Пасля яны навучыліся прыдумваць новыя назвы для новых гатункаў мармеладу і гэтак хутка апрацоўваць лічбавыя даныя, што ў любы момант маглі дакладна сказаць, дзе і ў якой колькасці елі і ядуць той або іншы гатунак мармеладу. Вяршыняй іх цынізму з’явілася складанне памяткі, якую яны назвалі «Вытворчасць і збыт араматычных канфіцюраў фабрыкі Гольштэге» і вьшусцілі ў 1938 годзе да дваццаціпяцігадовага юбілею фірмы. Гэта была надрукаваная на паперы ручной выпрацоўкі ярка ілюстраваная брашура, якую яны бясплатна разаслалі ўсім спажыўцам. Альберт маляваў усё новыя і новыя рэкламныя плакаты, Рай прыдумваў да іх вершаваныя подпісы, а вечары яны праводзілі разам з Нэлай і тымі нешматлікімі сябрамі, якіх яны маглі яшчэ захаваць у 1938 годзе. Адчувалі яны сябе на тую пару не вельмі добра, і ўвечары схаванае раздражненне міжволі прарывалася, асабліва калі да іх прыходзіў Віліброрд. Рай ненавідзеў патэра Віліброрда, а як толькі ён сыходзіў, напіваліся і абмяркоўвалі магчымасць эміграцыі. Раніцайяны з’яўляліся на фабрыку са спазненнем, галовы ў іх трашчалі, і, часта ахопленыя раптоўным шаленствам, яны разрывалі на шматкі ўсе малюнкі і дыяграмы.
Але на наступны дзень яны зноў браліся за работу, прыдумвалі новыя малюнкі, новыя фарбы для прыцягнення пакупнікоў, стваралі графічныя характарыстыкі розных гатункаў мармеладу. Апошнім іх тварэннем, да таго як іх абодвух адправілі на фронт, стаў гістарычны агляд, у якім Рай паставіў сабе за мэту даказаць, што, пачынаючы з каменнага веку, усе народы — рымляне, грэкі, фінікійцы, іудзеі, інкі і германцы — радасна паядалі мармелад. У гэтую працу Рай уклаў усю сваю фантазію, а Альберт — свой талент мастака, і ў іх атрымаўся шэдэўр, які здабыў фабрыцы шмат новых пакупнікоў. Але ў гэтым не было ўжо неабходнасці. Прыйшоў новы спажывец, які пачаў паглынаць мармелад без усялякай рэкламы: прыйшла вайна.
У час вайны паўсюль, дзе толькі спыняліся ваенныя абозы, яны натыкаліся на бляшанкі з-пад павідла вытворчасці іхняй фабрыкі, якія валяліся абапал дарогі. Этыкеткі, надрукаваныя па эскізах Альберта, подпісы, складзеныя Раем. Французскія дзеці гулялі ў футбол гэтымі бляшанкамі, для рускіх жанчын яны былі каштоўным набыткам, і нават калі наклейкі ўжо даўно былі садраныя або змытыя, а бляшанкі сплюшчаныя і заржавелыя, усё роўна яны пазнавалі іх па штампаванай манаграме «Э. Г.» — Эдмунд Гольштэге (гэтак звалі Нэлінага бацьку).
Нават калі спыняліся на начлег у нейкай глушы, яны навобмацак у цемры пазнавалі гэтыя бляшанкі, пальцы самі адшуквалі выпуклыя літары «Э. Г.» і стылізаваную вішню, тварэнне Альберта.
Пераможны шлях нямецкай арміі быў усеяны не толькі снарадамі, не толькі развалінамі і падлаю, але і бляшанкамі з-пад павідла і мармеладу. У Польшчы і Францыі, у Даніі і Нарвегіі, на Балканах кожны мог прачытаць выраз, які склаў Рай: «Дурны той, хто сам сабе варыць варэнне: Гольштэге зробіць гэта замест цябе». Словы «Дурны той, хто сам сабе варыць варэнне» былі адштампаваны вялікімі чырвонымі літарамі, астатнія — крыху меншымі. Гэты выраз быў вынікам працяглай нарады з дырэкцыяй, услед за якой пачалася разгорнутая кампанія супраць усіх, хто сам варыць варэнне. Але кампанію давялося прыпыніць з-за ўмяшання органаў прапаганды, якія са свайго боку лічылі варку варэння адной са спаконвечных дабрачыннасцей сапраўдных нямецкіх гаспадынь. Але этыкеткі і плакаты былі ўжо надрукаваны, а тут пачалася вайна, і гэтае пытанне нікога больш не займала, іх так і наклейвалі і прывалаклі нават у глыб Расіі.
Першы год вайны Альберт і Рай праслужылі ў розных часцях, на розных франтах, але нават удалечыні адзін ад другога яны бачылі адно і тое ж — у прадмесцях Варшавы і каля Ам’енскага сабора валяліся ўсё тыя ж нямецкія бляшанкі з-пад мармеладу.
Акрамя таго, яны яшчэ атрымлівалі лісты ад Нэлінай маці, пасылкі з прыгожанькімі маленечкімі вядзерцамі з храміраванай бляхі — рэкламныя сюрпрызы, якія бясплатна выдаваліся кожнаму, хто купіць тры вялікія бляшанкі, а Нэліна маці лічыла не лішнім кожны раз паведамляць ім, што справы ідуць выдатна.
У шынку нікога не было, ён глынуў піва і адставіў куфаль убок, — піва зусім вытхнулася. Пасля агледзеў батарэю бутэлек на стойцы і, не паднімаючы галавы, сказаў:
— Наліце, калі ласка, шварцвальдскага кіршу.
Пальцы гаспадыні не варухнуліся, клубок воўны і пруткі ляжалі на падлозе, ён падняў галаву, паглядзеў на яе: гаспадыня драмала. Па радыё жаночы голас ціха спяваў нейкую мексіканскую песню. Ён устаў, пайшоў за стойку і сам сабе наліў кіршу, затым падняў клубок воўны і пруткі і глянуў на гадзіннік: было тры гадзіны раніцы. Ён павольна, ледзь не па кроплях, выпіў кірш і раскурыў люльку. Нэла, канешне ж, яшчэ не легла, — яму так ні разу і не ўдалося перачакаць тут, пакуль яна засне. Усё, што ён ёй скажа, вярнуўшыся, яна выслухае з вялікай пакорай: пра нянавісць Рая да Віліброрда, пра цынічнасць і снабізм Рая і пра тое, што за пяць апошніх гадоў жыцця Рай не напісаў ніводнага радка вершаў — толькі рэкламныя лозунгі, і пра тое, што яна таксама вінаватая ў стварэнні хлуслівай легенды.
Читать дальше