— Нам трэба вярнуцца.
— Кінь, — сказаў я. — Нядаўна мы бачылі белую. Ёсць раўнавага.
Мы пайшлі па вуліцы. Некалькі чалавек ішлі нам насустрач па другім баку. Гэта былі чатыры маладыя хлапцы. Адзін быў у новых светла-жоўтых крагах, астатнія — у ботах, падобных да вайсковых. Яны спыніліся і ўтаропіліся на нас.
— Вось ён! — крыкнуў раптам той, што быў у крагах, і пабег да нас праз вуліцу. У наступны момант прагучалі два стрэлы, хлопец адскочыў убок, і ўсе чацвёра кінуліся з усіх ног наўцёкі. Я ўбачыў, як Кёстэр хацеў кінуцца за імі, але потым неяк дзіўна павярнуўся, выпрастаў рукі, выдаў прыглушаны дзікі ўскрык і паспрабаваў падхапіць Готфрыда Ленца, які цяжка грымнуўся на асфальт.
На секунду я падумаў, што ён проста ўпаў. Потым я заўважыў кроў. Кёстэр рыўком расхінуў яму пінжак, сарваў сарочку… Кроў біла моцным струменем. Я прыціснуў да раны хусцінку.
— Пабудзь тут, я прыганю машыну, — крыкнуў Кёстэр і пабег.
— Готфрыд, — сказаў я, — ты чуеш мяне?
Яго твар пашарэў. Вочы былі прыплюшчаны. Вейкі не варушыліся. Адной рукой я трымаў яго галаву, а другой прыціскаў хусцінку да месца, адкуль ішла кроў. Я ўкленчыў каля яго, прыслухоўваўся да яго хрыпаў, яго дыхання, але я нічога не чуў, усё як амярцвела: бясконцая вуліца, бясконцыя рады дамоў, бясконцая ноч… я толькі чуў, як кроў з ціхім плёскатам капала на зямлю, і ведаў, што так ужо не адзін раз магло здарыцца, і не верыў цяпер, што гэта праўда.
Падляцеў на машыне Кёстэр. Ён адкінуў спінку левага сядзення. Мы асцярожна паднялі Готфрыда і паклалі на сядзенні. Я ўскочыў у машыну, Кёстэр даў газу. Мы паехалі ў бліжэйшы пункт хуткай дапамогі. Кёстэр асцярожна затармазіў.
— Паглядзі, ці ёсць лекар. Калі няма, паедзем далей.
Я пабег. Насустрач мне выйшаў санітар.
— Ёсць лекар?
— Ёсць. Вы некага прывезлі?
— Так. Вазьміце насілкі, і хадзем.
Мы паклалі Готфрыда на насілкі і ўнеслі ў бальніцу. Лекар ужо стаяў з закасанымі рукавамі.
— Сюды! — Ён паказаў на стол. Мы паставілі насілкі. Лекар апусціў лямпу да самай раны.
— Што гэта?
— З рэвальвера.
Ён узяў ваты, выцер кроў, памацаў пульс, праслухаў яго і выпрастаўся.
— Ужо нічога не зробіш.
Кёстэр утаропіўся ў яго.
— Але ж куля прайшла зусім збоку. Не можа быць, што так дрэнна.
— Тут раны ад двух стрэлаў! — сказаў лекар.
Ён зноў выцер кроў. Мы нахіліліся. Цяпер мы бачылі, што наўскасяк ад той раны, якая так моцна крывяніла, была другая — маленькая цёмная адтуліна ў вобласці сэрца.
— Ён памёр амаль імгненна, — сказаў лекар.
Кёстэр выпрастаўся. Ён узіраўся ў Готфрыда. Лекар закрыў раны тампонамі і заклеіў іх палоскамі пластыра.
— Вы хочаце ўмыцца? — спытаў ён мяне.
— Не, — адказаў я.
Твар Готфрыда пажаўцеў і запаў. Рот крыху скрывіўся, вочы былі прыплюшчаны, адно больш, другое менш. Ён глядзеў на нас. Ён увесь час глядзеў на нас.
— Як гэта здарылася? — спытаў лекар.
Ніхто не адказаў. Готфрыд глядзеў на нас. Ён глядзеў на нас неадрыўна.
— Ён можа застацца тут, — сказаў лекар.
Кёстар зварухнуўся.
— Не, — запярэчыў ён. — Мы яго забяром.
— Нельга, — сказаў лекар. — Трэба патэлефанаваць у паліцыю. І крыміналістам. Трэба ўсё адразу зрабіць, каб знайсці злачынцу.
— Злачынцу? — Кёстэр зірнуў на лекара, быццам не разумеючы яго. — Добра, — сказаў ён потым, — я паеду і прывязу паліцыю.
— Вы можаце патэлефанаваць. Тады яны хутчэй прыедуць.
Кёстэр ціха пахітаў галавой.
— Не. Я іх прывязу.
Ён выйшаў, і я пачуў, як загудзеў матор «Карла». Лекар падсунуў мне крэсла.
— Не хочаце прысесці пакуль што?
— Дзякую, — сказаў я, застаючыся стаяць. Яркае святло ўсё яшчэ падала на акрываўленыя грудзі Готфрыда. Лекар крыху падняў лямпу.
— Як жа тэта здарылася? — спытаў ён яшчэ раз.
— Я не ведаю. Мусіць, з некім пераблыталі.
— Ён быў на вайне? — спытаў лекар.
Я кіўнуў галавой.
— Гэта бачна па рубцах, — сказаў ён. — І па прастрэленай руцэ. Ён быў паранены некалькі разоў.
— Якая подласць, — сказаў санітар. — Вашывыя падшыванцы. Тады, пэўна, яшчэ ў полках ляжалі.
Я нічога не адказаў. Готфрыд глядзеў на мяне. Увесь час.
Кёстэр вярнуўся не скора. Ён быў адзін. Лекар адклаў газету, якую чытаў.
— Ёсць прадстаўнікі ўлады? — спытаў ён.
Кёстэр спыніўся. Ён не чуў, што сказаў лекар.
— Паліцыя прыехала? — спытаў лекар яшчэ раз.
— А-а, — адказаў Кёстэр, — паліцыя. Трэба патэлефанаваць, каб прыехала.
Лекар глянуў на яго, але нічога не сказаў і пайшоў да тэлефона. Праз некалькі хвілін прыйшлі два паліцэйскія чыноўнікі. Яны селі за стол, і адзін з іх пачаў запісваць звесткі пра Готфрыда. Не ведаю чаму, але мне здалося вар'яцтвам адказваць, як яго звалі, і калі ён нарадзіўся, і дзе ён жыў, адказваць цяпер, калі ён быў мёртвы. Я ўтаропіўся на чорны агрызак алоўка, які час ад часу чыноўнік слініў. Я адказваў механічна.
Читать дальше