— Не, усё вельмі добра. Я хацела б прачытаць гэтыя пісьмы, хоць гэта зусім і не патрэбна, — я ж ведаю, ты маеш рацыю, што я вінаватая ў тваім вяртанні з Лондана, і ўсё ж я хацела б прачытаць гэтыя пісьмы. Мне гэта будзе толькі на карысць.
— Можаш іх прачытаць і пакінуць сабе, па мне, дык можаш нават спаліць іх. Я зусім не імкнуся даказаць табе, што праўда за мной. Проста заўсёды здаецца, што было б лепш, калі б шмат гадоў назад ты зрабіў бы не так, а па-іншаму. Але ўсё гэта лухта.
— Я яшчэ раз прачытаю пісьмы Рая. Перш за ўсё я хачу пераканацца, ці правільна я думаю, што ён сам хацеў памерці?
— Калі будзеш чытаць, не выкідвай ніводнага, дзе гаворка ідзе пра Шурбігеля, і ніводнага з тых, што адрасаваны самому Раю.
— Зразумела, не. Я нічога не буду выкідваць. Я проста хачу ведаць, што ж з ім было. Ты ж ведаеш, бацька мог усё так абставіць, каб яго не бралі ў армію. Я ўпэўнена, што ён мог нават ад вайны яго ўратаваць. Бацька меў дзелавыя сувязі ў самых высокіх колах, але Рай не захацеў. Ён не хацеў эмігрыраваць, не хацеў атрымаць вызвалення ад вайсковай службы, хоць больш за ўсё на свеце ненавідзеў армію. Часам мне здаецца, што ён проста хацеў памерці. Я часта думаю пра гэта, і гэта адна з прычын, чаму сваю нянавісць да Гезелера мне заўсёды даводзіцца падаграваць штучна.
Альберт сустрэў яе дапытлівы позірк і спытаў:
— Чаму ты раптам успомніла пра Гезелера?
— Ды так, проста я падумала пра тое, што ты ж ніколі не гаворыш пра Рая. Ты павінен быў бы ўсё ведаць, але ты ніколі ні пра што не гаворыш.
Альберт маўчаў. У апошнія тыдні перад смерцю Рай абсалютна атупеў, ён ледзь валок ногі, і ўсё іх сяброўства зводзілася цяпер да таго, што яны дзяліліся цыгарэтамі і дапамагалі адзін аднаму ўладкоўвацца на прывалах і чысціць зброю. Рай стаміўся, як і большасць пехацінцаў, ад якіх ён амаль нічым не адрозніваўся. Але калі ён бачыў некаторых афіцэраў, ён загараўся нянавісцю.
— Ёсць і яшчэ нешта, пра што ты ніколі не гаварыў,— сказала Нэла.
Альберт глянуў на яе, падаў ёй пусты кубак, яна наліла яму кавы; пакуль ён размешваў малако і драбніў лыжачкай цукар у кубку, ён выгадваў час, каб усё абдумаць.
— Многа тут не скажаш, — адказаў ён. — Рай стаміўся, ён быў вельмі падаўлены, і калі я не гаварыў табе пра гэта, то толькі таму, што і сам толкам нічога не ведаю. Няшмат ва ўсякім выпадку.
Ён злавіў сябе на тым, што думае пра вялікі карабок «Санлайт» і пра бурклівую маленькую прадаўшчыцу, якая дала яму тады гэты карабок: было ўжо цёмна, а яму зусім не хацелася ісці дадому ў пусты пакой, дзе дыміла печка, дзе горкі тлусты чад пранізаў усю мэблю, усё адзенне, усю пасцельную бялізну, дзе на табурэтцы яшчэ стаяла спіртоўка Лін, заляпаная супамі, якія заўсёды ў яе выкіпалі.
— Рай неяк атупеў і апусціўся, — працягваў Альберт, калі Нэла зірнула на яго, — але я ўжо застаў яго такім, калі вярнуўся з Англіі. У ім забілі душу, спустошылі; за чатыры гады ён не напісаў нічога, што магло б яго парадаваць.
Альберту ўспомнілася напружаная цішыня, якая ўсталявалася адразу пасля аб’яўлення вайны: на нейкае імгненне стала ціха ва ўсім свеце, пакуль не прыйшла ў рух першая шасцярня ў гатовым да пуску механізме, але вось яна зрабіла першы абарот, механізм запрацаваў, паглыбляючы тупасць і пакору.
Калі Нэла падала яму цыгарэту, ён адмоўна пакруціў галавоў, але па звычцы палез у кішэню па агонь і даў ёй прыкурыць, пазбягаючы, аднак, сустракацца з яе чакальным позіркам.
— Праўда, — сказаў ён, — ніякай тайны ў гэтым няма. Але паэту, зразумела, не вельмі прыемна паўсюль натрапляць на рэкламныя лозунг! мармеладу, якія ён сам склаў. «Гэтакі, значыцца, мой уклад у вайну супраць вайны», — сказаў мне аднойчы Рай і са злосцю адшпурнуў нагой бляшанае вядзерца з фабрыкі твайго бацькі. Гэта было на рынку, у Вінніцы, нейкая бабулька прадавала пячэнне — арэхавае пячэнне ў чысценькім вядзерцы з-пад мармеладу; усё пячэнне пакацілася па зямлі, мы з Раймундам дапамаглі жанчыне сабраць пячэнне, заплацілі ёй колькі трэба было і папрасілі прабачэння ў яе.
— Працягвай, — сказала Нэла, і ён убачыў, што яна надзвычай узбуджаная, быццам чакае самага нечаканага выкрыцця.
— Вось і ўсё, — сказаў ён. — Праз два тыдні Рай загінуў, але нават шлях да смерці быў для яго ўсеяны бляшанкамі з-пад мармеладу: не соладка нам было паўсюль натыкацца на гэтае дабро, гэта проста вымотвала нас, а іншыя нічога не заўважалі, толькі… ты ж раззлуешся і ўзненавідзіш мяне за тое, што я табе ўсё гэта расказваю.
Читать дальше