— Хочаш выпіць? — спытала Нэла, і ён быў удзячны ёй за тое, што яна змагла пры тым усміхнуцца.
— Але, з задавальненнем, — адказаў ён.
Нэла вылавіла з-пад ложка шклянку і бутэльку з мутнай, рудой гарэлкай, наліла яму. Яна нічога не гаварыла, яна не падбадзёрвала яго і не расхалоджвала, яна крыху насцярожана чакала.
Тады ён сказаў:
— Выпі са мной.
I зноў яна згодна кіўнула, вылавіла з той жа шчыліны кафейны кубак, выплюхнула асадак проста цераз галаву на паркет і падставіла яму кубак. Ён наліў ёй, і яны абое выпілі і закурылі, а печка за ягонай спінай гудзела, як вялікая ласкавая кошка. Не паспелі яны дапіць, як ён патушыў святло і, застаючыся ў промні напаленай пячной спіралі, сказаў: «Калі не хочаш, скажы, і я пайду». — «Не», — адказала яна і збянтэжана ўсміхнулася, ён так і не зразумеў, што азначала ў гэтае імгненне яе «Не»: «Так» або «Не». Ён выключыў печку, счакаў, пакуль пацямнее напаленая спіраль, і схіліўся над яе ложкам. Яна ў цемені абхапіла яго галаву рукамі, быццам пятлёй, пацалавала яго ў шчаку і шапнула: «Лепш бы ты пайшоў», і ён адчуў дзіўнае расчараванне: яго расчараваў рот Нэлы, вялікім і друзлым падаўся ён яму, расчараваў пацалунак Нэлы, не такіх ён чакаў ад яе. Ён зноў запаліў святло, уключыў печку і вырашыў, што ўсё на лепшае, што яму няма чаго саромецца, Нэла трымалася вельмі добра, і ён не адчуваў аніякага расчаравання ад таго, што яго жаданне не здзейснілася. Як толькі ўспыхнула святло, Нэла ўсміхнулася, зноў, бы пятлёй, абхапіла яго шыю рукой і пацалавала ў другую шчаку, і ён зноў адчуў расчараванне. Нэла сказала яму: «Мы не павінны гэтага рабіць», і ён вярнуўся ў свой пакой, і больш пра гэта гаворкі не было, і ён пра ўсё забыў, і толькі сёння ў ванным пакоі ўсё зноў успомнілася.
Нэла паставіла кубак на палічку і задумліва паглядзела на яго.
— Так, тады я не хацела з-за дзіцяці…
— А зараз, — сказаў ён, — я не магу, і таксама з-за хлопчыка.
— Як дзіўна, — усміхнулася яна, — што я пра гэта забылася.
— Многае забываецца, — сказаў ён, таксама ўсміхаючыся, — і нам пачынае здавацца, быццам ніколі нічога і не было. Спадзяюся, ты не пакрыўдзілася на мяне за тое, што я нагаварыў.
— Мы пастарэлі з тае пары на дзевяць гадоў, сказала яна. — Дабранач.
Ён вярнуўся ў ванную і хутка пачуў, як Нэла пайшла да сябе і зачыніла за сабою дзверы. Ён распрануўся, сеў у ванну, цяпер яго ўжо злавала стомленасць, якая, канешне, авалодае ім гадзін да дзевяці. Ён любіў рана лажыцца, спаць моцна і доўга, раніцай рана ўставаць, снедаць разам з хлопчыкам і дапамагаць яму збірацца ў школу, таму што добра разумеў, як цяжка дзіцяці, калі яно раніцай устае раней за ўсіх, снедае ў адзіноце і ідзе ў школу, ведаючы, што ўсе ў доме могуць яшчэ спакойна спаць. Бацькі Альберта, уладальнікі невялікага рэстаранчыка, раней трох-чатырох ніколі не лажыліся, і ўсе гады свайго дзяцінства ён раніцай праходзіў праз накураную залу ў вялікую і халодную кухню. Там пахла застылым тлушчам, пракіслымі салатамі, на палічцы ляжалі яго бутэрброды, а на газавай пліце стаяла ў алюмініевай каструлі кава. Шыпенне газу ў золкай халадэчы кухні з кепскім пахам, наспех праглынутая кава з нясвежым смакам, бутэрброды з вялікімі, наспех нарэзанымі кавалкамі мяса, якога ён не любіў. З той пары як Альберт пакінуў бацькоўскі дом, ён марыў пра тое, каб рана класціся і рана ўставаць, але лёс вечна зводзіў яго з людзьмі, якія рабілі нездзяйсняльным такі рытм жыцця. Ён стаў пад халодны душ, пасля абцёрся і ціха пайшоў на кухню. Глум ужо паспеў пабыць тут, пакуль ён сядзеў у ванне. Кафейнік Глума быў парожні, цёплы каўпак, што накрываў яго, ляжаў побач. Больда, мяркуючы па ўсім, таксама сышла. На стале валяліся крошкі кіслага чорнага хлеба.
Ён прайшоў да сябе і хацеў пабудзіць Марціна, але Марцін ужо не спаў і ўсміхнуўся яму. Хлопчык, несумненна, быў рады, што Альберт тут і будзе з ім снедаць.
— Прабач, — сказаў Альберт, — што ўчора вечарам, як ты прыйшоў са школы, мяне не было дома, — давялося пайсці. Мне пазванілі. Ну, пара ўставаць.
Калі хлопчык ускочыў з ложка, і ўстаў на ўвесь рост, Альберт спалохаўся: хлопчык вырас, а Нэла ўпарта не хацела гэтага заўважаць, як і шмат чаго іншага. Ён пакінуў хлопчыка і вярнуўся на кухню, каб зварыць яйкі і падрыхтаваць бутэрброды. У пакоі Нэлы было ціха, і на нейкі момант ён зразумеў яе: яго ж таксама палохала, што хлопчык так хутка вырас і, несумненна, жыве зусім у іншым свеце, чым яны.
Дом усё больш рабіўся непрыдатным, хоць грошай на тое, каб яго ўтрымліваць у парадку, хапіла б злішкам. Але нікому не было да гэтага аніякай справы. Дах падцякаў, і Глум часта скардзіўся, што пляма на столі ў ягоным пакоі ўсё расце. Калі ішоў моцны дождж, са столі проста капала, і тады, ахопленыя жаданнем дзейнічаць, яны паднімаліся на гарышча, каб падставіць таз пад дзірку на даху, і Глум меў невялікую перадышку. Тэрмін гэтай перадышкі залежаў ад памераў таза, а таксама ад інтэнсіўнасці і працягласці дажджу: калі таз быў неглыбокі, а дождж моцны і працяглы, перадышка заканчвалася вельмі хутка, вада ў тазе цякла праз край, і цёмная пляма на столі павялічвалася. Тады на гарышчы падстаўлялі глыбейшы таз. Хутка плямы пачалі паказвацца і на столі ў Больды, і ў вольным пакоі, дзе раней жыў дзядуля. А ў ваннай неяк адваліўся вялікі кавалак тынкоўкі. Больда падмяла смецце, а Глум падрыхтаваў дзіўную сумесь з вапны, пяску і крэйды і замазаў аголеныя дранічыны.
Читать дальше