Якуб Лакота з хвіліну думаў — пахмуры, скупчаны ў сабе — і потым адказаў з рашучай цвёрдасцю:
— Гэта няправільна і непатрэбна...
I Віктар, забыўшыся раптам на тое, што гэта ён «не к таму», што «ён можа зрабіць і ён зробіць», загарэўся палкай надзеяй.
— Дьпс што ж, дзядзька Якуб? Што рабіць?.. Скажыце мне...
Якуб Лакота, яшчэ з хвіліну падумаўшы, сказаў ціхім глыбока праканальным голасам:
— Па-баявому, па-ваеннаму так... Калі ты атрымаў няправільны, на твой погляд, баявы загад, ты мусіш перш яго выканаць, а потым абскардзіць...
Віктар аўтаматычна пераказаў следам за ім:
— Перш выканаць, а потым абскардзіць...
I, сабраўшы ўсю сваю пазасталую цвёрдасць, заявіў з магчымай бадзёрасцю і рашучасцю:
— Добра... Я так і зраблю...
Ён кінуўся да дзвярэй, але з паўдарогі вярнуўся і, падышоўшы зусім блізка да Якуба Лакоты, папрасіў яго па-змоўніцку ціхім, прытоеным голасам:
— Вы мне паможаце, дзядзька Якуб, гэта ўсё абладзіць... Добра?
Якуб Лакота пяшчотна абняў яго за плечы:
— Добра, Віця, я памагу.
8
Быў гэта выдатны для Марыны Паўлаўны дзень, які страсянуў яе даўно ўжо нязнанымі і бадай забытымі турботамі. А пачаўся ён быў таксама даўно ўжо нязнанаю Марыне Паўлаўне радасцю.
Уранні мімаездам залучыла была ў Сівец райжанарганізатар — дзябёлая прастадушная і вельмі разумная жанчына, з якой Марыне Паўлаўне давялося мець доўгую гутарку. Яна зацікавілася жыццёвымі ператрускамі Марыны Паўлаўны, і тая мусіла расказаць ёй усё чыста, як на споведзі, што, аднак, ані не цяжарала яе, бо райжанарганізатар абуджала да сябе найшчырэйшую даверлівасць. У выніку гэтае гутаркі Марына Паўлаўна атрымала сур'ёзнае і нават катэгарычнае запрашэнне перайсці на працу ў раён і прыняла гэтае запрашэнне з вялікай радасцю і ўдзячнасцю.
Райжанарганізатар вельмі спяшалася і знікла з Сіўца так жа раптоўна, як і з'явілася ў ім, пакінуўшы Марыне Паўлаўне, апроч нечаканае радасці, яшчэ адчуванне дзівоснае казачнасці ўсяго, што адбылося.
Можа, гэта быў проста прыемны, шчаслівы сон?
Марыну Паўлаўну даўно ўжо цяжарала недарэчнасць быцця яе тут, у Сіўцы, пад бокам у свайго былога мужа. Яе нічога тут не трымала, яна нічым не была тут звязана, і выходзіла так, нібы яна жыве тут выключна таму, што чакае звароту да ранейшага, спадзяецца яшчэ вярнуцца да мужа. Гэта надзвычайна мучыла яе, і яна скрозь летуцела аб тым, каб як выбрацца з гэтага нялюбага Сіўца, але не мела спосабу, як гэта зрабіць.
Цяпер пытанне развязалася само па сабе — проста і дасканала.
Марына Паўлаўна праз цэлы дзень жыла ў ружовым чадзе новага адчування. Яна нібы памаладзела адразу на дзесятак год — у яе ў галаве мітусіліся такія смелыя і такія пекныя лятункі, якія б задаволілі палкую фантазію маладой дзяўчыны. I сёння ёй упершыню пасля разлукі захацелася пабачыцца з Сымонам Карызнам, сказаць колькі слоў яму — развітацца, ці што. Яе зусім не абыходзіла, пра што яны б мелі там гаварыць — ёй хацелася, каб ён толькі адчуў яе новы настрой, каб пабачыў яе шчаслівую, радасную. Яна знаходзіла безліч тлумачэнняў свайму такому жаданню і, ясная рэч, не дапускала і думкі пра тое, што гэта ў яе памаладзелай істоце загаварыў цьмяны, прыглушаны голас жаночага какецтва.
А гэта, мабыць, так і было.
Увечары Марына Паўлаўна ў апошні раз ішла на сходку жаночага гуртка. Пасля гуртка яна назначыла сабе абавязкова зайсці да Карызны. Што ж там такога? Яна мо заўтра ці пазаўтраму едзе, у яе там яшчэ ці мала патрэбных рэчаў — ёй жа трэба сабраць іх, папарадкаваць?
Абы хутчэй скончылася гэтая сходка. Ды, зрэшты, яна можа і не даседзець да канца, раз у яе пільная справа.
У школе, дзе быў прызначаны сход, замест шумнае бабскае грамады яна заспела ўсяго трох ці чатырох вельмі маркотных жанчын і нязменна вясёлую, бадзёрую Тацяну, якая гэтым жанчынам нешта вельмі энергійна тлумачыла.
Марына Паўлаўна здзіўлена запытала:
— А дзе жанчыны?
Тацяна адказала спакойна, але з падкрэслена цвёрдай стрыманасцю, якая паказвала, што ў яе ўнутры таксама не ўсё ў парадку:
— Не прыйдуць... Выпраўляюць сваіх суседак у далёкую дарогу.
Жанчыны нібы па камандзе заўздыхалі:
— Божа мілы! Што гэта толькі дзеецца! Ну хай бы ўжо тых, багатыроў каторых, а то ж бядоту, галоту... Што яны маюць да іх?
Марына Паўлаўна глядзела на іх шырока расплюшчанымі вачмі і нічога не разумела. Тады Тацяна паспешна выправіла маркотных жанчын і, астаўшыся сам-насам з Марынай Паўлаўнай, расказала пра тое, што ўжо вядома было ўсяму Сіўцу, апроч аднае, захопленае сваёй новай радасцю, Марыны Паўлаўны. Апавядала Тацяна ўжо інакшым, таемна-напружаным тонам, не хаваючы больш свайго глыбокага ўзрушэння. Як скончыла, Марына Паўлаўна парыўчата схапіла яе за руку.
Читать дальше