Уздыхнуў зноў.
- І пры тым, - скончыў, - страшная канкурэнцыя... Барацьба за існаванне, як кажа Дарвін.
- А хто ён такі? - выцягваючы шыю і настаўляючы вуха, спытаўся Бахрэвіч.
- Дарвін? - гледзячы ў столь і разам са сваім крэслам адхінаючыся назад, перапытаў госць.
- Ага! - з ротам, поўным смажанай бульбы, азвалася Рузя. - Памятаю... панна Шуркоўская, наша гувернантка, чытала нам аповесці Дарвіна...
- Аповесці ён не пісаў, гэта быў вучоны, - растлумачыў Капроўскі.
- Дык ты, Людвісю, вучоныя кніжкі чытаў? - здзівілася Бахрэвічыха.
Госць пагардліва ўсміхнуўся.
- А чаму ж не, цёця? Я ўсё чытаў...
- Бачыш, Мадзюня, - надзвычай салодкім голасам прамовіў Бахрэвіч, - які з кузена вучоны адвакат! Усе законы, пане дабрадзею, як рэпу грызе...
Мадзюня ўстала і, абышоўшы стол, узяла ў абедзве рукі галаву стрыечнага пляменніка і пакінула на яго ілбе пацалунак гучны, як стрэл з пісталету.
- Езус Хрыстус, - пачала яна, - як бы твой бацька, а мой стрыечны брат, вечны адпачынак дай яму, Пане, пацешыўся б, каб зараз мог бы ўбачыць свайго сынка. Бядак марыў аб тым, каб свайго Людвіка ва ўніверсітэт паслаць і на доктара вучыць, а тут і школы нават не было за што скончыць... Вось, з чацвёртага класа выйшаў, а не горшы за іншых...
Яна ўзняла галаву, вочы яе былі поўнымі слёз. Заплаканымі вачыма зірнула на Карольцю, якая таксама кінула на маці вільготны летуценны пагляд. Аднак госцю згадка пра няскончаныя чатыры класы не была прыемнай. Пацалунак аканоміхі выклікаў на яго вуснах выраз гідлівасці, які быў, аднак, хутка прыхаваны, і таму нікім не заўважаны.
- Ах, мая цёця! - сказаў ён. - Глупства - гэтыя школы і ўніверсітэты! Я і без іх усё ведаю, і, далібог, ведаю нават такіх, што выйшлі з другога класа, а грошы ўмеюць рабіць лепш за кожнага з тых спадароў прысяжных, што нібыта і надта вучоныя, але часам такія інтарэсы з рук выпускаюць, якія б чалавек як за сябе закінуў і аблізаўся. Яны кажуць, што гэта непрыстойна, а тое брыдка, а іншае зноў з людской крыўдай і таму не хочуць... але хай ім цёця не верыць... ілгуць! Пабажуся, што ілгуць! Не бяруць такіх інтарэсаў, бо не ведаюць, як за іх узяцца... не ўмеюць... не з іхнім спрытам!..
- Пэўна! Пэўна! - у адзін голас пацвердзілі Бахрэвічы і зноў пачалі слухаць гаворку сваяка так, як яе слухалі раней: ён, павярнуўшы тоўсты карак да госця, з акругленымі вачыма і ліслівай усмешкай, яна - аблакаціўшыся на стол і падпёршы аголенымі рукамі падбародак. Рузя, брунетка з пунсовай жычкай у валасах, слухала таксама, але няўважліва, бо ўсімі сваімі белымі зубкамі малола каўбасы, пячонку і бульбу. Бландзінка Карольця, аздобіўшы валасы блакітнай стужкай, не слухала зусім, а толькі глядзела. Яна амаль нічога не ела. Узіралася ў кузена, як у ікону, і з выразу яе твару было відаць, што да яе не даходзяць ані маральныя, ані псіхалагічныя адценні ягонай гаворкі: з асаблівым замілаваннем аналізавала яна ягоныя рысы і рухі. Апошнія асабліва яе захаплялі. Як толькі Капроўскі, з рукамі ў кішэнях, так адхінаўся назад, што можна было не сумнявацца, што вось-вось пляснецца паміж чатырох ножак свайго крэсла, Карольціны вочы ласкава мружыліся, а на вуснах блукала закаханая ўсмешка. Відаць, гэты рух выдаваўся ёй апошнім крыкам элегантных паводзін і рабіў на яе непаўторнае ўражанне. Яе пастава таксама рабілася ўсё больш прывабнай. Адной з белых ручак яна механічна качала хлебныя шарыкі, другой жа падперла задуманы лоб. Раптам яна ўздрыгнула. Кузен звярнуўся да яе. Нахіліўшыся праз стол, голасам прыязным і спачувальным сказаў:
- Кузіначка нічога не есць...
Яна ўзняла галаву, затуманеным паглядам адказала на ягоны агністы пагляд і, моцна пачырванеўшы, адказала:
- О, нічога! Так наелася сёння за абедам, што і зараз не галодная.
- Карольця, дачушка! - папрасіў Бахрэвіч. - Заспявай што-небудзь!
Вячэра скончылася. Бахрэвічыха з дапамогай босай дзеўкі ў даматканай спадніцы і кашулі прыбірала са стала. Дзеўка, хоць босая і ў даматканай кашулі, была здаровай, дужай сялянкай. На шыі ў яе вісела некалькі нітак каляровых пацерак, а над чырвонымі, разагрэтымі ля кухоннай печы шчокамі і пад ілбом, запэцканым сажай, па-маладому свяціліся васільковыя вочы. Капроўскі паглядам знаўцы і заўзятага каханка так загледзеўся на яе, што не пачуў просьбы Бахрэвіча, звернутай да дачкі. Пачуў ён адно голас Бахрэвічыхі.
- Каролька! Ці чуеш? А ну ж! Уставай і ідзі да фартэпіяна. Ці ж панна Шуркоўская на тое вас іграць і спяваць вучыла, каб вы тут перад вераб'ямі выступалі!
Читать дальше