Лёд ужо дзе-нідзе трэснуў па краях на мелкіх, бяспечных мясцінах, дзе ён яшчэ можа зноў падмерзнуць. Гісторыя з «начной патлівасцю» Віля, напрыклад, выклікала ў Генрыха толькі смех. Ён смяяўся, як смяяўся і з разважанняў Віля пра кнігі і кіно: бязладнае мармытанне, вадзяныя струменьчыкі, што бягуць з рота зачараванага духа, яны падымаюцца з глыбіні ракі і, пераліваючыся, іскрацца, як фантан у кафэ Генэля.
Зразумелай была цана на маргарын, якая, дарэчы, зноў паднялася, зразумелыя падлікі, што ён рабіў для маці,— маці зусім не ўмела лічыць, не ўмела эканоміць, разлічваць увесь дамашні бюджэт было яго абавязкам; зразумелым быў чыста паголены твар дзядзькі Леа, што казаў словы, у параўнанні з якімі «дзярмо», што засталося ў спадчыну ад Герта, здавалася пяшчотным і далікатным; зразумелым і блізкім быў фотаздымак бацькі, да якога ён паціхеньку дарастаў, зразумелы і блізкі твар маці, ён робіцца ўсё больш жорсткім, вусны — усё танчэйшымі, усё часцей зрываюцца з іх словы Леа, усё часцей хадзіла яна з Леа на танцы, спявала песні Леа, рабіла ўсё тое, што рабілі некаторыя жанчыны ў фільмах, тыя жанчыны, якіх малююць на афішах з чырвоным надпісам: «Дзецям да 16 гадоў…»
Лепш за ўсё ў кіно, утульна, цёпла. Ніхто на цябе не глядзіць, ніхто з табой не размаўляе, і ты можаш дазволіць сабе тое, чаго не дазволіш нідзе, забыцця.
Словы настаўніка былі, як словы святара — яркія, ззяючыя, але чужыя; яны пераліваліся пад лёдам, на які ён ступіў, але да яго не даходзілі, ён быў глухі да іх. Падаражалі яйкі, цана на хлеб падскочыла на пяць пфенігаў, і свіння Леа скардзіцца на тое, што сняданак стаў горшым, што яйкі яму падаюць вельмі дробныя,і абвінаваціў Генрыха ў крадзяжы грошай. Вось гэта хвалюе — нянавісць да гэтай малпы, да ўсяго яшчэ і дурной. Прыйшлося сунуць яму пад нос усе разлікі, каб ён сам мог пераканацца, але ж слова засталося: крадзеж. I маці — Генрых уважліва назіраў за ёю — на нейкі момант паверыла Леа, праўда, усяго толькі на момант , але і моманту дастаткова. Яму даводзілася эканоміць — таму што яны падоўгу бывалі на вуліцы, а Вільме не куплялі сукенак. Крадзеж , і нікому гэтага не раскажаш. Марцін — той бы зусім нічога не зразумеў, а з дзядзькам Альбертам ён пакуль саромеўся гаварыць. Калі-небудзь пасля ён гэта зробіць, бо дзядзька Альберт адзіны, хто можа зразумець, што для яго азначае такое абвінавачванне. Ён адпомсціў проста і жорстка. Два тыдні ён не браўся за дамашнія справы, адмовіўся рабіць пакупкі: няхай маці сама купляе, хай Леа паклапоціцца пра гэта, хай сам пабачыць. Не прайшло і тыдня, як уся гаспадарка пайшла да д’ябла, у доме не было чаго жэрці; маці раўла. Леа скрыгатаў зубамі, і, нарэшце, абое ў адзін голас пачалі ўпрошваць яго зноў заняцца гаспадаркай — і ён заняўся, але так і не забыў таго моманту , калі маці западозрыла яго.
Пра такія рэчы ў доме Марціна ён мог гаварыць толькі з дзядзькам Альбертам, але некалі потым, на канікулах, калі яны паедуць з Альбертам да яго маці, дзе Віль будзе наглядаць за Вільмай; там знойдзецца выпадак пагаварыць з Альбертам пра невыноснае слова «крадзеж». Дзівачка Больда — вельмі добрая жанчына, але з ёю таксама нельга гаварыць пра грошы, а маці Марціна адрозніваецца ад яго ўласнай маці толькі тым, што яна мае грошы, праўда тут яшчэ і тое, што яна вельмі прыгожая, на свой лад прыгажэйшая нават за ягоную маму, такая, як жанчыны ў фільмах, але ў грашах яна мала разумее. Гаварыць пра грошы з бабуляй няёмка: яна зараз жа выцягне сваю чэкавую кніжку. Усе яны дарылі яму грошы — Альберт, бабуля, Віль, маці Марціна, але і ад грошай лёд не рабіўся мацнейшым і глыбіня вады заставалася такой жа невымернай. Зразумела, можна зрабіць маме нейкі падарунак — сумачку з чырвонай скуры і да яе чырвоныя скураныя пальчаткі, гэтакія, як ён бачыў у адной жанчыны ў кіно, можна нешта купіць і для Вільмы, можна пайсці ў кіно, з’есці марожанага, папоўніць дамашнюю касу і прытым прынцыпова нічога не купляць для Лea i прынцыпова не даць яму адчуць ніякага паляпшэння. Але грошай усё роўна не хопіць, каб купіць дом і ўсё з ім звязанае, каб набыць пачуццё ўпэўненасці, усведамленне, што ты не ходзіш больш па лёдзе, а галоўнае, ні за якія грошы не купіць таго, што адрознівае дзядзьку Альберта ад дзядзькі Лea.
Словы настаўніка ў школе і словы святара супадалі з тым, што гаварыў Карл «новае жыццё»: прыгожыя словы, з імі ў Генрыха звязана нават пэўнае ўяўленне, якое — ён гэта ведаў — ніколі нельга ажыццявіць. Твар маці пакруглеў і адначасова стаў больш жорсткім, яна ўсё далей адыходзіла ад бацькі, рабілася старэйшай за бацьку, а сам ён паступова даганяў бацьку. Маці была цяпер старой, бясконца старой здавалася яна яму, а зусім жа нядаўна, калі яна ўпершыню танцавала з Лea, калі ў бальніцы вызвалілася ад «яго», маці здавалася яму зусім маладой. I рука яе стала цяжэйшай, рука, якой яна вечарамі таропка гладзіла ягоны лоб, перш чым перайсці ў пакой да Лea, каб сужыцельстваваць з ім.
Читать дальше