Другі чыноўнік пачаў складаць пратакол. Кёстэр даваў патрэбныя звесткі.
— Вы можаце мне сказаць, як прыкладна выглядаў забойца? — спытаўся чыноўнік.
— Не, — адказаў Кёстэр. — Я не звярнуў увагі.
Я зірнуў на яго. Я прыпомніў жоўтыя крагі і ўніформу.
— Вы не ведаеце, да якой партыі ён належаў? Вы не бачылі значкоў альбо ўніформы?
— Не, — сказаў Кёстэр. — Да стрэлаў я нічога не бачыў. А потым я толькі зай… — ён на імгненне запнуўся, — займаўся маім таварышам.
— Вы ўваходзіце ў якую-небудзь партыю?
— Не.
— Я пытаю таму, што вы сказалі, што ён ваш таварыш…
— Ён мой таварыш з вайны, — сказаў Кёстэр.
Чыноўнік павярнуўся да мяне.
— Вы можаце апісаць забойцу?
Кёстэр цвёрда зірнуў на мяне.
— Не, — сказаў я. — Я таксама нічога не бачыў.
— Дзіўна, — сказаў чыноўнік.
— Мы размаўлялі і ні на што не звярталі ўвагі. Усё адбылося вельмі хутка.
Чыноўнік уздыхнуў.
— Мала надзеі, што мы зловім малайцоў.
Ён закончыў пратакол.
— Мы можам забраць яго? — спытаў Кёстэр.
— Шчыра кажучы… — чыноўнік глянуў на лекара. — Прычына смерці вызначана дакладна?
Лекар кіўнуў галавой.
— Я ўжо склаў акт.
— А дзе куля? Я павінен забраць кулю.
— Былі дзве кулі. Яны ў целе. Мне трэба было б… — лекар завагаўся.
— Мне патрэбны абедзве, — сказаў чыноўнік. — Трэба паглядзець, ці з адной зброі стралялі.
— Няхай, — сказаў Кёстэр на позірк лекара.
Санітар паправіў насілкі і апусціў святло. Лекар узяў свае інструменты і запусціў пінцэт у рану. Першую кулю ён знайшоў хутка. Яна сядзела не вельмі глыбока. Каб дастаць другую, давялося рабіць надрэз. Ён нацягнуў гумавыя пальчаткі да локцяў і ўзяў заціскі і скальпель. Кёстэр паспешліва падышоў да насілак і закрыў Готфрыду вочы, якія ўсё яшчэ былі прыплюшчаны. Пачуўшы лёгкі шоргат скальпеля, я адвярнуўся. У нейкі момант я хацеў падскочыць і адштурхнуць лекара, бо мне раптам здалося, што Готфрыд толькі страціў прытомнасць, а лекар зараз сапраўды зарэжа яго… але я потым ачнуўся. Мы бачылі дастаткова нябожчыкаў, каб разумець…
— Вось яна, — сказаў лекар і выпрастаўся. Ён выцер кулю і аддаў яе чыноўніку.
— Такая ж самая. З той самай зброі, праўда?
Кёстэр нахіліўся і пачаў уважліва разглядаць маленькія, з матавым бляскам, кулі, якія качаліся на далоні паліцэйскага чыноўніка.
— Так, — сказаў ён.
Чыноўнік загарнуў іх у паперку і схаваў у кішэнь.
— Папраўдзе, гэта не дазволена, — сказаў ён праз нейкі час, — але калі вы хочаце ўзяць яго дадому… састаў злачынства высветлены, ці не так, доктар? — Лекар кіўнуў. — Вы ж і судовы лекар, — працягваў чыноўнік, — ну тады… як хочаце… вам толькі трэба… можа здарыцца, што заўтра з'явіцца яшчэ адна камісія…
— Я ведаю, — сказаў Кёстэр. — Мы ўсё пакінем, як было.
Чыноўнікі пайшлі.
Лекар ізноў закрыў і заклеіў раны Готфрыда.
— Што вы хочаце рабіць? — спытаў ён. — Вы можаце ўзяць з сабой насілкі. Толькі вярніце іх сюды заўтра да вечара.
— Добра, дзякуй, — сказаў Кёстэр. — Пайшлі, Робі.
— Я дапамагу вам, — сказаў санітар.
Я пахітаў галавой.
— Справімся.
Мы паднялі насілкі, вынеслі іх і ўладкавалі на два левыя сядзенні, якія ўтварылі плоскасць з адкінутымі спінкамі. Санітар і лекар выйшлі і назіралі, што мы робім. Мы накрылі Готфрыда яго плашчом і паехалі. Праз некалькі хвілін Кёстэр павярнуўся да мяне.
— Мы потым яшчэ раз праедзем па той вуліцы. Я ўжо раз быў там. Але было зарана. Магчыма, яны паявяцца.
Паволі пайшоў снег. Кёстэр вёў машыну амаль нячутна. Ён часта выціскаў счапленне і выключаў запальванне. Ён не хацеў, каб нас чулі, хоць чацвёрка, якую мы шукалі, не ведала, што ў нас ёсць машына. Бясшумна, як белы прывід, мы плылі праз снег, які падаў усё гусцей. Я дастаў з інструментаў малаток і паклаў каля сябе, каб нечакана выскачыць з машыны і ўдарыць. Мы ехалі па вуліцы, на якой адбылася трагедыя. Пад ліхтаром яшчэ можна было бачыць чорную крывавую пляму. Кёстэр выключыў святло. Мы ехалі каля самага бардзюра і сачылі за вуліцай. Нікога не было бачна. Толькі з асветленага шынка чуліся галасы.
Кёстэр спыніўся на скрыжаванні.
— Застанься тут, — сказаў ён, — я зазірну ў шынок.
— Пойдзем разам, — не згадзіўся я.
Ён кінуў на мяне позірк, які я запомніў з таго часу, калі ён адзін хадзіў у разведку.
— У шынку я нічога ўсчынаць не буду, — сказаў ён. — Ён можа ўлізнуць ад мяне. Я толькі гляну, ці ёсць ён там. Мы тады пачакаем яго. Застанься тут каля Готфрыда.
Я згодна кіўнуў, і ён знік у завірусе. Сняжынкі білі мне ў твар і раставалі. Мне раптам зрабілася не па сабе, што Готфрыд закрыты, як быццам ён ужо не з намі, і я адкінуў плашч з твару. Цяпер снег падаў яму на твар, на вочы, на вусны, але не раставаў. Я ўзяў сваю хусцінку, абцёр яго і зноў накінуў на яго плашч.
Читать дальше