— Змоўч, — басам сказаў Яхненка. — Не ў антыкварыят, а ў ламбард. Выкупілі б потым.
— Хлопцы, — сказаў Андрэй, — нашто гэта? У мяне пакуль што ёсць грошы. У мяне ўзялі сцэнарый і п'есу, а грошы, выявілася, мне зараз зусім непатрэбны.
Ён не вельмі весела ўсміхнуўся.
— Цяжка камусь — бярыце. Пад вексель будучай славы кожнага. Выб'ецеся ў людзі — падорыце па эцюду. Я стану ганарыцца знаёмствам з вамі.
— Ты дурань, — сказаў Яхненка, — ты вялікі добры дурань! I ты нічога не разумееш ні ў псіхалогіі, ні ў дзяўчатах, ні ў сябрах… Глянь лепей сюды. Гэта зрабілі для цябе Петрык з Аленіным, сабака ты. Кожны намаляваў каго хацеў. I ніхто не шкадуе, дорачы гэта табе.
Упала завеска з невялікага палатна. Андрэй, гледзячы на яго, з цяжкасцю падавіў уздых. На палатне быў салатна-зялёны, росны, увесь у сонечных зайчыках сад, трава, у якую нехта густа сыпануў залатымі манетамі адуванчыкаў. А на траве сядзелі дзве дзяўчыны. Гэта было нешта накшталт гагенаўскай ідыліі, толькі самая ідылія была мяккая, размытая, паўночная, без уласцівых поўдню грубавата-кафейных і глянцава-зялёных адценняў. Трапяткая, здаецца, ледзь дыхаючая, родная зеляніна першых дзён лета.
Адна дзяўчына сядзела ў траве, матаючы на рагульку воўну. У свежым твары, у кароне залацістых валасоў, у белай, трохі занадта па-маскараднаму простай сукенцы было нешта засцянковае, міла старамоднае.
Другая, у значна больш сучасным уборы, не такая прыгожая, але адухоўленая, сядзела на зэдлічку, гледзячы кудысь паўзверх раскрытай кнігі. Вусны няўлоўна ўсміхаліся, але ў схіленай, быццам пад цяжарам вузла валасоў, галоўцы, у шэрых вачах быў сум.
Ганна і Ірына. Два бакі адвечнага, прага якога заўсёды жыве ў мужчынскім сэрцы. Андрэю на імгненне аж подых перахапіла, так гэта было зроблена, так хацелася павесіць гэта ў сябе. Але амаль адразу ёй сказаў ціха:
— Дзякуй, хлопцы. Гэтага не забуду. Але нашто мне гэта зараз!
— Дурань, — нячутна сказаў Яхненка. — Ты нічога не разумееш. Не крыўдзі іх і нас.
— Добра, — адказаў Андрэй.
Амаль адразу ён адчуў на спіне чыйсьці позірк. Павярнуўся. Ганна стаяла ў дзвярах. Двайнік той, з карціны, але куды больш прыгожая. I, калі яна сустрэла яго позірк, нейкае нязвыклае сяйва з'явілася ў яе вачах.
— Андруша… О то ж бо вельмі даўно хацела вас бачыць… Пакіньце ўжо гэтых бэйбусаў адных, заходзьце на пару хвілін да мяне.
— Дык што, хлопцы, — спытаў Яхненка, — адпусцім яго на пяць хвілін?
— На дзесяць, — сказаў Пятроўскі, - пакуль не прыйдзе Аленін.
…Грынкевіч упершыню быў у гэтым маленькім пакойчыку са шкляным ліхтаром, што выдаваўся ў сад. Амаль чвэрць пакоя займала тахта, потым былі яшчэ кніжныя паліцы, стол і глыбокае мяккае крэсла.
Ганна была ў просценькай блакітнай сукенцы, нейкая хатняя, вельмі змарнелая і ад гэтага яшчэ больш свойская і гожая.
— Сядайце, дзікун палескі, - сказала яна. — Скідайце пінжак, тут горача. Адчувайце сябе як дома…
Андрэй сеў. Яна выцягнула з аддзялення сэкрэтэра пузатую бутэльку французскага каньяку.
— "Камю", — сказала яна. — Калі ўжо на маю думку, дык дрэнь страшэнная, але больш нічога няма.
Нейкім прасцецкім жэстам пашкрабла пад патыліцай, дзе, як у дзіцяці, кучаравіліся залатыя валосікі.
— А закусваць?.. Ага, здаецца, нешта ёсць.
I дастала вазачку з засмяглымі палачкамі каўказскай чурхелы, якая залацілася інжырнымі зернейкамі.
— А хлопцы «анчоусы» елі, - падкалоў Андрэй.
— Гэта ім не ў каня пакорм, — сказала Ганна.- I да таго ж яны тут амаль кожны дзень, а ваш голас я пачала забываць.
Яны чокнуліся келіхамі, шкло якіх здавалася вясёлкавым, як мыльная бурбалка.
— За вас.
Ганна, відаць, любіла колер асенніх лісцяў. Гэты пакой таксама быў вытрыманы ў іх адценнях. I абажур клаў на ўсё гэта цьмяны аранжавы адбітак, рабіў яе валасы зусім залатымі, а твар зусім янтарным.
— Вы былі ў вёсцы? — сказала яна. — «Распавядайце».
— Быў, але нічога не бачыў. Падарваўся працуючы.
— Што вы мне прывезлі адтуль у падарунак?
— Прывёз, — сказаў Андрэй. — Але я не думаў заходзіць да вас сёння. З сабою няма.
— Што?
— Дзве сапраўдныя народныя выцінанкі. А для душы слоік бруснічнага варэння.
— З грушамі?
— Угу.
— Гэта праўда? — яна глядзела на яго вельмі сур'ёзна.
— Як бога кохам.
— Вы заўсёды памятаеце аб усіх… Бог ты мой, бруснічнае варэнне! Ненавіджу ўсе гэтыя гарадскія «Ружы» і "Дыні". Каб яны папрахлі дзе былі… Ах, як журавіны растуць! На зялёнай нітачцы, нябачныя ў імхах.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу