Калі ўдавалася, хлопчык уцякаў, як толькі пачуе бабулін голас, але часта яна даганяла яго, цягнула да сябе ў пакой, і ён павінен быў гадзінамі выслухваць доўгія павучанні і малазразумелыя разважанні пра жыццё і смерць і дэманстраваць свае пазнанні ў катэхізісе. Больда, якая некалі вучылася з бабуляй у адной школе, яхідна пасмейваючыся, не прамінала заўважыць, што сама бабуля ніколі не вылучалася па частцы катэхізіса.
Задыхаючыся ў бабуліным пакоі, напоўненым дымам, Марцін сядзеў у крэсле каля пісьмовага стала, глядзеў на пакамечаную пасцель, на чайны столік з непрыбраным пасля снедання посудам і сачыў за рознымі адценнямі дыму: сінія, асляпляльна сінія маленькія круглыя аблачынкі выпускала з рота бабуля. Яна вельмі ганарылася тым, што вось ужо трыццаць гадоў курыць. Пасля глыбокай зацяжкі з яе рота вырываліся густыя светла-шэрыя з просінню клубы дыму, прафільтраваныя ў лёгкіх. З сілай выпхнуты струмень дыму некалькі секунд трымаўся ў цяжкім, шыза-шэрым, наскрозь пракураным паветры пакоя; удушлівы, горкі, шэры чад асядаў на столі, пад ложкам, на люстэрку, збіраўся ў шыза-шэрыя клубы, у густыя бялёсыя воблакі, якія нагадвалі пашкамутаную вату.
— Твой бацька загінуў, так?
— Але.
— Што азначае загінуў?
— Загінуў на полі бою, быў забіты.
— Дзе?
— Пад Калінаўкай.
— Калі?
— Сёмага ліпеня тысяча дзевяцьсот сорак другога года.
— А калі нарадзіўся ты?
— Восьмага верасня тысяча дзевяцьсот сорак другога года.
— Як завуць чалавека, які вінаваты ў смерці твайго бацькі?
— Гезелер.
— Паўтары гэта імя.
— Гезелер.
— Яшчэ раз.
— Гезелер.
— Навошта прыйшлі мы ў свет гэты?
— Каб служыць Богу, шанаваць яго і тым здабыць царства нябеснае.
— Ці ведаеш ты, што гэта значыць, калі ў дзіцяці адбіраюць бацьку?
— Так, — адказваў Марцін.
Ён ведаў. Іншыя дзеці мелі бацькаў: у Гробшыка, напрыклад, быў высокі бялявы бацька, у Вебера — маленькі, чарнявы. Дзецям, у якіх былі бацькі, даводзілася цяжэй у школе, чым тым, у якіх іх не было. Такі няпісаны закон. Калі Вебер, здаралася, кепска адказваў на ўроку, на яго сварыліся больш, чым на Брылаха, калі той не падрыхтуе дамашняга задання. Настаўнік быў стары, сівы, ён сам «страціў на вайне сына». Пра хлопчыкаў, якія не мелі бацькаў, казалі: «Ён страціў бацьку на вайне», пра гэта шапталі на вуха інспектарам, калі вучань запінаўся ў іх прысутнасці,— настаўнікі паведамлялі пра навічкоў: «Ён страціў бацьку на вайне». Гэта гучала так, быццам хлопчык недзе пакінуў свайго бацьку — як парасон, або згубіў яго, як губляюць манету. Бацькі не было ў сямі хлопчыкаў: у Брылаха і Вельцкама, у Нігемаера і Поскэ, у Берэндта, і ў яго самога не было бацькі, і ў Грэбхакэ, але ў Грэбхакэ быў новы бацька, і няпісаны закон паблажлівасці прымяняўся ў дачыненні да яго не гэтак безагаворачна, як да астатніх шасці: у паблажлівасці былі адценні. Поўнай паблажлівасцю карысталіся толькі трое: Нігемаер, Поскэ і ён, — па прычынах, якія яму ўдалося зразумець толькі пасля доўгіх назіранняў; у Грэбхакэ быў новы бацька, у маці Брылаха і ў маці Берэндта былі дзеці не ад бацькаў-нябожчыкаў, а ад іншых мужчын. Ён ведаў, як дзеці з’яўляюцца на свет. Дзядзька Альберт растлумачыў яму, што яны нараджаюцца ад сужыцельства мужчын і жанчын. I вось маці Брылаха і маці Берэндта жылі з мужчынамі, якія не былі іхнімі мужамі, а проста дзядзькамі. А гэты факт, у сваю чаргу, звязаны яшчэ з адным, таксама малазразумелым словам: распусна. Але і маці Вельцкама таксама распуская , хоць у яе няма дзяцей ад Вельцкамавага дзядзькі; вось і новае адкрыццё — мужчыны і жанчыны могуць жыць адно з адным і не мець дзяцей, а калі жанчына жыве з дзядзькам, гэта распусна. Хлопчыкі, У якіх былі распусныя маці, не карысталіся паблажлівасцю ў такой жа меры, як дзеці высокамаральных мацярок, але горш за ўсё даводзілася тым і менш за ўсё паблажлівасці прыпадала на долю тых хлопчыкаў, чые маці завялі новых дзяцей ад дзядзькаў; крыўдна і незразумела, чаму распусныя маці зніжалі ступень паблажлівасці. У хлопчыкаў, якія мелі бацькаў, усё было інакш; усё зразумела, усё ясна і ніякай распусты.
— Слухай як след, — кажа бабуля, — пытанне трыццаць пятае. Навошта з’явіцца Хрыстос перад канцом свету?
— Хрыстос з'явіцца перад канцом свету, каб судзіць людзей.
Цікава, а распусных таксама будуць судзіць? Ім авалодала нейкае сумненне.
— Не спі,— загадвае бабуля. — Пытанне васьмідзесятае. Хто чыніць грэх?
— Грэх чыніць той, хто па ўласнай волі пераступае Божую запаведзь.
Читать дальше