Марціну было сумна. Пачалася асноўная карціна, але сум не прайшоў. На экране пілі віно і служылі імшу, затым расчыніліся вароты парка, і мужчына Ў зялёным сурдуце, зялёным капелюшы і зялёных гетрах паскакаў па прасецы. У канцы прасекі стаяла жанчына ў ліловай сукенцы з залатым каўнерыкам жанчына з «Сеанса для дзяцей » . Мужчына саскочыў з сядла, пацалаваў жанчыну, а жанчына яму сказала: «Я буду за цябе маліцца, беражы сябе». Зноў пацалунак, і вось ужо жанчына з «Сеанса для дзяцей», плачучы, глядзіць услед мужчыну, які бесклапотна скача прэч. Трубяць паляўнічыя ражкі на даляглядзе, і мужчына ў зялёным капелюшы, зялёных гетрах і зялёным сурдуце імчыць на фоне сіняга неба па іншай прасецы.
Марцін паміраў ад нудоты: ён пазяхаў у цемры, яго даймаў голад, ён заплюшчыў вочы і чытаў «Ойча наш» і «Багародзіцэ Дзево, радуйся», затым прыдрамаў і ўбачыў у сне, як Лea з жорнамі на шыі ідзе на дно — беспрадонная глыбіня мора, і твар у Лea такі, якім ён ніколі яго не бачыў. Твар у яго самотны, і ён апускаецца ўсё глыбей і глыбей ў зялёны змрок, і зграі марскіх страшыдлаў здзіўлена вылупліваюцца на яго.
Ён прачнуўся ад крыку, спалохаўся, не адразу зразумеў у цемені што да чаго і ледзь сам не закрычаў. Але паступова карціна праяснялася: зялёны мужчына качаўся па зямлі з нейкім абарванцам, абарванец перамог, зялёны так і застаўся на зямлі, абарванец жа ўскочыў у сядло, пачаў лупіць каня высакародных крывей і з д’ябальскім рогатам паскакаў прэч, хоць конь раз за разам уставаў на дыбы.
У лясной капліцы жанчына з «Сеанса для дзяцей» стаяла ўкленчыўшы перад выявай мадонны, але раптам з лесу пачуўся стукат капытоў. Яна кінулася насустрач: яна пазнала ржанне і тупат ягонага каня. Вочы яе заблішчалі ад радасці: ці не ён вярнуўся назад, гнаны каханнем? О не, дзікі крык, жанчына падае непрытомна на ганку капліцы, а абарванец праносіцца міма, нават не зняўшы капелюша. Але хто там паўзе з апошняе сілы, выгінаецца, як змяя, па лясной прасецы, чый твар скажоны дзікім болем, чые вусны сцяты журботным маўчаннем? Гэта элегантны зялены пан. Ён дапоўз да купкі і, цяжка дыхаючы, уставіў вочы ў неба.
А хто бяжыць па прасецы, на кім палошчацца ліловая сукенка, хто рыдае і бяжыць, бяжыць і кліча? Гэта яна, жанчына з «Сеанса для дзяцей».
I чалавек у зялёным пачуў яе. Зноў капліца. Пабраўшыся за рукі, яны павольна ўзыходзяць па прыступках, зялёны чалавек і жанчына, гэтым разам таксама ў зялёным. Яго правая рука ўсё яшчэ перавязаная і галава таксама, але ён ужо ўсміхаецца, балюча, але ўсё ж усміхаецца. Непакрытыя галовы, расчыненыя дзверы капліцы, на заднім плане ржэ конь і ціўкаюць птушкі.
Павольна прабіраючыся на вуліцу, Марцін адчуў сябе блага. Ён вельмі выгаладаўся, хоць і не разумеў гэтага. На вуліцы ззяла сонца, ён зноў прысеў на агароджу бензакалонкі, разважаючы: ужо пятая гадзіна, значыцца, Леа даўно ўжо пайшоў, а злосць на Альберта яшчэ не ўляглася. Ён закінуў ранец за спіну і павольна пабрыў да Брылаха.
Бразгот прасіў яго крыху пачакаць. Альберт хадзіў узадперад па панылым пакоі. Час ад часу ён спыняўся каля расчыненага акна і глядзеў уніз, на вуліцу. З універмага адна за адной выходзілі прадаўшчыцы і, перайшоўшы вуліцу, хаваліся ў дзвярах сталоўкі. У руках у іх былі абедзенныя прыборы, у каго скруткі з бутэрбродамі, у адной яблык. Тыя, што ўжо паспелі паабедаць, вярталіся ў магазін. Яны загаворвалі з сяброўкамі, якія ішлі насустрач, спыняючы іх. Альберт даўно ўжо вызначыў па паху сённяшняе меню і цяпер па абрыўках гутаркі, якая раз-пораз даносілася да яго, зразумеў, што не памыліўся. Абед складалі смажаная каўбаса з цыбуляй і бульбай і пудынг. Пудынг не ўдаўся — неапетытнае ружовае месіва — з падгарэлым ванільным соусам. Ён пачуў, як папярэджвалі сваіх таварак тыя, што адыходзілі:
— Крый Божа, не надумайце браць гэтае паскудства на трэцяе. Так усё нічога — каўбаса смачная і гарнір таксама, але пудынг… — Словы агіды даносіліся няспынна ў самых розных спалучэннях.
Аднолькавыя халаты з чорнай шаўковай тканіны надавалі дзяўчатам выгляд амаль што манашак. Ніводная з іх не фарбавала вуснаў і не падводзіла веек. Апрануты яны былі падкрэслена сціпла, без прэтэнзій. Нямодныя гладкія прычоскі, грубыя бумажныя панчохі, дабротныя чорныя чаравічкі на нізкім абцасе і наглуха зашпіленыя пад самым горлам халаты — ва ўсім гэтым не было і знаку какецтва. Старэйшыя прадаўшчыцы, ужо немаладыя жанчыны, былі ў халатах колеру таннага малочнага шакаладу з бліскучымі шаўронамі на рукавах, шырэйшымі, чым у астатніх. У некалькіх дзяўчат вучаніц, нядаўніх школьніц, з худзенькімі яшчэ напаўдзіцячымі тварамі, халаты былі ўвогуле без шаўронаў. Вучаніцы неслі па два абедзенныя прыборы: сабе і для старэйшых прадаўшчыц.
Читать дальше