начальства? Можа, яшчэ якая і палёгка будзе... I Малах ураз канчае:
— Хай прыходзіць. Сёння мы неяк сваімі прапалім.
— Дык я скажу яму. Бывайце, дзядзька Малах!
I ён ідзе да дзвярэй — зважна, спакойна,— ведама, сур'ёзны такі чалавек. I, ідучы паўз Аўгіяьку, ловіць яе вясёлы ўдзячны погляд.
Аўгінька надзвычайна рада. Гэта ж не іначай Віктар з ім таварышуе, з гэтым гарадскім. Ён штодня будзе хадзіць да яго і бачыцца з ёю. I вяселая Аўгінька гатова ўжо з радасці пабегчы ўслед за Віктарам, але парой сунімаецца: адразу кінецца ў вочы!
I яна астаецца ў хаце.
А Віктар рады яшчэ больш за яе — дармо што там, у хаце, трымаў такі зважны, сур'ёзны выгляд. Гэта ж ён сам і падстроіў усё, сам нараіў Зеленюку закватаравацца тут, у Сівалапах.
Читать дальше