Нэла надзвычай ганарылася сваёй кемлівасцю: неяк раз яна з'ездзіла ў горад і прывезла дзесяць вялікіх цынкавых ваннаў, іх расставілі па ўсім гарышчы, і яны пакрылі амаль усю столь. «Цяпер не пацячэ», — заявіла яна, патраціўшы на ванны столькі грошай, што на іх, відаць, можна было б зрабіць капітальны рамонт даху. Цяпер, калі ішоў дождж, яны слухалі перазвон кропляў, з глухім і грозным шумам падалі яны ў парожнія, гулкія ванны. Нягледзячы на ванны, Глуму ўсё часцей даводзілася замазваць столь сумессю з вапны, пяску і крэйды. Лесвіцы і гарнітур Глума ў такіх выпадках заўсёды былі запэцканыя, і Марцін, які дапамагаў яму, таксама быў перапэцканы з галавы да ног, яго касцюм здавалі тады ў хімчыстку.
Зрэдку на гарышча падымалася бабуля, каб агледзець пашкоджанні. Яна лавіравала сярод цынкавых ваннаў, яе цяжкія шаўковыя спадніцы чапляліся за краі ваннаў, і па гарышчы праносіўся тады вясёлы звонкі шоргат. Для такіх выпадкаў бабуля надзявала акуляры, і ўся яе постаць выпраменьвала распарадчасць і пачуццё абавязку. У ходзе аглядаў яна вырашала пакапацца ў старых запісах і знайсці адрас страхара, які раней выконваў такую работу ў доме. Затым яна некалькі дзён сядзела адна ў сваім пакоі, з усіх бакоў абкладвалася блакнотамі і папкамі, корпалася ў старых паперах і з галавой патанала ў вывучэнні старых каштарысаў. Але адрас страхара так і не быў знойдзены, хоць па яе патрабаванні ёй перацягалі з архіваў фабрыкі ўсе паперы. Падшыўку за падшыўкай, падабраныя па гадах, прывозілі на маленькім чырвоным аўтамабілі, пакуль не завалілі папкамі ўвесь яе пакой. Супакоілася яна толькі тады, калі дабралася да самага першага года зацвілых каштарысных кніг 1913 года.
Тады яна паклікала Марціна да сябе, і ён павінен быў гадзінамі слухаць і спасцігаць тайны араматычных мармеладаў, якія прыдумаў і прадаваў па ўсім свеце ягоны дзядуля. Першая сусветная вайна выклікала небывалы росквіт маладога прадпрыемства, і сваю лекцыю бабуля закончыла дэманстрацыяй дыяграм і табліц. Акуратна вычарчаныя тушшу лініі, падобныя на папярочныя разрэзы гары, сведчылі пра тое, што галодныя гады спрыяльныя для мармеладных фабрык. Год 1917. «У гэтым годзе, дарагі, нарадзілася твая мамачка». 1917 год — адзінокая вяршыня на дыяграме, вышыня, якая да самага 1941 года заставалася недасягальнай. Але хлопчыку, якога прымусілі вывучаць усе гэтыя табліцы, кінулася ў вочы, што круты ўздым пачаўся ўжо з 1933 года. Ён спытаўся ў бабулі, у чым справа, таму што пабойваўся яе і хацеў зрабіць выгляд, быццам яму ўсё гэта цікава. У адказ бабуля распачала доўгую і палымяную прамову; яна гаварыла пра летнія лагеры, пра мнагалюдныя зборышчы, партайтагі і ў канцы ўрачыста торкнула доўгім жаўтавым указальным пальцам у год 1939, дзе адзначаўся новы ўзлёт.
— Усе войны, якія вяла Германія, звязаны з ростам вытворчасці мармеладных фабрык, — заключыла яна.
Калі скрозь тоўшчу папер яна дабралася да 1913 года і растлумачыла хлопчыку «самае неабходнае», яна пазваніла ў праўленне завода, чырвоны аўтамабільчык зрабіў некалькі рэйсаў, і ўсе сорак гадоў былі ўсталёваны на ранейшым месцы.
А пра страхара тым часам зусім забыліся, цынкавыя ванны так і засталіся на гарышчы, і кожны дождж ператвараўся ў выдатны, хоць крыху і аднастайны канцэрт. Але аконныя рамы таксама патрабавалі рамонту, а ў падвале месяцамі стаяла вада, таму што сапсаваўся насос. Калі Больда распачынала вялікае мыццё бялізны, вада з вузкай цэментаванай трубы залівала кацельню, мыла і бруд пакрывалі цэментавую падлогу слізкай, падобнай на цвіль, скарынкай. Адусюль несла гніллю, а пах бульбы, якая захоўвалася ў рашотчатых скрынях і дружна прарастала, прыцягваў пацукоў.
Альберт пра гэта нават і не ведаў. Пацукоў ён выявіў толькі тады, калі пасля доўгага перапынку зайшоў у падвал. Пасля жорсткай сутычкі з Нэлай ён вырашыў адшукаць у вялікай скрынцы лісты, якія Рай пісаў яму ў Лондан: ён хацеў даказаць, што вярнуўся з Лондана не па просьбе Рая, а па просьбе Нэлы. Альберт звычайна ў падвал не заглядваў і спужаўся, калі ўбачыў, як там брудна: паўсюль стаялі пакрытыя пылам скрыні, па кутках валяліся нейкія анучы, а каля ўвахода ў пральню стаяла паўмяха гнілой мукі, і калі Альберт запаліў святло, з меха саскочыла некалькі пацукоў. З той пары як Альберт пабыў у ваеннай турме пад Адэсай, пацукі выклікалі ў яго страх, яго заванітавала, калі ён бачыў чорныя цені, што пранесліся па падвале. Ён кінуў ім услед некалькі кавалкаў коксу і, перасіліўшы сябе, павольна падышоў да вялікай рудой скрыні, што стаяла пад газавым лічыльнікам.
Читать дальше