Сэрца яго білася мацней, калі ён сярод ночы праходзіў у свой пакой, каб паглядзець, як спіць хлопчык. Марцін вельмі падрос, хутка і нечакана, на яго погляд, і яму рабілася неяк боязна, калі ён глядзеў на раскіданага ў ложку вялікага, адзінаццацігадовага хлапчука, бялявага, мілавіднага, вельмі падобнага на Налу. Праз адчыненае акно ўжо даносіліся ранішнія шумы: далёкае грукатанне трамвая, шчабятанне птушак; за сцяной таполяў, што акружалі сад, парадзела і паблякла чарнільная сінеча ночы, а наверсе, у пакоі, які займаў цяпер Глум, не пачуеш больш, ніколі не пачуеш, цяжкія і размераныя крокі бацькі Нэлы, крокі селяніна, які занадта доўга хадзіў за плугам, каб мяняць на старасці год хаду.
Мінулае і сучаснае круціліся, перамяшчаючыся, быццам дыскі, што адшукваюць адзіны цэнтр: адзін круціўся раўнамерна, вось яго праходзіла якраз пасярэдзіне, і гэта было мінулае, якое, як яму здавалася, ён бачыць з гранічнай яснасцю, але цяперашняе круцілася значна хутчэй, чым мінулае, як быццам вакол іншага цэнтра, і з гэтым нічога нельга было зрабіць, нягледзячы на твар хлопчыка, на дыханне хлопчыка, якое ён адчуваў на сваёй руцэ, нягледзячы на добры круглы твар Глума. Нічога нельга было зрабіць, хай сабе нават мінулыя дваццаць гадоў пакінулі невыводныя сляды на твары Нэлы, і ён бачыў іх, ясна бачыў: зморшчынкі каля вачэй, і складка тлушчу на распаўнелай з узростам шыі, і вусны, якія парэпаліся ад безупыннага курэння, і жорсткія зморшчыны на твары — усё роўна з гэтым нічога не зробіш. Ён паддаўся на яе ўсмешку, на аўтаматычна раздадзеныя чары, якія распускалі час, ператваралі ў здань дзіця, што спала ў ягоным ложку, і паміж цяперашнім і, здавалася, такім роўным, такім раўнамерным вярчэннем мінулага раптоўна ўклініўся ярка-жоўты дыск: час, які ніколі не іСнаваў, жыццё, якое ніхто не пражыў, мара Нэлы. Яна ўцягнула яго ў сваю мару, хай ненадоўга, на тыя кароткія імгненні, калі ноччу на кухні яна гатавала каву і рыхтавала бутэрброды, якія зачарсцвеюць на талерцы. Кафейнік, бутэрброды, усмешка і шэрае малочнае ранішняе святло за акном — усё гэта служыла рэквізітам і кулісамі для пакутлівай мары Нэлы, мары пражыць жыццё, якое не было пражытае і ніколі не будзе пражыта, мары пра жыццё з Раймундам.
— Ах, — прамармытаў ён, — ты звядзеш мяне з глузду.
Ён заплюшчыў вочы, каб не бачыць галавакружнага вярчэння: шалёнага мільгацення трох дыскаў, якія ніколі не сумясцяцца; забойчая несумяшчальнасць, у якой няма ні імгнення спакою.
Кава, якую ніхто не вып’е, бутэрброды, якія ніхто не з’есць, — рэквізіт крывавай драмы, куды яго ўцягнулі як адзінага і неабходнага статыста, — але яго ўсё ж суцяшала, што Больда падагрэе сабе гэтую каву, што Глум загорне гэтыя бутэрброды і возьме іх з сабой на працу.
— Можаш ісці,— стомлена вымавіла Нэла, накрываючы кафейнік зялёнай крышкай.
Ён адмоўна хітнуў галавой.
— Чаму б нам не паспрабаваць неяк спрасціць жыццё? — сказаў ён.
— Што ж нам, ажаніцца, ці што? — адказала яна. — Мяркуеш, гэта нешта спросціць?
— Чаму б і не?
— Ідзі лепш спаць. Я не хачу цябе мучыць.
Ён выйшаў, не гаворачы ні слова. Ціха прайшоў праз пярэднюю ў ванны пакой. Там запаліў газ, пусціў ваду і паклаў шланг гнуткага душа так, каб вада бясшумна напаўняла ванну.
Ён доўга стаяў нерухома і тупа глядзеў на ваду, што паднімалася лёгкімі блакітнаватымі струменьчыкамі з дна ванны, і напружана лавіў гукі, якія даносіліся звонку; ён чуў, як Нэла прайшла да сябе, затым як яна заплакала. Яна пакінула адчыненымі дзверы ў свой пакой, хай ён пачуе яе плач. У доме было ціха, прахалодна. Ужо світала. Заняты сваімі думкамі, ён кінуў у ванну недакурак і, ледзь не падаючы ад стомы, назіраў, як размакае недакурак, як асядае на дно цёмна-шэры пыл — гэта зацвярдзелы попел, а светла-жоўтыя крупкі табакі спачатку ідуць густой палосай, затым расплываюцца па паверхні вады, і вакол кожнай крупкі жаўтавае воблачка; цыгарэта пацямнела, і на ёй выразна праступіў надпіс: «Тамагаўк». Калі ён курыў цыгарэты, то для зручнасці выбіраў бабулін гатунак, каб заўсёды быць гатовым да яе набегаў. Жаўтавае воблачка разраслося ўжо да памераў грыба, але вада, што біла з душа на дне ванны, выпіхвала наверх разлезлае, бляклае воблачка, не давала яму апусціцца, а ўнізе, на чыстым сінім дне ванны, круціліся чорныя зацвярдзелыя часцінкі попелу і невядомая сіла павольна цягнула іх да стоку.
Нэла не пераставала плакаць, дзверы заставаліся расчыненымі, ён выключыў раптам газ, закруціў кран, выцягнуў за нікеліраваны ланцужок корак з ванны і прасачыў, як жаўтавае табачнае воблачка знікла ў водавароце.
Читать дальше