Пасля ён заснуў і прачнуўся толькі тады, калі ўвайшла маленькая настаўніца, якая працавала разам з Лін, і адразу адчуў боль у руках, — на іх так доўга ляжала Лін. Разам з Лін і маленькай настаўніцай яны часта ўвечары хадзілі ў кіно, звалі яе Блай Грозэр, яна была прыгожанькай бландзінкай, і Лін заўсёды спрабавала абярнуць яе ў каталіцтва.
Ён тупа ўтаропіўся ў Блай і адчуў боль у зведзеных мышцах рук. Пасля паспрабаваў растлумачыць Блай, што Лін памерла. Ён сам спалохаўся — так холадна і як нешта само сабой зразумелае вымавіў ён — «памерла», і толькі цяпер ён сам спасціг усё значэнне гэтага слова: Лін больш няма. Блай з вялікай цяжкасцю раздабыла білеты на вячэрні сеанс, каб паглядзець фільм, які тады ўсе імкнуліся паглядзець. Гэта быў фільм з удзелам Чарлі Чапліна, і ён сам, помніцца, назаляў Блай, каб яна здабыла білеты, таму што ў Германіі, пэўна, такога не ўбачыш. Блай прынесла і пірожныя для Лін, маленькія міндальныя пірожныя, пакрытыя яечным крэмам. У руках яна трымала зялёныя білеты, і, калі ён ёй сказаў, што Лін памерла, яна спачатку засмяялася. Яна смяялася таму, што не магла зразумець, з чаго ён раптам надумаў так па-дурному жартаваць, яна смяялася незвычайна — злосна і адрывіста. Потым яна зразумела, што гэта не жарт, і разгублена заплакала, і зялёныя білеты ўпалі на падлогу, і міндальныя пірожныя, пакрытыя жоўтым крэмам, — такія любіла Лін, — ляжалі паміж парасонам і чырвоным берэтам на ложку Лін сярод мноства іншых рэчаў.
Ён працягваў ляжаць, холадна гледзячы на Блай. Яна сядзела на табурэце і плакала, і, як толькі ўбачыў яе слёзы і пачуў яе рыданні, ён зноў усвядоміў, што здарылася: Лін памерла. Блай паднялася, прайшлася па пакоі, падняла з падлогі згорнуты плакат, што валяўся ў куце каля спіртоўкі, і, рыдаючы, паглядзела на задаволенага, ухмылістага льва, які намазваў гарчыцай «Хічх юмара» баранову нагу. Ён ведаў, што пасля возьме яе за плечы, паспрабуе супакоіць і будзе гаварыць пра справы — пра пахаванне, пра ўсемагчымыя дакументы, якія неабходна аформіць. I ўсё ж ён працягваў ляжаць і думаць пра Лін, пра хуткаплыннасць і прыгажосць яе жыцця, якое пакіне ў гэтым свеце ледзь прыкметны след. Хіба што ў вестыбюлі школы павесяць яе фотаздымак, і пасля на школьных сустрэчах дзяўчаткі, жанчыны, з кожным годам старэючыя жанчыны будуць гаварыць: «Гэта была наша настаўніца па гімнастыцы і прыродазнаўству», але аднойчы фатаграфію здымуць і павесяць на яе месца партрэт нейкага кардынала або папы — і тады на нейкі прадпісаны законам тэрмін застануцца толькі паметкі Лін у школьных сшытках, якія захоўваюцца ў архіве, ды грудок на вялікім могільніку. Блай супакоілася раней, чым ён устаў. Яна ўспомніла пра мноства ўсялякіх спраў і ўхапілася за магчымасць усё зрабіць самой і «збавіць яго ад гэтага»; паведаміць у школе, бацькам Лін і яе брату — інжынеру ў Манчэстэры.
Мокрая пляма на падлозе, там, дзе невядомая суседка прыбрала за Лін, паступова падсыхала, засталіся толькі сляды мыла на даўно не мытай падлозе, і калі праз месяц ён па просьбе Нэлы вяртаўся ў Германію, у пакоі ўсё яшчэ стаяў кубак без ручкі, у якім Лін распускала мыла, каб пускаць бурбалкі, у кубку заставалася белая клейкая сумесь, і пазней ён уцяміў, што ў газетным паведамленні і ў надмагільным надпісе на невялікім крыжы стаяла яе дзявочае прозвішча — міс Ганігэн і што манашкі на памінальным абедзе ўпарта называлі яго мужам міс Ганігэн.
Брат Лін узяўся дапамагчы яму знайсці работу ў Манчэстэры, бацькі Лін, з якімі ён быў у добрых адносінах, запрасілі яго пераехаць да іх у Ірландыю на ферму — «там заўсёды хопіць работы і ежы», — усе былі цвёрда перакананы, што неўзабаве пачнецца вайна і што ў Германію яму лепш не вяртацца. Ён нікому не расказаў, як Лін шаптала яму: «Едзь у Ірландыю». Ён доўга вагаўся, а сам працягваў жыць у лонданскім пакоі і атрымаў нават добры ганарар за льва з гарчыцай, і след мыла так і застаўся на тым месцы, дзе нехта прыбраў за Лін. Ён яшчэ вагаўся, але лісты Нэлы рабіліся ўсё больш настойлівымі, і адным такім днём, калі ён жыў, нечага чакаючы, ён адаслаў вялікі карабок з малюнкамі ў Германію на адрас Рая. Ён зрабіў гэта неяк ўвечары, калі вярнуўся з могілак, дзе Доўга разважаў, ці павінен ён выканаць просьбу Лін. Ужо седзячы ў аўтобусе, ён цвёрда вырашыў паехаць у Германію, і калі ён вызваляў пакой і разбіраў ложак Лін, з-пад матраца выпалі дзве рэчы — пілка для пазногцяў і чырвоны бляшаны карабочак з цукеркамі ад кашлю.
Ён пачуў, што хлопчыкі ў двары з некім размаўляюць, і расчыніў акно. Генрых стаяў насупраць Больдзінага пакоя і крычаў:
Читать дальше