— А для цябе?
— Для мяне? Ды ты здурнеяа, няўжо табе і сапраўды прыносіць задавальненне ставіць мяне ў няёмкае становішча, ад якога я адбіваюся рукамі і нагамі? Ну, пайшлі, мне пара, мяне чакае Бразгот.
— Ах, рукамі і нагамі? — паўтарыла яна, не паварочваючы галавы.
— Але, рукамі і нагамі, калі гэта цябе так цікавіць, а можа, ты хочаш, каб тут, у гэтым доме, які наскрозь пранізаны ўспамінамі, мы ўпотай завялі раман, а знешне разыгрывалі б добрага дзядзьку і добрую матулю? I потым, гэта марна, дзеці ўсё роўна пра ўсё здагадаюцца.
— Зноў дзеці,— стомлена адказала яна, — колькі шуму з-за дзяцей.
— Называй гэта шумам, але замужжа табе не пазбегнуць.
— А вось і пазбегну! Я больш ніколі не выйду замуж, лепш ужо я буду прыкідвацца няўцешнай удавой, чым усмешлівай жонкай — першапачатковай клетачкай —…адзімы…арода…
— А зараз час ісці, ці ўжо заставайся дома. Ты там ад нуды памрэш.
— Не, — сказала яна, — сёння мне сапраўды трэба ехаць. Звычайна для гэтага няма асаблівай прычыны, а вось сёння ёсць. Мне проста неабходна.
Яна падумала, як можа падзейнічаць на Альберта імя Гезелера.
— Пойдзем, — сказала яна. Ён узяў яе чамадан, і ўжо ў дзвярах яна сказала, як нешта не маючае значэння: — Больш, чым ты зараз робіш для мяне, проста немагчыма зрабіць, і яшчэ добра, што ты клапоцішся пра хлопчыка; мушу табе сказаць, што я не адчуваю пры гэтым ні кроплі рэўнасці.
На вуліцы пацяплела. Альберт зняў пальчаткі, капялюш і сеў у машыну каля Нэлы.
I, калі ён уключыў матор, Нэла сказала:
— Я вельмі хацела б мець такі занятак, як у цябе. Мне здаецца, ты вельмі шчаслівы.
— Ніколькі,— адказаў ён, астатнія яго словы патанулі ў шуме матора, і яна ўхапіла толькі канец: —…ніколькі я не шчаслівы. А заняткаў і ты знайшла б сабе колькі заўгодна.
— Ведаю, я магла б дапамагаць манашкам, магла б прасаваць бялізну і ўсялякае такое, весці разлікі па гаспадарцы, вязаць кальсоны і да таго падобнае, і ігумення сказала б: «Мы цяпер маем цудоўную памочніцу — удаву паэта імярэк».
— Не дурыся, — сказаў ён, і па тым, як ён пераключыў хуткасць, яна зразумела, што ён проста раз’юшаны.
— Балбачы што хочаш, мяне гэта ніколькі не кранае, і манашак можаш лаяць, як табе ўздумаецца, але жыццё яны вядуць не бессэнсоўнае, у іх ёсць занятак, які заўсёды здаваўся мне найбольш разумным, хоць, зрэшты, мне ён зусім не падыходзіць. Яны моляцца — і я хачу зняць з іх частку клопатаў, каб ім хапала часу для малітваў.
— Проста зайздросна слухаць, як іншыя людзі выдатна абсталявалі сваё жыццё. — Яна ўсхліпнула, але перасіліла сябе і сказала: — Табе б толькі жонку, і тваё жыццё было б цалкам уладкавана.
— А чаму б і не, — сказаў ён, спыняючы машыну перад святлафорам на Піпінштрасэ. — Цябе загубіць снабізм. — Ён сціснуў яе руку.
Яна адказала на поціск і сказала:
— Не, справа не ў снабізме, я проста не магу ім дараваць, што яны забілі майго мужа, — ні дараваць, ні забыць, і не хацела б даць ім задавальненне і паўторна строіць з сябе шчаслівую, усмешлівую жонку.
— Задавальненне каму?
— Ім, — паўтарыла яна спакойна. — Здагадайся сам, каго я маю на ўвазе. Зялёнае святло — едзь далей.
Ён паехаў далей.
— З усіх тваіх спраў ты нічога не даводзіш да канца. Маці ты ніякая, удава таксама ніякая, і гуляшчай цябе не назавеш, і нават нічыёй палюбоўніцай — я проста раўную, раўную цябе, і нават не да гэтых ідыётаў, а да марна растрачанага часу — і адно заўсёды застанецца нязменным: мужчына не можа зрабіць большага для жанчыны, чым прапанаваць ёй выйсці за яго замуж.
— Не, — сказала яна, — часам значна важней стаць яе каханым. Неяк дзіўна атрымліваецца: раней жанчыны радаваліся, калі ім удавалася выйсці замуж, а цяпер, наадварот, мне, ва ўсякім разе, гэта зусім непатрэбна.
— Таму што ты поўная снабізму. Гадамі выслухоўваеш гэтакіх аболтусаў — гэта дарэмна прайсці не можа. Дзе цябе высадзіць?
— Каля ашчадкасы, — сказала яна.
Ён счакаў, пакуль паліцэйскі падасць знак на праезд, аб’ехаў пляц Карла Вялікага і спыніўся каля ашчадкасы. Затым выйшаў, дапамог ёй выйсці і дастаў з багажніка яе чамадан.
— На гэты раз, — усміхнулася яна, — я сапраўды не буду дарма губляць часу.
Ён паціснуў плячамі.
— Ну што ж, — сказаў ён, — у нас жа ўсё наадварот — раней адданыя жанчыны чакалі, калі іх возьмуць няверныя мужчыны, цяпер жа я, мужчына, буду верна чакаць, пакуль няверная дазволіць з ёй ажаніцца.
— Але, ты адданы, — сказала яна, — і я ведаю, што гэта добра.
Читать дальше