Прагульшчыцы смяяліся, балбаталі, а ён з зайдрасцю глядзеў на іх — яны належалі да ліку адчайных , і сам ён вельмі хацеў бы быць на іх месцы. Адчайнымі лічыліся тыя, якім было на ўсё напляваць. Само па сабе паняцце адчайны заставалася загадкавым, сярод іх сустракаліся такія, чые бацькі мелі грошы, і тыя, у каго грошай не было. На Брылаха гэта часам находзіла, і ў яго да адчайнасці прымешвалася пэўная доля ганарыстасці, на твары Брылаха можна было прачытаць: «Ну што вам ад мяне патрэбна?» Адчайнымі лічыліся тыя, пра якіх дырэктар гаварыў, што іх трэба пераламаць, — гэта гучала жахліва, быццам гаворка ішла не пра дзяцей, а пра запалкі або косці. Нейкі час ён нават думаў, што пераломленыя гэта якраз і ёсць тыя, якіх падаюць на стол у скляпку Фавінкеля. У другім класе пераломвалі Хэвеля, а пасля ён знік. Паліцыя прыводзіла яго ў школу, але на перапынках ён усё роўна знікаў. Пасля ён падбіў на гэтае і Борна. Борн і Хэвель жылі разам у бамбасховішчы, і ўжо тады яны рабілі бессаромнае, а калі іх ушчувалі, яны толькі смяяліся, і дырэктар гаварыў: іх неабходна пераламаць. Затым Хэвель і Борн зніклі, і ён рашыў, што іх проста пераламалі і падаюць на стол у скляпку Фавінкеля паглынальнікам дзяцей і перамолвальнікам касцей, якія плацяць за гэта многа-многа грошай.
Альберт пасля яму гэта растлумачыў, але ўсё роўна справа заставалася вельмі загадкавай, а бамбасховішча, у якім жылі некалі Хэвель і Борн, так і засталося сярод нейкіх агародаў — загадкавая бетонная аграмадзіна без вокнаў. Іх пераламалі , і пасля гэтага яны бясследна зніклі,— трапілі ў калонію, як гаворыць Альберт.
А Альберта ўсё няма, і больш ён ніколі не прыедзе. Напаўзакрыўшы вочы, Марцін глядзеў на набліжаючыяся з боку горада машыны, толькі Альбертавага «мерсэдэса» — старэнькага, нехлямяжага, мышынага колеру — сярод іх не было, — Марцін не зблытаў бы яго ні з якой іншай машынай.
I падацца некуды: ісці да Генрыха не хочацца. Там зараз дзядзька Лea, і на працу ён пойдзе толькі ў тры. Больда прыбірае ў царкве. Можна, зразумела, пайсці да яе, з’есці, забіўшыся ў рызніцу, адзін з яе бутэрбродаў і запіць яго гарачым булёнам з тэрмаса.
Ён зірнуў на безнадзейную прагульшчыцу, якая зараз толькі паказалася ў канцы алеі і зусім не спяшалася. Ён добра ведаў гэты стан — ці не ўсё роўна спазніцца на дваццаць хвілін або на дваццаць пяць. Дзяўчынка з вялікай цікаўнасцю разглядвала першыя апалыя лісты, набрала цэлы букет вялікіх, амаль зялёных, толькі крыху кранутых жаўцізной. З букетам лісця ў руках яна спакойна перасякала вуліцу.
Дзяўчынка была незнаёмая. У яе былі цёмныя раскудлачаныя валасы, і яго зачараваў спакой, з якім яна спынілася каля кінатэатра «Атрыум», каб паглядзець афішы. Ён нават пасунуўся бліжэй да «Атрыума»; бензакалонка стаяла якраз каля кінатэатра. Афішы яны разам з Генрыхам ужо разглядвалі і вырашылі ў панядзелак пайсці ў кіно.
Паміж дзвюма зялёнымі таполямі на афішы віднелася бронзавая брама парка, яна была прачынена, у прасвеце стаяла жанчына ў ліловай сукенцы з залатым высокім каўняром. Шырока раскрытыя вочы жанчыны ўтаропліваліся на таго, хто ў той момант стаяў перад плакатам, а наўкось праз яе ліловы жывот цягнуўся белы надпіс: «Сеанс для дзяцей». На заднім плане быў замак, а на самым верее, на светла-блакітным небе назва фільма: «У палоне ў сэрца». Марцін не любіў фільмы, пра якія паведамлялі афішы з жанчынамі ў закрытых сукенках і з белым надпісам: «Сеанс для дзяцей», гэтыя фільмы абяцалі бясконцую нуду, а фільмы з жанчынамі ў адкрытых сукенках і з чырвоным надпісам: «Дзецям да 16 гадоў…» — прадвяшчалі распуснае. Але ні распуснае , ні нуда не захаплялі яго, лепшымі за ўсё былі фільмы пра каўбояў і мультыплікацыі.
На гэтым тыдні пойдзе распусны фільм. Афіша вісіць каля афішы дзідячага фільма, на ёй жанчына з адкрытымі грудзямі, яе адбымае мужчына, у якога галыптук з’ехаў набок. Гальштук здорава з’ехаў набок, выгляд у мужчыны ўскудлачаны, і ўсё гэта вельмі нагадвае тое слова, якое маці Брылаха сказала кандытару, калі яны разам з Генрыхам і Вільмай хадзілі сустракаць яе пасля працы.
У падвале стаяў салодкі, цёплы дух. Паўсюль на драўляных паліцах ляжалі горы свежаспечанага, яшчэ цёплага хлеба; яму падабалася чвяканне машыны, якая мясіла цеста, падабаўся шпрыц для крэму, якім кандытар выпісваў на тартах: «З днём нараджэння». Кандытар пісаў шпарка, акуратна і правільна, хутчэй, чым хто ніша аўтаручкай, а маці Брылаха лёгка і спрытна наносіла шпрыцам кветкі і хаткі, дым з каміноў і ўсялякія прыгажосці. Калі яны прыходзілі разам з Брылахам, яны спыняліся перад няшчыльна прычыненымі, абітымі бляхай дзвярыма, да якіх звычайна пад'язджалі грузавікі з мукой, і, заплюшчыўшы вочы, удыхалі цёплае салодкае паветра. Затым ціха адчынялі дзверы, урываліся туды і крычалі: «Бэ-э-э!» — гэтая гульня вельмі падабалася маленькай Вільме. Яна вішчала ад захаплення, а разам з ёй радаваліся кандытар і маці Брылаха.
Читать дальше