- Слова гонару! - сказаў ён устаючы. - Чалавек так ператросся па вашых д'яблавых дарогах, што, можа, ужо і пара адпачыць. Заўтра раніцай дасьце мне, спадару Стафане, конікаў... Мушу вяртацца дадому.
Пасля гэтых словаў усе, апрача Карольці, паўставалі з месца і пачалі ўпрошваць госця яшчэ пабыць у іхнім доме. Бахрэвіч абдымаў яго і цалаваў у абедзве шчакі, так, што шчокі сталі вільготнымі і блішчастымі. Бахрэвічыха, абхапіўшы яго кароткімі тоўстымі рукамі, крычала, што нябожчык, бацька Людвіка, перавярнуўся б у труне, калі б ведаў, якую крыўду ён робіць сястры, і так расчулілася, што ажно галасіць пачала. Рузя казала, што кузен, кавалер з вялікага свету, пагарджае сваімі сваякамі, бо яны вяскоўцы і парафіяне, адна толькі Карольця, пачуўшы пра ад'езд кузена, стаяла, як укапаная, і, утаропіўшыся ў яго, як у абраз, прасіла адно вачыма.
Ён, аднак, не згадзіўся.
- Інтарэсы! - паўтараў. - Інтарэсы! Інтарэсы!.. Далібог, не магу! Слова гонару! Інтарэсы. Там мяне чакаюць!
І пачаў усім казаць дабранач. Каля Карольці затрымаўся на хвіліну і шапнуў ёй вельмі ціха некалькі слоў. Дзяўчына зачырванелася, як мак, і на знак згоды кіўнула галавой.
Хутка ў аканомавым доме панавала ціша. Цемра ахінула гасцёўню і ўсе «ракака», што аздаблялі яе. Затое ў прылеглай хацінцы, поўнай скрыняў і гаспадарчых прыладаў, так што ледзьве можна было праціснуцца праз іх, на адным з двух шырокіх, засланых ложкаў, Бахрэвічава Мадзя ў кароткай сподняй спадніцы з грубага, хатняга вырабу палатна і ў бруднаватай начной кофце расплятала і ўкладала на ноч сваю вартую жалю рэдзенькую касу. Перад ёй, таксама з распушчанымі, але густымі і доўгімі валасамі, стаяла Рузя. Яна ўжо зняла станік і расшпіляла гарсэт, што надзвычай шчыльна аблягаў яе пульхную, ладную фігурку. Вочы Бахрэвічыхі блішчалі, і яна дапытвалася ў дачкі:
- Як табе здаецца, Рузя, выйдзе з гэтага што ці не?
- Ці ж я ведаю, мама! Каролька ў яго так закахалася, што цэлымі начамі не спіць, толькі ўздыхае альбо плача. Мне здаецца, што ён таксама ў яе закахаўся. Калі былі мы ў Ангродзе, хадзіў увесь час з ёй на шпацыр, а тут я некалькі разоў бачыла, як яны цалаваліся. Але ж ці я ведаю? Можа, ён толькі так... баламуціць Карольку!
- Хай толькі паспрабуе! - усклікнула Бахрэвічыха, падымаючы кулак і страляючы з вачэй маланкай.
Рузя нарэшце расшпіліла гарсэт і з палёгкай уздыхнула.
- Так мне гэтыя рогі ў цела ўядаюцца, што часам проста трываць не магу... Усе мужчыны такія...
- Якія? Што ты вярзеш?
- Баламуты! А татка што, лепшы быў? Хрысціну кінуў... Можа, і кузен Карольцю...
- Што ты разумееш? - крыкнула маці. - Хамка адно, а шляхецкая дзіця іншае... Хай толькі пасмее ён Карольцю збаламуціць і кінуць!..
Яе ахапіла яе вялікая трывога, але не за Карольцю.
- Дзе татка? - спыталася.
- Альбо я ведаю? - адказала Рузя, вельмі занятая развязваннем шнуркоў ад турнюра.
- Чуеш, што кажу! Ідзі зараз жа і паглядзі, дзе татка...
А калі Рузя, дзвюма рукамі падтрымліваючы расшпіленую спаднічку, выпрасталася і, надзьмуўшыся, збіралася адысці да печы, мацярынская далонь з глухім пляскам упала на яе белыя пульхныя плечы.
- Пойдзеш ты ці не, калі табе кажу?..
Рузя скочыла так хутка, што турнюр сам сабой зваліўся з яе пад самыя ногі маці. Не зважаючы на гэта, Рузя выскачыла на ганак і ўбачыла чырвонае святло ліхтара, што мільгала то тут, то там паміж забудовамі фальварка. На адной назе ўляцела ў хату і, не ўваходзячы больш у бацькоўскі пакой, з каморкі, што займала разам з сястрой, надзвычай цеснай і бруднай, заваленай усялякім рыззём, праз парог крыкнула:
- Татка з ліхтаром будынкі абходзіць.
Бахрэвічыха, відаць, добра разумела значэнне тых слоў, бо адразу ж супакоілася і толькі спытала:
- А дзе Карольця?
- Ці ж я ведаю! Можа, на шпацыр з кузенам пайшла, - адказала надзьмутая Рузя.
Бахрэвічыха нічога не сказала, толькі хвіліну гучна сапла і чмыхала. Суняўшы перажыванні за мужа, пачала трывожыцца за дачку. Можа, раздумвала, што рабіць. Аднак не зрабіла нічога. Укруцілася ў коўдру і яшчэ раз азвалася да дачкі:
- Рузя, глядзі, каб мне ў аўторак нагадала пра посны абед. Будзем усе дзеля шчасця Каролькі пасціць дзевяць аўторкаў ажно да святога Антонія.
Некалькі хвілін не было ніякага адказу. Відаць, Рузя набіралася адвагі, бо яшчэ пакрыўджаным голасам адказала:
- Мая ты мамуля, калі кузен Карольцю сапраўды кахае, дык ажэніцца з ёй без святога Антонія, а калі толькі баламуціць, дык тут і сам д'ябал не дапаможа...
- Дурніца! Тваё шчасце, што я ўжо ляжу... Як Каролька прыйдзе, скажаш, каб сюды ішла. Мушу і ёй трохі маралі пачытаць...
Читать дальше