Альберт уперыўся ў вялікую карту Германіі, што вісела на сцяне. Мясціны, дзе чыталі і выпісвалі «Суботні вечар», былі пазначаны чырвонымі сцяжкамі. Сцяжкі так засеялі карту, што на ёй амаль нічога нельга было разабраць: назвы гарадоў, рэк і горных хрыбтоў былі схаваныя за суцэльнай завесай чырвоных сцяжкоў з надпісам «Суботні вечар»…
З кабінета Бразгота па-ранейшам у не даносілася ні гуку. Цішыня, што панавала ў гэтым вялікім, заўсёды такім шумным доме, гняла Альберта. Гадзіннік ва універмагу паказваў ужо дзесяць хвілін на другую праз пяць хвілін Марцін вернецца са школы.
На тым баку вуліцы дзяўчаты ў чорных халатах пад наглядам шакаладнай дамы наклейвалі ў прасценках паміж вітрынамі рэкламныя плакаты; белы надпіс на чырвоным фоне апавяшчаў: Надзейна, выгадна!
Бразгот усё яшчэ не з’яўляўся, і гэта пачынала раздражняць Альберта. Ён непакоіўся за Марціна. Хлапчук жа такі няўважлівы. Паставіць падагрэць абед, а сам пойдзе ў пакой, адкрые кнігу, разамлее ў цяпле і зараз жа засне. Тым часам суп на кухні выкіпіць, бульба ператворыцца ў шматкі сажы, а локшыны — у нешта накшталт вугальнага брыкету. На стале ляжалі старыя нумары «Суботняга вечара» з малюнкамі Альберта на чацвёртай старонцы вокладкі. Альберт адчыніў дзверы ў калідор і прыслухаўся — ні гуку. Нідзе не грукалі дзверы, не званіў тэлефон, нідзе не відно было ўсіх гэтых журналістаў з зусім хлапечымі, вельмі жыццярадаснымі і вельмі журналісцкімі фізіяноміямі, якія заўсёды нагадваюць герояў кепскіх фільмаў, гавораць мовай кепскіх радыёпастановак.
Сёння рэдакцыя пуставала. Унізе каля ўвахода быў вывешаны вялікі белы плакат: Зачынена з прычыны загараднай экскурсіі. Швейцар доўга не хацеў упускаць Альберта. Выдавец «Суботняга вечара» лічыў, мабыць, прыкметай асаблівага арыстакратызму наўмысна запушчаны выгляд рэдакцыйных памяшканняў. Убоства абсталявання, якое кідалася ў вочы, не адпавядала даходам выдавецтва. Голыя бетонныя сцены былі ўпрыгожаны толькі плакатамі, ды на аднолькавай адлегласці адна ад адной віселі дошчачкі, на якіх стылізаваным дзіцячым почыркам, як на рэкламах школьных прыналежнасцей, было напісана: «Калі ты напляваў на падлогу, ты свіння», або «Калі ты кідаеш на падлогу недакуркі — ты таксама свіння». Альберт уздрыгнуў, калі адны з дзвярэй, што выходзілі ў калідор, раптоўна адчыніліся. Але з дзвярэй выйшла дзяўчына-тэлефаністка, якая працавала на камутатары. Падышоўшы да рукамыйніка, яна пачала мыць відэлец і нож. Затым, павярнуўшыся да адчыненых дзвярэй, сказала ўсё тую ж знаёмую фразу:
— Не надумайся браць на трэцяе гэтае чырвонае месіва — страшэнная дрэнь, і ванільны соус падгарэў.
З пакоя пачуўся голас яе напарніцы:
— У нашых экскурсантаў сёння абед будзе смачнейшы! З шэфа за гэта належыць!
— За ім не затрымаецца, — адказала дзяўчына, што стаяла над рукамыйнікам. — Для дзесяці чалавек, якія сёння засталіся, наладзяць асобную экскурсію. Гэта значна лепш, чым ехаць усім скопам.
— Ты бачыла сёння раніцай чырвоныя аўтобусы? Шыкоўныя машыны!
— А як жа, я якраз ішла на работу, калі яны пад'язджалі.
Дзяўчаты замаўчалі. Альберту хацелася яшчэ хоць раз пачуць голас тэлефаністкі, якая сядзела ў пакоі. Ён адразу пазнаў гэты голас: дзяўчына шмат разоў злучала яго з Бразготам. Часам ён набіраў нумар рэдакцыі толькі дзеля таго, каб пачуць яе голас. У ім гучала нейкая ласкавая леная пакора і раптам праслізгвалі нечаканыя наравістыя ноткі, якія нагадвалі голас Лін.
Дзяўчына над рукамыйнікам абыякава ўсунула нож і відэлец у кішэню халата, выцягнула грабянец з валасоў і, заціснуўшы яго ў зубах, пачала падкручваць локаны.
Альберт падышоў да яе:
— Ад вас можна пазваніць у горад? — спытаў ён. — У мяне тэрміновая справа!
Дзяўчына адмоўна пакруціла галавой, працягваючы ўкладваць локаны сваіх негустых валасоў.
Затым, выцягнуўшы з рота грэбень, яна ўваткнула яго ў рэдзенькі вузел на патыліцы і сказала:
— З камутатара нельга. А вы пазваніце з аўтамата.
— Я не магу адысціся. Я чакаю Бразгота.
— Ён вось-вось з’явіцца, — пачуўся з пакоя голас другой дзяўчыны, — ён толькі што званіў і сказаў, што зараз будзе тут.
Альберт спрабаваў па голасе вызначыць яе знешнасць. Ён уявіў сабе высокую поўную дзяўчыну з павольнай плаўнай паходкай. Ён захацеў паглядзець на яе — на дзяўчыну з пяшчотным голасам, у якім гучала ласкавая пакора. Твар у яе павінен быць белым, чыстым, з вялікімі задумлівымі вачамі.
Читать дальше