Ён дапіў кірш, пабудзіў гаспадыню, ціхенька закрануўшы яе за плячо, — яна адразу ж прачнулася і з усмешкай сказала:
— Ну вось што са мной здарылася. Калі б не было вас, мяне б тут маглі абрабаваць.
Яна ўстала, выключыла радыё. Альберт разлічыўся, выйшаў на вуліцу і пачакаў гаспадыню, якая, апускаючы на дзверы жалезную рашотку, запірала іх.
— Сядайце, — сказаў ён, — я падвязу вас дадому.
— Вось і цудоўна.
Быў панядзелак, і на вуліцы ў гэты час амаль не бачна было людзей, толькі цяжкія грузавікі з гароднінай ішлі ў бок рынку.
З-за гаспадыні яму давялося зрабіць невялікі круг, пасля ён высадзіў яе і паехаў дадому, па-ранейшаму нетаропка.
Нэла, канешне, не спала яшчэ, у пакоі было непрыбрана: паўсюль стаялі шклянкі, кубкі, талеркі з рэшткамі бутэрбродаў, раскрышанае пячэнне ў вазачках, парожнія каробкі з-пад цыгарэт, нават попельніц яна не вытрасла, бутэлькі грувасціліся на стале, валяліся коркі.
Нэла сядзела ў крэсле, курыла і глядзела нерухомым позіркам некуды праз сцены пакоя. Часам яму здавалася, што яна ўжо цэлую вечнасць сядзіць у гэтым крэсле і вечна будзе сядзець у ім, і ён спрабаваў у думках ахапіць усё значэнне і сэнс слова «вечнасць»; у пракураным пакоі, адкінуўшыся, сядзіць яна ў зялёным крэсле, курыць і нерухома глядзіць некуды ўдалеч. Яна згатавала каву, кафейнік накрыла старым каўпаком, каб не астыў, і калі яна зняла каўпак, у Альберта было адчуванне, што свежая зеляніна кафейніка — адзіная свежасць у гэтым пакоі, дзе нават кветкі, прынесеныя гасцямі, патаналі ў табачным дыме, а на століку ў пярэдняй валяліся яшчэ загорнутыя ў паперу кветкі. Нэліна бязладнасць заўсёды здавалася яму мілай, але з таго часу, як яны жылі разам, ён узненавідзеў гэтую бязладнасць. Кафейнік стаяў на стале, і Альберт зразумеў, што ноч пагражае задоўжыцца. Ён ненавідзеў каву, ненавідзеў Нэлу, яе гасцей, ночы, праведзеныя за нікчэмнай балбатнёй, але варта было Нэлі ўсміхнуцца, і ён забываў пра ўсё: такая моц таілася ў адзіным, непаўторным руху мускулаў яе твару. I хоць ён ведаў, што яна механічна карыстаецца сваёй усмешкай, ён ніколі не мог устаяць перад ёю, таму што кожны раз ён зноў верыў, што яна ўсміхаецца яму. Ён сеў і пачаў аўтаматычна паўтараць словы, якія гаварыў ужо тысячу разоў у такія часы і пры такіх абставінах. Нэла любіла прамаўляць па начах доўгія маналогі пра сваё загубленае жыццё, рабіць яму прызнанні або распісваць, як магло б скласціся, калі б Рай не загінуў. Яна з усяе сілы спрабавала павярнуць час назад, адкінуць усё, што здарылася на працягу гэтых дзесяці гадоў, і ўзяць яго ў свае снабачанні.
Каля паловы чацвёртай яна паднялася, каб другі раз заварыць кавы. Не жадаючы заставацца без яе ў гэтым пакоі, поўным табачанага дыму і ўспамінаў пра Рая, у пакоі, які ён ведаў дваццаць гадоў, Альберт сабраў шклянкі і брудныя талеркі, вытрас попельніцы, адсунуў зялёную штору, расчыніў акно і пайшоў услед за Нэлай на кухню, дастаў вазы з насценнай шафы, наліў вады, паставіў у іх кветкі, а затым, стоячы каля Нэлы, якая чакала, пакуль закіпіць вада на пліце, жаваў халоднае мяса, бутэрброд або адзін з яе апетытных салатаў, які заўсёды можна было знайсці ў халадзільніку.
Гэта і быў той момант, якога яна чакала; магчыма, і валтузню з гасцямі яна заводзіла дзеля гэтага моманту, таму што дваццаць гадоў назад ўсё было гэтак жа — менавіта гэтак жа ён стаяў на кухні каля Нэлы, глядзеў, як яна гатуе каву, каштаваў яе салаты — гадзіны ў тры або чатыры ночы — і разглядваў выраз, выкладзены чорнымі пліткамі па белых: «Шлях да сэрца мужчыны пралягае праз яго страўнік». А Рай заўсёды заставаўся ў пакоі Нэлы і драмаў там, і тады госці гэтак жа позна заседжваліся: балбатня пра палітыку запаўняла гэтыя ночы, спрэчкі з Шурбігелем, які заклікаў усіх іх уступаць ў арганізацыю штурмавікоў — і хрысціянізаваць яе. Такія словы, як «дрожджы», «закваска», такія фразы, як «абагаціць нацыянал-сацыялізм скарбамі хрысціянскай думкі», — усё гэта абурала іх. I тады былі сярод гасцей прыгожыя дзяўчаты, але цяпер адны з іх памерлі, іншыя раз’ехаліся ў гады вайны па розных гарадах і краінах, а дзве з гэтых дзяўчат выйшлі замуж за нацыстаў і павянчаліся пад дубамі.
Пасля яны перасварыліся амаль з усімі. Вечары яны праводзілі над картамі і дыяграмамі, якія прыносілі з фабрыкі, і,седзячы да позняй ночы, двойчы пілі каву, першы раз — у дзве гадзіны, другі — у тры.
На шчасце, хоць кафейнік, у якім Нэла заварвала каву, быў цяпер іншы, ды і не толькі адзін кафейнік няўмольна нагадваў, што час ужо не той.
Читать дальше