Муж міс Ганігэн смешна выглядаў на ўскрайку поля. Калі трэніроўка заканчвалася, яны з Лін рабілі прабежку ў тры кругі па пляцоўцы. Дзяўчынкі з хакейнай каманды і пансіянеркі з манастырскай школы абступалі пляцоўку і падбадзёрвалі яго вокрыкамі, і, калі ён прыбягаў першым, гэта выклікала агульную радасць, а ён амаль заўсёды прыбягаў першым, таму што быў на тыя часы неблагім бегуном.
Потым яны з’ездзілі разам з Лін на поўдзень, у графства Сэрэй, — гадзінамі блукалі па лугах і кустах, паўсюль атрымлівалі асалоду ад таго, чаму безаглядна аддавалася Лін і што жартам называла «радасцямі сямейнага жыцця». Тады было яму дваццаць пяць гадоў, а Лін незадоўга споўнілася дваццаць, яна была самай любімай настаўніцай у школе.
У будзень ён спаў звычайна да паловы адзінаццатай, бо людзі, з якімі яму даводзілася мець справу, раней паловы дванаццатай прыёму не пачыналі, дый неспакойныя ночы добра такі стамлялі яго. Ён вышукваў негаваркіх трэцеразрадных палітыканаў і ў час снедання вывуджваў у іх мізэрную інфармацыю. Асноўныя звесткі ён атрымліваў нават не ад іх, а з чацвёртых, пятых рук, ад гэтакіх жа няўдачлівых журналістаў, як і ён сам. Пасля ён падняўся на новую ступень і пачаў сам прыдумваць усялякія рызыкоўныя рэчы, выдатна разумеючы, што дабром гэта не скончыцца. Звычайна ён сядзеў у маленькіх шынках, піў слабае віскі і чакаў Лін; перад ім заўсёды ляжаў стос паперы для малявання, і ён маляваў усё, што яму прыходзіла ў галаву. Ён сам прыдумваў жарты і ілюстраваў іх або ілюстраваў чужыя жарты, што знаходзіў у газетах. У карабку з-пад мыла «Санлайт» накопліваліся малюнкі, сотні малюнкаў, і пасля смерці Лін ён усе іх адаслаў Раю ў Германію.
Так, там набяруцца сотні малюнкаў, але ён усё яшчэ не раскрываў кардонку і працягваў назіраць за хлопчыкамі,— кожны з іх з неаслабнай упартасцю стараўся трапіць у вароты праціўніка. Магчыма, малюнкі добрыя, і тады ён пазбавіцца ад стамляючага абавязку кожны тыдзень высасваць тэмы з пальца.
Назіраючы за хлопчыкамі, ён паспеў накідаць на абрыўку паперы Больдзін партрэт, але затым зноў адклаў аловак убок.
Звесткі, якія яму ўдавалася тады раздабыць, рабіліся ўсё больш мізэрнымі, а тыя неправераныя матэрыялы, якія ён прыдумваў сам і перасылаў у Германію, усё менш адпавядалі сапраўднасці; зрэшты маленькая нацысцкая газетка, чыім лонданскім карэспандэнтам ён з’яўляўся, пазбавіла яго нават мінімальнага фіксу, а праз месяц і зусім выкрасліла са спіса супрацоўнікаў, і ён жыў на настаўніцкі заробак Лін, радасна сустракаючы кожную нядзелю, калі можна было ўволю наесціся ў манашак. Пакуль Лін праводзіла трэніроўкі з дзяўчынкамі, ён часам заходзіў у школьную капліцу, слухаў малітвы і любаваўся грандыёзнай безгустоўшчынай: нідзе, як яму здавалася, не бачыў ён яшчэ такога гранічна аляпаватага Антонія, нідзе — такой жудаснай Тэрэзы Лізье.
А ў будзень ён хадзіў па гораду і распрадаваў букіністам свае кнігі — паўшылінга за два кіло. Выручаных грошай ледзь хапала на цыгарэты. Спрабаваў ён даваць урокі, але мала хто з англічан хацеў вывучаць нямецкую мову, дый эмігрантаў у Лондане і без яго было дастаткова. Лін суцяшала яго, і ён быў шчаслівы, нягледзячы ні на што. Яна напісала сваім, як ім цяжка прыходзіцца, і яе бацька адказаў, каб яны прыязджалі ў Ірландыю. Альберт зможа дапамагаць па гаспадарцы і, калі захоча, ніколі не вяртацца да гэтых праклятых нацы. Цяпер, праз пятнаццаць гадоў, ён усё яшчэ не мог зразумець, чаму ён тады не прыняў прапанову бацькі Лін. Ім авалодала хвароба Нэлы — мара пра жыццё, якое не было пражытае і ніколі не будзе пражыта, бо час, які для яго прызначаны, беззваротна прайшоў. Але было сваё хараство ў тым, каб на некалькі хвілін перанесціся ў мясцовасць, якую ён ніколі не бачыў, пажыць невядомым яму жыццём сярод людзей, якіх ён не ведаў.
Нават і цяпер, праз пятнаццаць гадоў, ён не мог усвядоміць, што Лін памерла, — такой нечаканай была яе смерць, і якраз тады, калі ён быў поўны надзеямі. Ён пачаў зарабляць, у яго з’явіліся грошы; для фабрыкі, якая выпускала мыла, ён пісаў рэкламныя плакаты і малюнкі на абгортках, і яму ўдалося, нарэшце, прыстасавацца да густаў англічан.
З таго часу як яго заробкі павялічыліся, ён перастаў піць у шынках без Лін, ён сядзеў дома, піў халодны чай і ўвесь дзень працаваў. Раніцай ён уставаў разам з Лін, рыхтаваў снеданне, праводзіў яе да аўтобуса.
Хлопчыкі разгарачыліся і стаміліся. Генрых сядзеў на траве, спінаю да дрэва, і жаваў травінку. Альберт высунуўся з акна і крыкнуў:
Читать дальше