Ён паціснуў ёй руку, сеў у машыну і другі раз аб’ехаў пляц.
Яна пачакала, пакуль яго машына схавалася за рагом вуліцы Меравінгаў, затым паклікала таксі са стаянкі каля Старой гарадской брамы і сказала шафёру:
— Да Крэдытнага банка.
Звычайна ён не спяшаўся са школы дадому. Ён далучаўся да кампаніі так званых абібокаў, але нават сярод іх не было ніводнага, хто так не хацеў бы ісці дадому, як Марцін. Нехта бег дадому з усіх ног, таму што згаладаўся, або таму, што дома іх чакала штосьці прыемнае, або таму, што ім трэба было ісці за пакупкамі або падаграваць абед для малодшых братоў і сясцёр. Генрых сам гатаваў ежу для сваёй маленькай сястрычкі, на ўроках ён сядзеў вельмі стомлены і стрымгалоў кідаўся бегчы, як толькі празвініць званок. Яго маці ішла на працу за дваццаць хвілін да канца заняткаў у школе, і Вільма заставалася адна з Леа, а Брылах сядзеў як на голках, калі ведаў, што Вільма адна з Леа. На апошнім уроку ён усё шаптаў: «Я не магу сядзець на месцы ад хвалявання!»
Спакою ў Генрыха не было ніколі, занадта ўжо многа ў яго было ўсялякіх клопатаў, і школу ён успрымаў як справу другарадную, непатрэбную, але адначасова сімпатычную, як нешта далёкае ад жыцця. Бурбалкі паветра пад ледзяной карой, мілыя цацкі, забаўляцца з якімі надзвычай прыемна, хоць яны і забіраюць многа часу. А парой у школе было проста сумна, і тады Брылах на апошнім уроку засынаў, калі толькі страх за Вільму не перашкаджаў яму заснуць.
Затое Марцін не спаў і чакаў званка. Час спыняўся, час застываў, каб адным рыўком перакінуць вялікую стрэлку на дванаццаць, — і тады звінеў званок. Генрых ускокваў, яны хапалі ранцы, на бягу надзявалі іх праз плячо і несліся па калідоры, затым праз двор — на вуліцу, наперагонкі да вугла: там ён зварочваў направа, а Генрых — налева. Яны абганялі астатніх і беглі па бруку, а не па тратуары, каб не сутыкацца з плынню дзяўчынак, якія ішлі ў школу.
Брылах першы дабег да вугла, ён спяшаўся дамоў, але пачакаў Марціна. На развітанне Марцін крыкнуў:
— Паедзеш з намі ў Бітэнхан? Мы па цябе заедзем!
— Трэба спытаць у маці!
— Ну, бывай здаровы!
На дарогу ў Марціна звычайна ішло пятнаццаць хвілін, але ён мог прабегчы яе і за пяць хвілін. Сёння ён бег вельмі хутка, задыхаючыся ад нецярпення, і ўжо здалёк убачыў, што машыны Альберта няма каля дома. Ён спыніўся каля нейкага плота, перавёў дыханне і азірнуўся назад, на алею, па якой Альберт павінен вярнуцца ад Бразгота. Ісці дадому не хацелася. Больды няма, Глума няма і ўвогуле пятніца — дзень небяспечны, гэта бабулін дзень. Яшчэ не канчаткова разыграна кроў у мачы, у Фавінкеля сёння падаюць пяцьдзесят розных рыбных страў, а ён не выносіць рыбы. Калі Альберт выедзе з-за вугла, то адразу ўбачыць, што ён сядзіць тут, і ён злаваў на Альберта за тое, што ягонай машыны да гэтага часу яшчэ няма каля пад’езда Марцін устаў і пацягнуўся да бензакалонкі ў самым канцы алеі.
Толькі цяпер на алеі з’явіліся дзяўчынкі, якія спазняліся, якіх звычайна ён сустракеў на вуглу; яны перасеклі маставую, зірнулі на вялікую залатую стрэлку вежавага гадзінніка і пусціліся трушком. Некалькі дзяўчынак, задыхаючыся, беглі па алеі, а ўдалечыні група дзяўчынак ішла зусім не спяшаючыся. Ён добра ведаў іх усіх, таму што тых, якія зараз пусціліся трушком, ён сустракаў штодня перад пачаткам першай змены, каля самай школы; тых, якія беглі па алеі, ён сустракаў заўсёды каля бензакалонкі, на агароджы якой зараз сядзеў. Сёння ўсё пераблыталася, і Марцін злаваў, што так паспяшыў дадому. Заўсёды ён ішоў адным з апошніх, і калі з’яўляліся панылыя прагульшчыцы, ён звычайна ўжо сядзеў на агароджы калонкі, а яны не беглі, ведаючы, што ўсё роўна не паспеюць. Гэта былі тыя дзяўчынкі, якія зараз удалечыні спакойна пераскоквалі цераз цені дрэў, быццам цераз прыступкі. Ён сустракаў іх заўсёды каля калонкі, а сёння ён паспеў дайсці да самага дома і вярнуцца, а яны ўсё яшчэ не дабраліся да калонкі. З развеянымі валасамі, з палаючымі тварамі пранесліся паблізу яго тыя, што яшчэ не прывыклі спазняцца. Мінутная стрэлка гадзінніка на царкоўнай вежы зусім наблізілася да трох, бегчы было не варта, таму што паспець на ўрок ім ужо не ўдасца.
Машыны Альберта ўсё яшчэ не было, чаканне рабілася невыносным, і вінаваты ва ўсім быў Альберт.
Паказалася група нетаропкіх прагульшчыц, на вежы прабіла чвэрць другой, і нармальны рытм жыцця быў адноўлены. Дарма ён бег, дарма спяшаўся, з гэтай хвіліны ўсё пайшло, як у звычайныя дні.
Читать дальше