Нехта з жыльцоў дома кожны дзень унізе, у пад'ездзе, пісаў на сцяне алоўкам слова, што маці сказала кандытару. Невядома было, хто гэтым займаецца. Часам слова гэтае заставалася на сцяне цэлы дзень, але к вечару яно знікала, таму што прыходзіў сталяр, у якога пад лесвіцай была маленькая майстэрня, саскрэбваў гэтае месца цвіком, і на каменных плітах падлогі заставаўся белы след ад паабсыпанай тынкоўкі, а на сцяне — глыбокія драпіны. Але невядомы зноў пісаў гэтае слова, а сталяр зноў саскрэбваў яго. Сцяна пад’езда была ўжо пашкрабаная ў дваццаці месцах. Гэта была нямая барацьба, і абодва бакі вялі яе з аднолькавай упартасцю — зноў і зноў з’яўлялася на сцяне гэтае слова, і сталяр, ад якога пахла камфарай, як некалі ад Эрыха, выходзіў з майстэрні з саракадзюймовым цвіком і саскрэбваў яго. Сталяр быў цудоўным чалавекам. Асабліва добра ён адносіўся да Вільмы: у суботу, калі вучань падмятаў у майстэрні, сталяр загадваў яму выбіраць са смецця ўсе драўляныя цуркі, адмываць іх і адносіць Вільме, і асабліва доўгія і кучаравыя стружкі таксама аддаваць ёй, а сам сталяр, калі збіраў грошы за кватэру, прыносіў Вільме цукеркі.
Калі сталяр заставаў дома Леа, ён казаў яму: «Я вам яшчэ пакажу», на што Леа адказваў: «I я вам таксама». Больш яны адзін з адным не размаўлялі.
Толькі пасля Генрых скеміў і здзіўляўся, як гэта ён раней не здагадаўся, што слова на сцяне піша Леа; толькі ён і мог гэта рабіць, дый слова тое было з яго лексікону. Генрых пачаў сачыць за Леа, калі той ішоў на працу або вяртаўся з працы дамоў. Леа нічога не пісаў. Але затое і слова ў тыя дні, калі ён сачыў за Леа, на сцяне не з’яўлялася. Слова з’яўлялася толькі тады, калі ён не мог прасачыць за Леа. Гісторыя гэта цягнулася даволі доўга, ужо паўсцяны было ў шкрабінах і драпінах. Аднойчы, вярнуўшыся са школы і зноў убачыўшы ў пад’ездзе надпіс, ён зірнуў падчас абеду на аловак Леа — аловак тырчаў у Леа за вухам, грыфель быў увесь сцёрты і вакол грыфеля было маленькае белае кольца: так выглядае аловак, калі ім пішуць па сцяне. Значыцца, Леа быў тым невідзімкам, хто пісаў на сцяне.
Маці таксама сварылася на таго, хто піша на сцяне, і казала: «Дзеці не павінны чытаць такое», і звычайна дадавала, крыху прыцішыўшы голас: «Яны і так занадта рана спазнаюць увесь гэты бруд».
Але ж маці сама сказала кандытару гэтае слова ў цёмным, цёплым, прапахлым здобным цестам падвале пякарні.
А Леа працягваў пісаць на сцяне, і сталяр працягваў саскрэбваць яго надпісы, а Генрых усё ніяк не мог набрацца мужнасці паведаміць сталяру пра сваё адкрыццё.
Пасля, калі яны будуць размаўляць з дзядзькам Альбертам пра ўсякае-ўсялякае, ён раскажа і пра гэта.
Увечары, лежачы ў ложку, ён разглядваў фотаздымак бацькі, які быў асветлены вулічным ліхтаром, ціха, ледзь прыкметна дрыжачую фотакартку, яна разгойдвалася, калі міма праязджалі аўтамабілі, і асабліва моцна, калі праязджаў грузавік або трыццаць чацвёрты аўтобус.
Нямнога засталося ад бацькі: фотакартка на стале ды кніжка, якую маці ўпарта захоўвала, заклаўшы паміж дэтэктыўнымі раманамі і ілюстраванымі часопісамі,— завэдзганая, тонкая, жаўтавая брашурка: «Што павінен ведаць аўтаслесар пры здачы экзамена на падмайстра». Паміж лісткамі брашуркі ляжала складзеная ў чатыры столкі, пашкамутаная, але яшчэ даволі яркая літаграфія з выявай «Тайнай вячэры», — гэтакая ж літаграфія ёсць і ў яго самога з гэтакім жа подпісам: «Генрых Брылах прыняў канфірмацыю ў прыходскай царкве святой Ганны ў нядзелю, на Фаміным тыдні 1930 года». А ў яго была прыходская царква святога Паўла ў нядзелю на Фаміным тыдні 1952 года.
Дзядуля, бацька мамы, застаўся ў Саксоніі. Ён скардзіўся на мізэрную пенсію і кожную паштоўку заканчваў словамі: «Няўжо ў вас не знойдзецца пакойчыка для мяне, каб мне вярнуцца на радзіму?» А маці пасылала яму табаку і маргарын і пісала: «З жытлом тут вельмі кепска: усё вельмі дорага». Маці мамы памерла ў Саксоніі, а бацька бацькі ляжыць на тутэйшых могілках — пакошаны драўляны крыж, да падножжа якога яны прыносілі кветкі ў Дзень памінання і запальвалі яркую свечку. Маці бацькі — бабуля не ладзіла з мамай, яна прыязджала толькі на другі дзень Каляд, прывозіла яму падарункі, а Вільме дэманстратыўна нічога не прывозіла і гаварыла гэтак жа, як і Карл: «парадак», «новае жыццё», «гэта дабром не скончыцца». Адзін з яе выразаў гучаў так: «Бачыў бы гэта мой бедны хлопчык».
Але яна аб’яўлялася рэдка і не падабалася яму, таму што нават не глядзела ў бок Вільмы і ніколі не прынесла ёй гасцінца. А яму яна заўсёды гаварыла. «Ты хоць бы калі зайшоў да мяне». Але ён наведаў яе ўсяго толькі адзін-адзіны раз. У яе была чысціня, такая ж чысціня, як у Леа: пахла масцікай, яго частавалі пірожнымі і какавай, далі грошай на трамвай. Але затым бабуля стала яго дапытваць, а ён ёй нічога не сказаў і больш ніколі да яе не ездзіў, таму што яна гаварыла тое ж, што ён ужо чуў ад іншых, ад тых, якія былі пад ледзяным покрывам, — «цнатлівая душа, чыстае сэрца», і, між іншым, дапытвалася пра Леа, пра Карла, пра Герта і ўсё прыгаворвала, ківаючы галавой: «Няма тут парадку, калі б мой бедны сын, а твой бацька, убачыў усё гэта», і паказвала яму здымкі, на якіх бацька быў адных гадоў з ім, здымак бацькі ў дзень канфірмацыі, а затым яго здымак у камбінезоне слесара, але да бабулі Генрых больш не ездзіў, таму што не мог браць з сабой Вільму.
Читать дальше