Такія прагулянкі яны здзяйснялі прыблізна раз у паўгода. Ён прадчуваў іх, як прадчуваў кроў у мачы, і, пры магчымасці, стараўся ўхіліцца: знікаў перад абедам або ўпрошваў дзядзьку Альберта некуды паехаць з ім, але ўцёкі азначалі толькі адтэрміноўку — рана ці позна бабулі ўдавалася яго злавіць. Такія абеды ўваходзілі, на думку бабулі, ў праграму выхавання. Калі яму споўнілася пяць гадоў, бабуля аднойчы абвясціла:
— Я хачу табе паказаць, як людзі ядуць па-сапраўднаму, — і ўпершыню павяла яго ў рэстаран Фавінкеля.
Ужо тады ў яго склалася ўражанне, што з кухні прыносяць у залу асвежаваных дзяцей, і людаеды нецярпліва чакаюць місак з ружовым мясам з парай. Пачынаючы з пяці гадоў, ён уважліва сачыў за тым, што ядуць дарослыя і як яны ядуць, і прыйшоў да смелага заключэння, што ўсё гэта мае нейкае дачыненне да распусты. Але бабуля ўпарта цягала яго з сабой, і даўным-даўно яго ведаў ужо і гаспадар, і буфетчыца, і афіцыянты, і аднойчы ён пачуў, як яны перашэптваюцца: «Прыйшла вялікая княгіня са сваім блевуном». Але бабуля не здавалася. Яна паставіла сабе за мэту прывучыць яго грунтоўна есці. На вачах у яго яна разбівала і высосвала гусіныя косці, ела мяса, наразала крывавыя біфштэксы. Ён ненавідзеў усё гэта, а бабуля за ўсё гэта разлічвалася вялікімі дозамі загадкавага рэчыва, якое называлася грошы. Крэдыткі і манеты — за што яшчэ можна так дорага плаціць, як не за дзяцей?
Калі яму даводзілася абедаць з бабуляй, ён пасля месяцамі не еў мяса; толькі хлеб, яйкі, сыр, малако, гародніну і выдатныя супы, якія Глум варыў унізе, на кухні. Глум гатаваў суп у запас на цэлы тыдзень. Гэта было варыва, у якім усё, што ён туды засыпаў, разварвалася ў кашу: гародніна і косці, рыба і яблыкі. Самым дзіўным было, што супы гэтыя атрымліваліся вельмі смачнымі. Глум гатаваў адразу пяць літраў супу, каб менш валэндацца з гатаваннем. Увогуле Глум харчаваўся хлебам, яйкамі і гуркамі, якія грыз, як яблыкі, а яшчэ ён прыносіў вялікія гарбузы і, пакурваючы люльку, гадзінамі стаяў над чыгунком, размешваў, каштаваў, нешта падбаўляў — цыбуліну або кубікі булёну, сухія траўкі, якія ён расціраў і прасейваў між пальцаў. Глум нюхаў, каштаваў, ухмыляўся затым здымаў чыгунок з агню і ставіў у халадзільнік! Цяпер можна было жыць без клопату. Ідучы на работу, ён наліваў поўны судок, завінчваў крышку, затым засоўваў у кішэню паўагурка, лусту хлеба, кавалак каўбасы і кнігу. Глум чытаў дзіўныя кнігі. На адной тоўстай кнізе было напісана: Дагматы , на другой — Багаслоўе і маральнасць. Чытаючы, ён падкрэсліваў алоўкам. Загалоўкі ў кніг былі зусім незразумелыя. Багаслоўе і маральнасць, мяркуючы па ўсім, маюць нейкія адносіны да слова распуста. Глум добра ведаў, што азначае распуста , але, па словах Глума, крывапіўцы ў рэстаране Фавінкеля дзяцей не паядаюць і ў вогуле нічога распуснага не робяць; хоць, магчыма, кніга Глума проста ўстарэла — у ёй нічога не гаворыцца пра гэтых крывапіўцаў.
Глум амаль не вымаў з рота люлькі, часам нават спаць лажыўся з люлькай; ён гатаваў суп, чытаў тоўстыя кнігі, раніцай ішоў на работу: ён працаваў на бабулінай фабрыцы.
Глум быў дзіваком, але добрым. Марцін любіў Глума, хоць часам бяззубы рот і лысая галава Глума палохалі яго. Але ж і лысая галава, і бяззубы рот мелі сваю гісторыю. Глум быў у канцэнтрацыйным лагеры. Сам ён пра гэта не ўспамінаў, але дзядзька Альберт расказваў што-кольвечы пра лагеры: смерць, забойствы, насілле і страх мільёнаў людзей — Глум бачыў усё гэта, таму ён і здаецца старэй сваіх гадоў. Марцін заўсёды думаў, што Глум старэйшы за бабулю, а на самай справе ён на пятнаццаць гадоў маладзейшы за яе.
Глум вельмі дзіўна гаварыў. Быццам цяжкія глыбы, выпіхваў ён словы з рота, а рот разяваў так шырока, што бачнымі былі голыя ружовыя дзясны, цёмна-чырвонае нёба і язык, якім ён вырабляў нейкія незвычайныя выкрунтасы: здавалася, што Глум вось-вось выпхне з рота нешта круглае і цяжкае, але з рота з’яўлялася проста слова: «Маці». Наступнае слова яшчэ больш круглае, большае, цяжэйшае зусім як маленькі гарбузік, яно спела яшчэ павольней, абкатвалася яшчэ цярплівей, але з рота зноў выходзіла проста словам — «Божая». Гэтае слова вырастала да страшэнных памераў у роце Глума, яно ўжо хутчэй нагадвала паветраны шар, а не маленькі гарбуз. Вочы Глума бліскалі, вузкі нос уздрыгваў, але з рота выкочваўся не паветраны шар і нават не гарбуз, а так нешта накшталт буйнога яблыка — «здорава». «Здорава» было любімым словам Глума, асабліва кругла і пяшчотна атрымліваўся ў яго сярэдні склад — «ра». Глум быў набожным і вельмі добрым, але слухаць яго расказы было цяжка: надта вялікія прамежкі аддзялялі адно слова ад другога, — пакуль ён вымавіць другое слова, паспяваеш забыць першае і губляеш сувязь паміж імі. Глум расказваў павольна, незвычайна ўрачыста і з вялікім цярпеннем. «Цярпенне» — таксама было адным з яго любімых слоў,— з найвялікшым цярпеннем расказваў Глум. I калі ўважліва слухаць яго, можна даведацца пра найцікавейшыя гісторыі.
Читать дальше